Выбрать главу

Як вецер неаслабны, як рачная плынь,

Прылятайце да нас, о Ашвіны!

Знікла ў ружовым святле будучага дня Зверыніца, і адразу ўдарыла меднае біла, знак для вернікаў, што хутка пачынаецца абрад.

Яр, які ўжо чакаў жрацоў на вежы, падняўся на прыступку з сярэбраным падносам, на якім стаялі драўляныя чашы. У кожнай плёскалася свяшчэннае пітво, выціснутае яшчэ пазаўчора і ўжо збрадзелае, прызначанае менавіта для гэтай гадзіны. Гэтае пітво не п'юць простыя людзі, ды і жрацам дазваляецца рабіць гэта толькі некалькі разоў у год, бо варта зрабіць колькі лішніх глыткоў і тым наблізіцца да багоў на смяротную для чалавечых істот адлегласць — і нішто не верне неасцярожнага назад, у гэты свет*.

* Ёсць гіпотэза Р.Г.Уасона аб тым, што сома — гэта сок мухамора (Amanita muskaria).

Істр заспяваў адпаведны ўрачыстай хвіліне гімн; усе адпілі па колькі глыткоў, пасля сцішыліся, уздымаючы рукі насустрач сонцу.

Імкліва разгараўся ўсход, але вакол маленькага храма было яшчэ цёмна. Велічэзныя дубы, што затулялі яго, здавалася, хочуць схаваць яго ад знявечаных хваробамі і нягодамі людзей, што паспешліва падыходзілі да гладка абчасаных велічэзных гранітных валуноў, з якіх быў складзены некалі высокі, а цяпер глыбока ўрослы ў зямлю чатырохкутнік з плоскім дахам. Якія велеты-волаты ставілі адзін на адзін гэтыя ружова-шэрыя кубы, якіх не вытрымлівала на сваёй паверхні зямля, нібыта стараючыся вярнуць у свае нетры каменне, некалі гвалтоўна вырванае ў яе? Адкуль быў прывезены чорны паліраваны камень-квадрат, што стаяў на даху і быў таксама звернуты на ўсход, хто прарэзаў у ім тонкую, нібы валасок, адтуліну? Менавіта перад ім узнікла цяпер тоненькая постаць маладой жрыцы Жывены, нібы ўзнесеная на дах нейкай даўняй, таямнічай сілай, якою дыхаў увесь будынак свяцілішча. Яна стаяла спіной да вернікаў, і яны застылі як прыкутыя да сваіх месцаў.

І тады нібыта і сапраўды вялікая Багіня-Маці на імгненне адшмаргнула заслону, што аддзяляе багоў ад людзей, і жрацы, як аслепленыя, заплюшчылі вочы. І перад кожным праплыло тое, пра што ён думаў ці хацеў спазнаць. Святазару адкрылася: ён пражыве васемнаццаць гадоў, што аддзяляюць яго ад узросту дасканаласці; Жывене — той кавалак лугу, дзе расце трава, што вылечыць хворую дзяўчынку з селішча. Брутэн жа пакутліва сагнуўся, нібыта яго ўдарылі пад дых, і тут жа спалохана выпрастаўся. Пабляднеў, але рашуча закусіў вусны Істр, а Вакула ўздыхнуў з палёгкай…

Другі раз загучала біла. Тады жрацы сталі спускацца з вежы, толькі бубен працягваў рытмічна вывяргаць са свайго чэрава гукі, нібыта выкідаць круглыя гулкія мячы. Жывена ж усё стаяла тварам да ўсходу, працягнуўшы рукі да чорнага рассечанага прамавугольніка. І раптам першы, тонкі, як лязо, праменьчык дакрануўся да круглага медальёна, што быў умацаваны на металічным абручыку вакол галавы жрыцы, і тады разляцеліся ва ўсе бакі зіхоткія і ясныя, як маленькія маланкі, зігзагі святла, высветліўшы яшчэ цьмяную ў густым ценю постаць жрыцы.

Залатая парчовая сукня яе і доўгія валасы — усё нібыта ўспыхнула разам з медальёнам, — адкінуўшы ў глыбіню дрэваў яшчэ схаваную там цемру, і прысутныя закрычалі вітанні так голасна і ўзнёсла, нібыта і сапраўды сама багіня ранішняй зары з'явілася перад імі ўвачавідкі.

Калісьці, як запісана ў храмавым летапісе, яе клікалі Сур'яй, дачкой бога сонца. Але паступова імя перамянялася на Аўшру, пра якую ўжо тут складалі казкі — і пра тое, як закахаўся ў ранішнюю зорку-зараніцу ясны месяц, і пра тое, як, раззлаваўшыся на здраду, рассякло сонца ягоныя грудзі надвое. Але апошнія стагоддзі ўсё часцей мясцовыя славяне клікалі багіню Ляляй, і дзяўчаты прасілі ў яе прыгажосці і вабнасці. Вось і зараз сярод вітальных клічаў гучалі розныя імёны багіні, але ўсе аднолькава радаваліся прыгажосці, гэтаму нябеснаму дару, і ўсе, хто тут сабраўся, праглі, каб багіня дапамагла, упрасіла прыляцець Ашвінаў, бо толькі адна яна жыве паміж імі — сынам ночы і сынам світання.

У храме, пакуль яшчэ закрытым, пяшчотна пачала весці сваю прыхаматлівую мелодыю жалейка, яна пацякла, нібы струмень крыніцы, што прабіўся на паверхню, і жрыца, што стаяла наверсе, пачала спускацца ўніз, у храм, дзеля чаго адсунулася адна з плітаў, адкрываючы металічную лесвічку. Нібы падпарадкоўваючыся жалейцы, натоўп пачаў ціха, пасля ўсё гучней мармытаць свае просьбы: