Выбрать главу

Прыехалі мы на месца, як пачало разьвідняць. Былі мы мокрыя. Раньне выдалася прыгожае, сьветлае, бліскучае. Усе мае рэчы прамоклі дашчэнту і ад гэтай незадачы настрой мой і тэмпэратура цела значна зьнізіліся.

Усё раньне сушыўся я, ськінуўшы зь сябе ўсю вопратку і застаўшыся, у чым маці нарадзіла. Я зрабіў прапанову, каб і бацька на гэткі манер прасушыўся, але ён зарагатаў.

— Ня хочу сядзець голым апосталам, як ты! І так падсохне, ды яшчэ хутчэй, як у цябе!

Сон ня йшоў да мяне, і я голы шпацыраваў па пакою. Бацька глядзеў на мяне ды ўсьміхаўся ў сваю сівую бараду. Што да маіх рэчаў, ці «прычындалаў», як кажа бацька, дык аб іх я падумаў у першую чаргу і зрабіў такія практычныя мерапрыёмствы. Я вынес іх на заежджы двор і пачаў разьвешваць на частаклеце, досыць новым і яшчэ не запэцканым.

А бацька ў гэтым кірунку прытрымліваўся наплявізму і нават угаварваў мяне:

— Не саром сябе прад людзьмі, цэлы гамазын паразьвешваў тут!

— У цябе, бацька, кунктатарская тактыка! Прапусьцім час — і рэчы папсаваны.

Зразумела, што мае рэчы прыцягнулі ўвагу самых шырокіх мас. З самага раньня народ кучкамі праходзіў каля заежджага дому і ўва ўсе вочы глядзеў на «прычындалы». Мне гэта троху псавала кроў, асабліва, калі я на свае вушы чуў мяшчанскія праклямацыі, што «прыехаў альбо пан, альбо а грэйсэ шышкэ». О чэрці перапялёсыя, гнойнікі мяшчанскія! Каб у вас на носе села а грзйсэ шышкэ!

У выканкоме праца ўжо йшла, калі я прышоў туды. Я лічыў пытаньнем выключнай важнасьці разьведаць пра сваё начальства ўсё, што можна, і яшчэ ў заежджым доме мяне інфармавалі, што старшыня РВК цяпер у разьездах па раёне, што ён зь сялян, зусім просты чалавек, жанаты, здаецца, і прыплод ёсьць, здаравяк-махіна і ўпарты, як вол. Яго нядаўна сюды прыслалі, бо ведалі, што толькі ён можа зьнішчыць галавацяпства Шапялёўскіх устаноў. «Як бачу, маналітны чалавек!» — падумаў я.

Некаторыя дадатковыя неабходныя весткі атрымаў я ад кур'ера РВК, якога я сустрэў, ідучы ў РВК, і якому сказаў, што я прыехаў на пасаду загадчыка культаддзелу.

Першае, што я ўзяў на ўвагу, калі ўвайшоў у вагульную канцылярыю выканкому, была машыністка. Яна сядзела каля вакна і задумёна татахала на машынцы.

Каля дзяўчыны мітусіліся дзелаводы, перапісчыкі, падсоўвалі ёй свае паперы і спрачаліся між сабою за чаргу. Кажны зь іх пахмыляўся, нахабна глядзеў ёй у вочы, блізка дыхаў на яе, часам мармытаў ёй два-тры словы. Яна давала гэтаму мінімум увагі і, мусіць, канкрэтна разумела сваю задачу.

Яе аблічча адразу ўціснулася ў маю памяць. Троху ўдоўжаны твар, з шырока-адчыненымі, чорнымі і троху гульлівымі вачамі, кучаравыя, чарнявыя, абчыкрыжаныя на гарадзкі манер валасы, нос зь невялікім горбікам і зграбная постаць з прыгожымі курганчыкамі грудзей — усё гэта адразу асьвяжыла маю кроў, надало мне бадзёрасьці, якую я страціў быў у мінулую мокрую ноч.

А вакол гудзеў народ, шчырчэлі пёркі скрыбаў, з шолахам пераварачваліся аркушы паперы, рыпалі дзьверы шафаў, із стогнам перакладваліся зь месца на месца вялізныя, тоўстыя кнігі зь лічбамі сялянскага жыцьця.

Я спыніўся на хвіліну і моўчкі завастрыў сваю ўвагу на дзяўчыне. Яна павярнула сваю галаву ў мой бок і зірнула на мяне. Хацела зноў узяцца за справу, але я ўпарта глядзеў на яе і хацеў накіраваць яе думку на сябе. Я выцягнуўся і стаяў перад дзяўчынай высокі, уважысты, зь сьвежым мужным (праўда карпаносым) тварам чалавек. Я наўмысьне разглядаў яе, як цікавую, але непатрэбную ў нашым будаўніцтве рэч.

У першы момант дзяўчына нібы засаромілася, лёгкі налёт чырвані прабег па яе абліччы, але потым яна, відаць, урэгулявала сваю кроў. Дзяўчына сьмела і нават з пагардай пачала глядзець на мяне.

Некалькі хвілін цягнулася наша вочнае спаборніцтва. І вядома, перамога была на маім баку. Дзяўчына адвяла ў бок свае прыгожыя вочы, і яе пальчыкі няўпэўнена пачалі скакаць па машынцы, а грудзі парыўна заварушыліся пад тонкай кофтай.

Мне хацелася патаварыць зь ёю.

Я пашоў да яе.

— Пакажэце мне сакратара РВК!

— Ён у габінэце старшыні.

— Старшыні яшчэ няма? Ня ведаеце?

— Ня бачыла. Здаецца яшчэ ня прыехаў.

Я прайшоў у габінэт, адчуваючы, што ў сьпіну мне глядзелі яе вочы. Адзначыўшы гэтыя станоўчыя вынікі маёй кароткай размовы зь дзяўчынай, я ішоў у габінэт шырокімі, упэўненымі крокамі і нават сымуляваў некаторую распусную развальцу ў хадзе, чаго звычайна ў мяне ня прыкмячалася.

Дзяўчына памылілася. Старшыня тав. Сом ужо вярнуўся з раёну і сядзеў у габінэце. Я назваў сябе. Старшыня сустрэў мяне досыць раўнадушна.