Выбрать главу

— Я табе не брат, — агрызнуўся Істр; Відэвут ласкава пагладзіў яго па плячы, і той замоўк, затаіўся, у позірку, скіраваным на Жывену, прамільгнула нешта цёмнае, змрочнае, але яна таксама ўсміхнулася маладому жрацу. Ён жа зямны цень аднаго са светлых Ашвінаў! Так, Відэвут не брат-блізня Істра, больш таго, нават не ягоны равеснік. Але абодва яны, як таго патрабуе звычай, нарадзіліся блізнятамі. Вось толькі Істраў брат памёр, а Відэвутаў загінуў, калі немцы палілі прусаў. Святазар не раз казаў, як цяжка цяпер знайсці для храма Ашвінаў братоў-блізнят: нованароджаных найчасцей хрысцяць, таму што ўсё болей хрысціянскім робіцца недалёкі Новагародак. Іншым свяцілішчам лягчэй, яны туляцца ў непраходных лясах, а тут, ля Менцязі, усё болей радзеюць лясы, і аднойчы з цяжкасцю ўгаварыў стары жрэц вялікага князя Міндоўга пакараць двух святататнікаў, што насмеліліся купацца ў свяшчэнным возеры, дзе могуць плаваць толькі жрацы.

Успамінаючы той дзень, Жывена лёгка тупала ўсьмовымі* вышытымі пантофлікамі па вільготнай дарожцы, што зычліва рыпела і крэхкала, як старая бабуля, якую размінаюць пальцы жрацоў. Але, выходзячы да Менцязі, дзе месціліся драўляныя святліцы жрацоў, яна адступіла назад: чорныя крылы кажана нібы прарэзалі паветра, у тонкім свісце гэтай вястункі няшчасця была пагроза. Некалькі разоў за сваё кароткае жыццё дзяўчына выразна чула гэткі свіст, хаця звычайным людзям не дадзеная такая здольнасць — і заўсёды нешта здаралася, нібы з глыбіняў Хаасу нехта пускаў у чалавека чорную стралу. Але на гэты раз стралу пусцілі ў яе, і таму юная жрыца прыспешыла крокі, а рукі скрыжавала на грудзях, дзе вісеў медальён з Ашвінамі, і ціха зашаптала:

О Ашвіны, прывязіце да нас сваю сілу,

Акрапіце мядовым кнутом, падмацуйце,

Павялічце жыццё, а цялесныя раны сатрыце,

І адрыньце чужую варожасць, сябрамі надзейнымі стаўшы!

* Скуранымі.

Нязвыкла сцішаная, паднімалася яна ў сваю святліцу, і прыслужніца Юрна, якая падрыхтавала да ранішняга абраду адзенне і амулеты, спахмурнела.

— Ці не Агонь што нядобрае напрарочыў? — спыталася яна, у той час як лоўкія рукі яе імгненна сцягнулі з дзяўчыны белую сукню і кашулю. Кінуўшы на шырокую лаву калматую мядзведжую шкуру, яна дастала шкляны сподак з пахкім бабровым струменем, халцэдонавы флакон з маслам чабору, сакрэт вырабу якога быў вядомы толькі тут, у Храмавым горадзе. Жывена лягла на шкуру, што пахла яшчэ бярлогай і хвояй; Юрна, калываючы вялікімі грудзямі і пругкімі сцёгнамі, пачала расціраць мяккае атласнае цела жрыцы, гнуткае, як ліяна. Але словы ліліся з вуснаў прыслужніцы, як ліецца вада з бяздоннага жарала крыніцы:

— Кажаш, Агонь паказаў, што гэты год будзе ўдалым. Тады што цябе азмрочыла? Не таіся, кажы. Ці воран каркнуў не ў час, ці свяшчэнныя вужы вузламі паскручваліся? Ці сычы і совы завухкалі?

І яна лёгенька патрэсла Жывену, нібы гляк з зернем, каб вытрасці адтуль словы-зернеткі. Юрна дамаглася свайго: дзяўчына расказала пра тое, што адбылося.

— А яшчэ, скажу табе, проста ўвесь вечар нешта гняце. А я ж павінна радавацца, тым болей — захаваць сваю сілу да раніцы!

Рукі прыслужніцы заварушыліся хутчэй, нібы яна хацела перадаць паненцы сваю моц.

— Не-не! — запратэставала Жывена. — І не думай! Твая сіла інакшая, ёю не лечаць. Суцяшаюць, дапамагаюць, прадметы ў хаце пераварочваюць, але…

Юрна паслухалася, зменшыла намаганні. Уздыхнула:

— Усё ты разумееш. Але не смейся з мяне, залацінка мая. Я ж не пра сябе клапачуся. Тваю сілу сапраўды берагчы трэба, а ты ж, нябось, сёння ізноў старому Святазару дапамагала? Хай ратуе яго Радзігаст*, але баюся я, што Істр перасіліць яго і цябе заняволіць. А тады і Відэвута з храма выжыве.

* Вярхоўны бог балтыйскіх славян.

— Ашвіны не могуць быць злоснымі і карыслівымі, не кажы мне нічога благога пра Істра. Да таго ж ёсць у нас Вакула, ёсць Сава… Калі пойдзе Святазар у Ірый*, камусьці з іх вярхоўная ўлада дастанецца.

* Тут у значэнні памрэ.

— Хаця і гавораць табе багі свае таямніцы, але занадта ты мала зямныя справы ведаеш, залацінка мая! І Сава такая ж: не заўважае, што апранае. Каб не служкі, хадзіла б у рыззі! А Вакула… Той з неба вачэй не спускае. А тут моцная рука патрэбная, каб цуглі моцна трымала! Пусцеюць нашы клеці, усё меней багатых ахвяраванняў. Трэба, каб жрэц да князёў часцей запрашэнні дасылаў, коней нашых паказваў. Сама ведаеш, якія ў нас коні — як нідзе!

— Хопіць, ты ад абурэння пратрэш ува мне дзіркі, - строга сказала Жывена, скідваючы з сябе рукі прыслужніцы. — Я не хачу думаць пра ўсё гэта. Мне б хворым дапамагчы, а колькі злых духаў асядае на чалавеку, ты і не ведаеш. І веды мае, і чысціня, і спакой — меч для іх, дзіда вострая. А ты мне тут байкі апавядаеш!