Выбрать главу

Месяц, што наліўся сакавітай жаўцізной амаль да поўні, вісеў над раўнінай, дзе некалі была Менцязь і дзе нават узімку булькаталі таліцы і дыміліся вакол іх калюжыны.

Цяпер над гэтай клачкаватай, няроўнай прасторай вісеў туман. Але не цяжкі, белы, як дым над лешняй, што хавае пад сабой усё навокал. Жывена нават затрымала дыханне — ніколі не бачыла яна гэткага лёгкага, наскрозь пранізанага месяцавым святлом і ад таго нейкага святочна-іскрыстага покрыва, што не ахутвала зямлю, а нібы пералівалася, зіхцела, дражнілася безліччу светлых іскрынак. Праз яго бачыліся яліны, што нерухомымі волатамі стаялі на тым, былым беразе возера, купіны, што там-сям вытыркаліся з зямлі, і калі яна павярнулася, каб паглядзець на руіны свяцілішча, яно, удзень перакрыўленае і знявечанае, цяпер велічна цямнела на фоне лесу. Жывене нават здалося на імгненне, што не было ні разбурэння, ні пажару, а яе ніколі не выхоплівала адсюль і не шпурляла па далёкіх, чужых дарогах. Што зараз Юрна абкрые плечы цёплым і мяккім лісіным карзном, павядзе ў святліцу, угаворваючы паспаць.

Няма, няма ні Юрны, ні Відэвута з Брутэнам, ні Савы… На ейных плячах цяпер усё тут — і гэтае разбуранае свяцілішча, і стары Святазар, і маладыя, зусім яшчэ цёмныя дзяўчаткі, і зямяне, якія пілуюць дубы для новага храма, але патрабуюць за гэта, каб яна выпрасіла для іх у багоў шчасця і багацця…

Дзіўна, але лёгкі гэты туман не хаваў і неба — яно раскінулася ва ўсёй сваёй магутнай неабдымнасці, буйныя і дробныя зоркі таксама нібы вібрыравалі, перадаючы ёй сваё трымценне-чаканне, і Шлях, нібы ручнік, быў перакінуты цераз плячо Начы-свацці.

Амаль нячутна, з нейкім мышыным піскам, расчыніліся дзверы, Святазар, босы, стаў каля яе. І ў тое ж імгненне пачулася выразнае цоканне конскіх падковаў па мяккай лясной дарозе. Конь не спяшаўся. Вось ён зусім спыніўся, і насцярожаны слых жрацоў улавіў, як коннік саскочыў на дарогу, а пасля пакрочыў побач з канём.

— Гэта да цябе, — зусім спакойна прашаптаў Святазар, і, калі яна, зразумеўшы патаемны сэнс ягоных слоў, ухапілася за руку старога свайго настаўніка, ён мякка, спакойна выслабаніў руку.

— Прыслухайся да свайго сэрца. У кожнага часу свой голас, умей жа выслухаць яго…

Ён нячутна адступіў. Піскнулі дзверы, яна засталася на ганку адна, а праз сярэбраны вэлюм ночы ўсё бліжэй і бліжэй чуліся крокі. Яна так выразна, нібы ўжо ўбачыла яго, ведала, што гэта едзе сюды Жадан. І ўсё гэта разам — зіхоткі, жывы месяц, грозная, чорная вышыня неба з яго светлякамі-зоркамі, уся гэтая сярэбраная даліна з разбураным свяцілішчам, нястрымны агонь, што разліваўся па жылах, — сабралася ў адно і напоўніла ніколі яшчэ не перажываным, невымерным захапленнем і шчасцем.

І яна адчула, што ўсё тое, што перажыта і, магчыма, яшчэ прыйдзе ў яе жыццё, ужо акупленае гэтай хвілінай.