Выбрать главу

Яна не стала чакаць урачыстага ўезду вялікага князя ў свой стольны горад. Так, Войшалкавым пачуваў сябе Новагародак, Войшалк быў яго родавым, уроджаным князем, які жалезнай рукой штурхаў у княства Дзяволтву і Дайнову, Жамойць і Аўкштоты, працягваючы справу Міндоўга.

— Мы едзем да свяцілішча, — рашуча сказала яна Святазару.

Ён згадзіўся адразу. Толькі запытаўся ціха:

— Мы не адужаем зноў падняць свяцілішча.

— Але школку мы зможам там весці. А яшчэ — запісваць усё, што ведаем, каб не прапала мудрасць вякоў разам з нашымі кволымі жыццямі.

Святазар зірнуў на яе з удзячнасцю. Ён усё болей слухаўся Жывену, нібы, перадаўшы дзяўчыне многае з таго, што ведаў сам, як бы пераліўся ў яе. Цяпер жа, калі яна цудам засталася жывая, баяўся разлучацца са сваёй вучаніцай хаця б на дзень. Гэта напаўняла яе ўдзячнасцю, але і трывогай — падазравала, што стары жрэц баіцца заставацца ў гэтым амаль не пазнавальным і нязвыклым для яго свеце адзін.

Свет вакол сапраўды мяняўся. Людзі адвыклі ад іх і ўжо глядзелі не адкрыта і радасна, а са стоеным страхам — баяліся княжай улады, якая паўсюдна змагалася з язычнікамі. Аднак пасылалі дзетак вучыцца грамаце да Святазара і Жывены, якія пасяліліся ў аднаго з гаспадароў, у той час як на месцы былой святліцы Галоўнага Жраца ўзводзіліся новыя палаты.

Позняй восенню, калі па сценах убогіх хатак хвасталі ледзяныя дажджы, перасяліліся нарэшце стары жрэц і ягоная вучаніца ў палаты. А з імі — трое дзяцей з селішча, якія засталіся без бацькоў, а таксама дзве адзінокія жанчыны. Разам сустрэлі і зіму.

Яна была завейнаю, і над былой Менцяззю днямі скуголілі вятры і па начах вылі ваўкі.

Пацягнуліся дні, поўныя клопатаў.

Дзяцей вучылі грамаце абое — і Жывена, і Святазар. І за тое мясцовыя жыхары прыносілі ім хлеб і гародніну. А яшчэ — паступова, патроху, звярталіся да іх па парады і па дапамогу.

— Як думаеш — ці зможам мы аднавіць свяцілішча? — настойліва дапытваўся ў яе стары жрэц.

Жывена адмоўчвалася. Яна нястомна запаўняла старонку за старонкай, апісваючы спосабы лячэння. Пісала не на санскрыце — свяшчэннай мове жрацоў, а на мове стараславянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія. Баялася, што не паспеюць яны перадаць свае веды дзецям, не паспеюць навучыць іх усяму, што трэба для служак Ашвінаў. Галоўнае — каб дзеці навучыліся адрозніваць пасылы светлых ці цёмных сілаў, каб дапамагалі яны пераадольваць у сабе і ў навакольным зло і хцівасць. Для гэтага кожную раніцу яны ўставалі зацемна. Калі надта віхурыла і завіруха галасіла і білася аб сцены, заставаліся ў хаце і, павярнуўшыся тварам на ўсход, разам славілі Зару-Зараніцу, ні знаку якой не было відно ў цёмным шалёным мроіве начы. Але яны ведалі, што яна спяшаецца сюды, на зямлю, вось толькі сіл цяпер, у сцюдзёны час, у яе замала, і трэба дапамагчы святлу прабіцца да людзей. Голас Святазара быў заслабы, а дзеці толькі вучыліся спяваць, і тады голас Жывены як накрываў сабой іхнія гукі, і ёй здавалася, што яна адна толькі і засталася ў гэтым паўночным краі, каб клікаць цяпло. Тады ўставала ў вачах Візантыя, і яна, забываючыся на ўсё, пачынала новы гімн Зары, а дзеці, не ведаючы яго, адно разгублена глядзелі на яе, і стары Святазар тузаў за крысо калматага авечага карзна.

Пад самую вясну, калі пад пульхным снегам зазвінелі ручаі і ад ранішніх дажджоў пацямнелі новыя сцены, Жадан прывёз у свяцілішча сваю сястру.

— Я хачу, каб Уна вучылася тут.

Дзяўчынка з захапленнем глядзела на Жывену сваімі шэрымі, чыстымі вачыма.

— Яна хоча быць падобнай да цябе, — патлумачыў Жадан.

Трымаўся ён спакойна, годна, але гарэў на шчоках яго больш яркі, як звычайна, румянак.

— Уна — гэта на старадаўняй мове значыць «юная», — разглядаючы дзяўчынку, задумаўся Святазар. — Яно сведчыць пра высокі лёс, які яе чакае.

— Хіба імя можа прадракаць лёс? — здзівіўся Жадан. — Бацькі ж даюць яго, як ім захочацца!

— Гэта не яны выбіраюць, а Лёс. Таму па імю таксама можна адгадваць наканаванасць, — растлумачыў стары жрэц. — А яшчэ — па знаках на руках і нагах…

— Няўжо вы і гэта можаце спазнаць?!

Ён глядзеў з захапленнем. Дастаў падарунак — тонка вырабленыя цялячыя скуркі, прыдатныя для пісьма. Гэта быў сапраўды дарагі і жаданы падарунак, бо запас пергаментаў, купленых у Новагародку, ужо заканчваўся.

— Хацеў бы я застацца тут, з вамі, - нехаця развітваючыся, прагаварыў Жадан.