Выбрать главу

Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр хацеў быў сказаць «не», але завагаўся. Ён успомніў, што гэта ўсё-такі Апошняя Бітва і што працаўнікі на ніве рэлігій сапраўды маюць да гэтага бою нейкія адносіны. І ён вырашыў выкраіць святару пяць хвілін.

— Папрасіце яго зайсці, — сказаў ён.

Святар быў апрануты ў звычайныя пінжак і нагавіцы, якія сведчылі, што ён з'явіўся сюды не прадстаўніком нейкай канкрэтнай рэлігіі. Яго стомлены твар дыхаў рашучасцю.

— Генерал, — сказаў ён, — я прыйшоў да вас як прадстаўнік усіх працаўнікоў на сусветнай ніве рэлігіі — патэраў, равінаў, мул, пастараў і ўсіх іншых. Мы просім вашага дазволу, генерал, прыняць удзел у Бітве Божай.

Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр нервова забарабаніў пальцамі па сцяне. Ён лічыў бы за лепшае захаваць добрыя адносіны з гэтай браціяй. Што ні кажы, а нават яму, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, не пашкодзіць, калі ў патрэбны момант за яго замовяць добрае слова…

— Зразумейце маё становішча, — тужліва прамовіў Фетэрэр. — Я — генерал, мне трэба будзе кіраваць бітвай…

— Ды гэта ж Апошняя Бітва, — сказаў святар. — У ёй трэба ўдзельнічаць людзям.

— Але ж яны ў ёй і ўдзельнічаюць, — адказаў Фетэрэр. — Праз сваіх прадстаўнікоў, вайскоўцаў.

Святар паглядзеў на яго. Фетэрэр гаварыў далей:

— Вы ж не хочаце, каб гэтая бітва была прайграна, хіба не так? Каб перамог Сатана?

— Зразумела, не, — прамармытаў святар.

— У такім разе мы не маем права рызыкаваць, — заявіў Фетэрэр. — Усе ўрады згадзіліся з гэтым, праўда? Так, вядома, было б вельмі прыемна ўвесці ў Армагедон масіраваныя сілы чалавецтва. Даволі сімвалічна. Але ці маглі б мы ў гэтым выпадку быць упэўнены ў перамозе?

Святар паспрабаваў штосьці запярэчыць, але Фетэрэр паспешліва загаварыў зноў:

— Нам жа невядома сіла сатанінскіх полчышчаў. Мы павінны кінуць у бой усё лепшае, што ў нас ёсць. А гэта азначае — аўтаматычныя арміі, робаты-перахопнікі, робаты-танкі, вадародныя бомбы.

Святар меў вельмі разгублены выгляд.

— Але ў гэтым ёсць штосьці амаральнае, — сказаў ён. — Няўжо вы не маглі б уключыць у свае планы людзей?

Фетэрэр абдумаў гэтую просьбу, але выканаць яе было немагчыма. Дэталёва распрацаваны план бою быў дасканалы і забяспечваў верную перамогу. І калі ўвесці ў бітву кволы чалавечы матэрыял, гэта магло б толькі ўсё сапсаваць. Ніякая жывая плоць не вытрымала б грукату гэтай атакі механізмаў, высокіх энергій, што пранізваюць паветра, усёпаглынаючай сілы агню. Любы чалавек загінуў бы яшчэ за сто міль ад поля бою, так і не ўбачыўшы ворага.

— Баюся, гэта немагчыма, — сказаў Фетэрэр.

— Шмат хто, — сурова прамовіў святар, — лічыць, што было памылкай даручыць Апошнюю Бітву вайскоўцам.

— Прабачце, — бадзёра запярэчыў Фетэрэр, — гэта паражэнчая балбатня. З вашага дазволу… — Ён паказаў на дзверы, і святар засмучана выйшаў.

— Ох, ужо гэтыя цывільныя, — уздыхнуў Фетэрэр. — Такім чынам, панове, вашы войскі гатовы?

— Мы гатовы біцца за Яго, — горача прамовіў генерал Мак-Фі. — Я магу паручыцца за кожнага аўтаматычнага жаўнера пад маім началам. Іх метал зіхаціць, іхнія рэле абноўлены, акумулятары поўнасцю зараджаны. Сэр, яны літаральна рвуцца ў бой.

Генерал Онгін выйшаў з задумення.

— Наземныя войскі гатовы, сэр.

— Паветраныя сілы гатовы, — сказаў генерал Дэл.

— Цудоўна, — падвёў вынікі генерал Фетэрэр. — Астатнія падрыхтаванні закончаны. Тэлевізійная перадача для насельніцтва ўсяго зямнога шара забяспечана. Ніхто, ні багаты, ні бедны, не будзе пазбаўлены відовішча Апошняе Бітвы.

— А пасля бітвы… — пачаў генерал Онгін і змоўк, як толькі глянуў на Фетэрэра.

Той насупіўся. Ён не ведаў, што павінна адбыцца пасля бою. Гэтым, відаць, зоймуцца рэлігійныя ўстановы.

— Магчыма, будзе наладжаны ўрачысты парад або яшчэ што-небудзь накшталт гэтага, — няпэўна адказаў ён.

— Вы маеце на ўвазе, што мы будзем адрэкамендаваны… Яму? — спытаў генерал Дэл.

— Дакладна не ведаю, — адказаў Фетэрэр, — але магчыма. Усё ж такі… Вы разумееце, што я хачу сказаць.

— Але як мы павінны будзем апрануцца? — разгублена спытаў генерал Мак-Фі. — Якая ў такіх выпадках прадпісана форма адзення?

— Што носяць анёлы? — пацікавіўся Фетэрэр у Онгіна.

— Не ведаю, — сказаў Онгін.

— Белае ўбранне? — выказаў здагадку генерал Дэл.

— Не, — рашуча адказаў Фетэрэр. — Надзенем парадную форму, але без ордэнаў.

Генералы кіўнулі.

І вось прыйшоў час.