Выбрать главу

Тав. Сом ледзьве ўсьміхнуўся і зьвярнуўся да мяне:

— Якога вы пагляду адносна гэтага?

— У мяне будуць такія дадаткі і зьмены да сказанага тав. Какоцькам, — сказаў я. — Неабходна яшчэ зусім пазбавіць сьвіньняў права паказвацца на вуліцы. Бяспрытульных валачобнікаў заганяць на выканкомскі двор і браць па 1 р. за эгзэмпляр, калі знойдзецца ўласьнік жывёлы. Апрача гэтага, неабходна зарэгістраваць у З-дзённы тэрмін усіх сабак і кошак і гэтым даць магчымасьць статорганам ведаць лік сабачага і кацінага насяленьня ў мэтах экспортных магчымасьцяў.

Старшыня зірнуў на мяне і забарабаніў пальцамі.

— Урэшце, — сказаў я, міліцыі неабходна завастрыць увагу і на такім факце: на вёсцы зьявіліся хлапцы, нават камсамольцы, якія таўкуцца ў народзе ды запісваюць стары быт. У гэтым няма выстарчаючай плянавасьці. Запісваюць усё, што пад руку пападзе — песьні, прыказкі, забабоны і ўсякае непатрэбнае глупства. Небходна, каб міліцыя мела за гэтым нагляд і дазваляла гэта рабіць толькі тым, у каго будзе ад культаддзелу паперка.

Тав. Сом гучна засьмяяўся і сказаў:

— Вашыя дадаткі й зьмены яшчэ рана ўносіць. А наконт вашых, — сказаў ён, зьвярнуўшыся да начміла, — пакуль што патурбуйцеся аб тратуварах, ліхтарох ды забрукаваньні вуліцы. Усё іншае кіньце.

Мяне гэта задзівіла.

А каровы, а сьвіньні, сабакі? — падумаў я. — Ніякай культуры. Навет дарогі ня ўступаюць. Поўнае роўнапраўе зь людзьмі!

ІІІ. СУВЯЗЬ МАЦНЕЕ

Як скончылася праца ў выканкоме, я самую пільную ўвагу зьвярнуў на тое, каб ісьці дадому, разам з Крэйнай. У дачыненьнях да яе я меў пэўную мэтавую ўстаноўку. Я трымаў курс бліжэй пазнаёміцца зь ёю.

Ідучы па вуліцы, я загаварыў зь ёю ў самых вытрыманых тонах. Я жаліўся ёй, што новаму чалавеку вельмі цяжка наладзіць жыцьцё ў мястэчку, і прасіў яе параіць мне што-небудзь добрае ў гэтым кірунку.

Яна ўважліва слухала мяне, а я ў свой голас уліў усю пяшчотнасьць і мужчынскае зладзейства, наколькі мог. Яна спачувальна паставілася да мяне: пачала апавядаць пра мястэчка, пра тутэйшых людзей, іх звычаі, думкі, плёткі, забавы. Мы ня прыкмецілі, як падышлі да яе кватэры.

Я ўжо хацеў разьвітацца зь ёю, але яна параіла мне кватэру тут-жа, у доме, дзе жыла яна.

Даю фактычную даведку, што такі зварот справы вельмі ўзьвесяліў мяне, бо відавочным зрабілася, што я пачаў весьці на яе правільную атаку і адразу для мяне вызначыўся шэраг дасягненьняў. Вызначыліся й шляхі далейшага разьвіцьця нашых узаемаадносін: кажны дзень, жывучы побач зь ёю, я павінен паступова апрацоўваць яе думку наконт правільнасьці й натуральнасьці маей асноўнай вытворчай лініі.

Ідучы ад Крэйны ў заежджы дом, я быў у такім узьнятым настроі, што адным махам пераскочыў на рынку шырокую яміну з гразнай вадой. Гэта выклікала нязвычайнае задзіўленьне хлапчукоў, якія бегалі тут. Некаторыя зь іх паспрабавалі быць маімі пасьлядоўцамі, але, ня гледзячы на свой юнацкі запал і спрытнасьць, сьвістарэзнуліся ў самае балота пад сьмех сваіх таварышаў. Я пашоў далей, а ўсьлед мне глядзелі з захапленьнем вочы хлапчукоў.

Праз два дні я перавёз на новую кватэру свае «прычындалы».

Мне вельмі добра спалася ў тую першую ноч, і сьніў я Крэйну.

Быццам сядзеў я з Крэйнай у садзіку, і яна зрабіла мне прапанову пайсьці зь ёю на Лютнянскі шлях. Зразумела, я прызнаў гэту прапанову адпавядаючай сучаснаму моманту і прыняў удзел у прыродна-геаграфічнай экскурсіі.

Па дарозе, калі з нашага вока схаваліся местачковыя будынкі, я мякка ўзяў яе пад пашкі і мы пашлі шчыльна прыціснуўшыся адзін да другога.

Потым быў пералесак і на лагчынах шмат кветак, блакітных, белых, ружовых, і мы зрывалі іх. А потым... Ах, які жаль, якая згуба, што гэта было толькі ў сьне!

Калі я абудзіўся, была ўжо 9-ая гадзіна раніцы. Я салодка пацягнуўся, перажываючы прыемны сон.

У суседнім пакоі чутны былі лёгкія крокі Крэйны. Я падумаў: напэўна яна стаіць перад люстэркам і глядзіць, не наглядзіцца на сябе. Магчыма, думае, што ў гэтым глухім мястэчку яна, канешне, самая прыгожая, маладая і прывабная дзяўчына.

Не! Яна, мабыць, ніколі і ня думае пра гэта, затое я добра ведаю, што ніводная дзяўчына ня мае такога сьвежага, бела-ружовага твару як у Крэйны, такіх глыбокіх, не стандартызаваных, таемных вачэй, такога спрунжыністага, як у п'яўкі, роту. Уся яе постаць, зграбная, умяркавана мясёная, запальвае мяне, напаўняе кроў ліхаманачным агнём, абяцае вар'ятна-гарачыя пяшчоты, саракаградуснае шалёнства.