Выбрать главу

Траба ўздрыгнуў нібы ад болю, насупіўся, выбраў на лісце бляхі найменш падгарэлы хлеб, старанна загарнуў яго, каб схаваць ад занадта цікаўных вачэй, і нязграбна падаў палкоўніку.

— Божа збаў, гэты Жуль знайшоў мне аднаго пакупніка, але сто іншых я праз яго страчу.

— Ён вас засмучае? — пацікавіўся Піне.

— З ім адны пакуты. Ні на хвіліну не зводзь з яго вока. Толькі павярнуўся спіной, вось так, — Траба паказаў менавіта як, — і на табе! Ён ужо забыўся пра сваю работу і лунае дзесьці сярод зорак, нібы той паветраны шарык, што адарваўся ад ніткі.

— Сярод зорак, кажаце?

— Ну але, пане палкоўнік. Мой Жуль — заваёўнік космасу і прыкаваны да Зямлі толькі нешчаслівым збегам абставін. І з такога вось цеста я павінен зрабіць пекара.

— Якія ж гэта абставіны?

— Маці яму сказала: «У пякарні Траба патрэбен чаляднік. Лепшага выпадку ў цябе не будзе. Кідай школу, станеш пекарам». І ён прыйшоў да мяне. Разумееце, хлопец ён паслухмяны, ды рэдка калі не лунае ў воблаках.

— Ох, ужо гэтыя маці… — сказаў Піне. Ён працёр свой манокль і зноў уставіў яго ў вока. — Мая матуля хацела, каб я стаў сабачым цырульнікам. Яна казала, што гэта вельмі высакародны занятак і да таго ж даходны. У яе свецкіх сябровак з пудзелямі ды балонкамі я, вядома, буду нарасхват. — Яго доўгія гнуткія пальцы быццам стрыглі і завівалі сабачую поўсць, а на твары з'явілася агіда. — І я спытаў сам у сябе: хто ж я такі, што ж я такое, калі згаджуся рабіць педыкюр сабакам? Завербаваўся ў Касмічны корпус, і мяне паслалі служыць на Марс. Калі мая матуля даведалася пра гэта, яе ледзь не разбіў паралюш.

— Дзіва што, — паспачуваў Траба.

— А сёння яна ганарыцца, што яе сын афіцэр і на пагонах у яго чатыры каметы. Маці ўсе такія. Ніякага і следу логікі.

— Бадай што, гэта нават і лепей, — заўважыў Траба. — Бо інакш некаторыя з нас ніколі б і на свет не нарадзіліся.

— Пакажыце мне гэтага зорнага летуценніка, — загадаў Піне.

— Жуль! — гукнуў Траба, павярнуўся да пякарні і прыставіў далоні рупарам да рота: — Жуль, хадзі сюды!

Ніякага адказу.

— Бачыце? — Траба бездапаможна развёў рукамі. — Проста не ведаю, што і рабіць. — Ён пайшоў у пякарню, і адтуль даляцеў яго гучны, нецярплівы голас — Я цябе клікаў. Чаму ты не абзываешся? Пан палкоўнік хоча цябе зараз жа бачыць. Прыгладзь валасы ды паспяшайся.

З'явіўся Жуль, ішоў ён нехаця, нага за нагу, валасы і рукі ў муцэ. Ясныя шэрыя вочы яго глядзелі прама і шчыра і не апусціліся пад выпрабавальным позіркам палкоўніка.

— Значыцца, ты сумуеш па зорках, — сказаў Піне, з цікавасцю разглядаючы юнака. — Чаму б гэта?

— Чаму чалавеку чаго-небудзь хочацца? — адказаў Жуль і няўцямна паціснуў плячамі. — Мабыць, так я ўжо створаны.

— Цудоўны адказ, — ухваліў Піне. — Так ужо чалавек створаны. Тысячы людзей кожную гадзіну давяраюць сваё жыццё аднаму-адзінаму пілоту. І нічога кепскага з імі не здараецца. А чаму? Ды таму, што так ужо ён створаны — пілотам. — Палкоўнік павольна агледзеў Жуля з ног да галавы. — І ўсё-такі ты пячэш хлеб.

— Павінен жа нехта і хлеб пячы, — умяшаўся Траба. — Не ўсім жа лятаць да зорак.

— Маўчаць! — загадаў Піне. — Вы ўступаеце ў змову з жанчынай, каб забіць жывую душу, — значыцца, вы забойца. Зрэшты, гэтага трэба было чакаць. Вы ж ураджэнец берагоў Роны, а там забойцаў процьма.

— Пане палкоўнік, я зняважаны…

— Хочаш ты і надалей служыць гэтаму забойцу? — спытаў палкоўнік у Жуля.

— Мсье Траба быў гэтакі добры да мяне. Вы мне даруйце…

— А як жа яму не быць добрым, — перабіў Піне. — Ён хітрун. Усе Траба заўсёды былі хітрыя. — Ён весела падміргнуў пекару, Жуль гэта прыкмеціў, і ў яго адразу зрабілася лягчэй на душы. — Але ад усіх навабранцаў абавязкова патрабуецца адно, — гаварыў далей палкоўнік ужо больш сур'ёзным тонам. — Паспрабуй здагадацца, што менавіта.

— Кемлівасць, пане палкоўнік? — рызыкнуў Жуль.

— Так, безумоўна, але адной кемлівасці мала. Патрабуецца, каб навабранец усёй сваёй істотай ірваўся ў космас.

— Дык гэтак жа і ва ўсім, — зноў умяшаўся Траба. — Калі любіш сваю работу, працуеш як мага старанней і чым найлепш. От узяць хоць бы мяне: калі б мне было ўсё адно, што хлеб, што не хлеб, я, мусіць, жаваў бы цяпер тытунь у электрычнай пякарні і рук бы ніколі не мыў.

— Кожны год у Касмічны каледж паступаюць дзесяць тысяч юнакоў, — сказаў Піне Жулю. — І болей за восем тысяч яго не заканчваюць. Ім не хапае пораху вытрымаць чатыры гады ўпартай працы і засяродзіць усе свае думкі і ўсе сілы душы на адным. Так што шмат хто кідае на паўдарозе. Сорам і ганьба! Ты згодзен?