Выбрать главу

Стоячы на адкрытай пляцоўцы каменнай вежы, дзе кожную раніцу спяваюцца гімны-малітвы Сонцу, Багіні ранішняй зары і Ашвінам, стары маг-звяздар глядзеў, як паволі цягнецца да храма тонкі ланцужок жрацоў. Суровы, пакрыты страшнымі шнарамі твар яго, каб хто мог бачыць, ледзь памякчэў, калі на вочы яму трапілася Жывена, што ішла, нібы ляцела над шурпатай пясчанай сцяжынкай, мабыць, ужо аброшанай вільгаццю. Самая здольная вучаніца Вакулы, яна, здаеца, яшчэ нядаўна тупала па гэтых жа сцежках маленькім двухгадовым камячком ружовай плоці, і яму заўсёды здавалася ў хвіліны, калі звяздар адрываўся ад неба і рабіўся звычайным слабым чалавекам, што такою была б ягоная дачка.

Тонкім смалістым пахам, пахам сонца і жывіцы, пацягнула ў святліцу — яшчэ нядаўна каля яе праносілі паленцы, што ўжо складзеныя ў храме на высокім алтары ў тры акуратныя стосікі і палітыя тлушчам. Вакула заплюшчыў вочы і ўбачыў да драбніц знаёмую карціну: нямоглы, як напоены празрыстай старэчай жаўцізной вярхоўны жрэц Святазар уздымаецца ўверх па прыступках алтара, кожная з якіх адпавядае пэўнаму месяцу і вершаванаму памеру патрэбнага гімна, да першага кола цаглін, якімі абкладзенае месца вогнішчаў і дзе ўмацаваны паміж зажымамі кавалак сухога дрэва са свярдзёлкам. Але спачатку ён будзе маліцца — ціха, нячутна, пасля гучней стане дапамагаць яму бубен і спевы жрацоў. Затым Святазар стане круціць свярдзёлак, а людзі навокал будуць сачыць за кожным ягоным рухам. А пасля… пасля з-пад кашчавых ягоных рук вырвецца маленькі, трапяткі, нібы матылёк, агеньчык, і радасна-гучна адгукнецца на тое люд. А Святазар беражліва пасадзіць чырвонага матыля на першае вогнішча, пасля на другое, трэцяе, і вось ужо шугае вогнішча, трашчаць смалякі і бярвенцы са свяшчэннага гаю, дзе не ступае нага простага чалавека, і на вогнішчы, а таксама па баках алтара, праступяць таямнічыя знакі, у якіх разбярэцца, бадай што, сёння толькі Святазар ды ён, маг-звяздар Вакула… Гэта розныя фазы Месяца і Сонца, знакі былых і будучых зацьменняў, пагражальныя шляхі свяцілаў. Але людзям, якія абступілі алтар, не да таго: яны радасна крычаць і ўздымаюць рукі, а жрацы працягваюць спяваць гімны Агню-Агні, у якога тры іпастасі — сонца, маланкі і ахвярнага вогнішча.

Вытанчаным слыхам мага Вакула пачуў у хоры чысты, светлы голас маладой дзяўчыны, адчуў хваёвы пах. І карціна перад унутраным яго зрокам змянілася: убачыліся магутныя, напоеныя густой смалою сосны. Яны гудзелі ад ветру, зялёныя мітуслівыя цені клаліся на цёплую сухую зямлю, дзе ляжаў ён з першай і апошняю сваёю жанчынай. Як жа клікалі яе? Сярмяжкай? Так, Сярмяжкай. Яна прыходзіла на запаветнае месца ў сухой лагчыне патаемна і заўсёды атрымлівала ад яго падарункі… Да знямення, да звону ў вушах лашчыў ён тады на аксамітавай посцілцы імхоў зваблівае жаночае цела, адчуваючы, што яго нібыта нясе ў жывую гарачую бездань, дзе — пагібель, нішто. Жаданне знікнуць хавалася там, у самых глыбінях асалоды, і Вакула, калі пастарэў, зразумеў, што каханне і смерць сапраўды ходзяць побач. Мужчына, пакідаючы семя ў лоне жанчыны, вычэрпвае сябе. Не, яшчэ застаецца абавязак абараніць новы парастак ад згубы. Ён, Вакула, свайго мужчынскага абавязку не выканаў: калі яе родзічы даведаліся, што будзе дзіця, ёй забаранілі хадзіць у сухую лагчыну, бо новаму чалавеку племені патрэбны былі спакой і абарона, а ён, жрэц, не мог гэтага ёй даць. Племя лотва, з якога была Сярмяжка, вымірала, а таму, калі ён, увесь як мярцвяк, тулячыся, выцікаваў яе ў лесе, яна спакойна распавяла, што жрэц прынёс шчасце, і да яе пасватаўся лепшы паляўнічы, бо яна — не ялаўка, дзіця аказалася моцным і вялікім, так што няхай цяпер ён спакойна служыць свайму богу.

Вакула каля года блукаў, тулячыся, па лясах, час ад часу цікуючы за сваім сынам і ёю, а пасля прыціх, паспакайнеў і аднойчы, лежачы пад загадкавым зорным небам, адчуў, што туга адпусціла яго, а ўзамен прыйшоў вялікі спакой і жаданне як мага меней думаць аб зямным.

…Тая дзяўчына была моцная, спакойная і, помніцца, рудая. Дык вось чаму ён успомніў яе! Падумаў пра Жывену — у яе таксама адметныя і нязвыклыя для тутэйшых валасы. Не рудыя, не, і не жоўтыя. Хутчэй, яны як залацістая салома, якая пахне ветрам і дажджом. Жрэц уздыхнуў, пайшоў да паліцы, дзе стаяў вялікі сярэбраны кубак з выявай багіні плоднасці, і наліў сабе салодкага кіпрскага віна, чакаючы, пакуль сонечнае цяпло не пабяжыць па жылах. Жанчына на кубку была мажная, шырокая, і жрэц, доўга гледзячы на яе, пагразіў пальцам. Вабіш аддаць табе сваё семя, а пасля выганяеш? Хрыпла засмяяўся і закашляўся. Зорка Зверыніца вісела проста перад акном, холадам цягнула ад яе, а хацелася, каб нейкае добрае дзіця, такое, як гэтая дзяўчына, пагладзіла касматую, ссівелую ягоную галаву, і пад мерныя гукі гімнаў Вакула ўсё цягнуў віно, радуючыся, што і зоркі сёння занятыя разам са жрацамі набажэнствам; можна патраціць хвіліну на сябе.