Выбрать главу

Уорвік даўно, яшчэ ў дзяцінстве, прыкмеціў: калі яго апаноўвае лёгкі, бестурботны настрой — звычайна калі завершана якая адказная справа — тады пачынаюць здзяйсняцца ягоныя, нават неакрэсленыя, жаданні. Уорвік нібы адчуваў, што Мішэль запросіць яго да сябе — перачакаць начную непагадзь. Яму падабаўся гэты француз, знешне не вельмі падобны да сваіх суайчыннікаў — гэткага растыражыраванага кінематографам стэрэатыпу. Уорвік ужо з першых хвілін знаёмства злавіў сябе на радасным дзіцячым здзіўленні: «Я хачу сябраваць з гэтым хлопчыкам!» Такое пачуццё, прадчуванне сяброўства, у апошнія гадоў пяць чамусьці ўсё радзей ды радзей авалодвала Уорвікам, і вось яно зноў з’явілася, упершыню за гэты час. Магчымага будучага сябра выдзяляеш з натоўпу з-за нейкага адмысловага выразу твару, або па нязначнай для іншых фразе, у якой нібыта чытаеш прыхаваны, зразумелы толькі абраным сэнс. Уорвіку хацелася верыць, што прадчуванне сяброўства з’явілася не толькі ў яго, што Мішэль таксама дасылае яму зашыфраваныя сігналы: «Свой! Свой!» (так, да прыкладу, яны адначасова, без мудрагелістых рэверансаў адразу перайшлі на «ты») — і Уорвік можа быць упэўнены, што ён, як Дыяген з ліхтаром пасярод яснага дня, нарэшце знайшоў Чалавека.

Але набытая за трыццаць гадоў зямнога жыцця антрапафобія, як называў свой жыццёвы досвед Уорвік, стрымлівала яго, не дазваляла адчуваць сябе са знаёмым, якога ведаў з тыдзень, як са старым сябрам. Уорвік, хаця і змушана, але палічыў патрэбным выканаць звычайны ў такіх выпадках рытуал ветлівасці.

— Слухай, — Уорвік нарэшце нагнаў імклівага Мішэля і адабраў у яго свой кофр, — а твая жонка скандалу не ўчыніць? Гэта я так, умоўна: у тым сэнсе, што гэта будзе няёмка, мабыць: прыцягнуў апоўначы незнаёмага мужчыну дахаты.

— А? — перапытаў Мішэль, нібыта не зразумеў сэнсу пытання, і раптам заўсміхаўся: — Ірэн? Не, ніколі! Не турбуйся, гэта ж нармальна! Яна сама мне не дазволіла б пакінуць чалавека начаваць на лаўцы! Так хоць будзеш спаць нармальна. Не, не хвалюйся!

Пакуль па паркоўцы яны прабіраліся між бліскучых машын да чорнага «Рэно» Мішэля, яны добра-такі вымаклі, ад нахабнай красавіцкай навальніцы іх нават не ўратавалі парасоны.

У машыне Уорвік сеў на пярэдняе сядзенне; яны не заязджалі ў горад, ехалі па Перыфэрык; Уорвік глядзеў, як шчоткі раз-пораз згортваюць з ветравога шкла шчыльную заслону вады, нібы прабіваюць дарогу аўтамабілю у фатальнай, катастрафічнай залеве. Бледна-жоўтыя, ружаватыя, блакітныя маланкі штохвіліны прарасталі ў небе, як фантастычныя нежыццяздольныя дрэвы. «Гэта не ёсць чалавечыя адбіткі», — Уорвік успомніў старую арабскую байку.

Мішэль, які напружана ўзіраўся ў небяспечную цяпер магістраль, раптам загаварыў.

— Я часта думаю, асабліва ў час навальніцы: наколькі трывала мы замацаваныя ў гэтым свеце? Мне здаецца: а раптам якая-небудзь неасцярожная маланка прарве тканіну нашага часу, і мы выпадкова ўскочым у іншае вымярэнне? Ці яшчэ якім-небудзь іншым чынам трапім туды. Парушацца часава-прасторавыя сувязі… Я, на жаль, у фізіцы поўны нуль, у квантавай — тым больш, але чытаў у часопісе, там папулярна цытавалі Эйнштэйна. Эйнштэйн прадказваў канец нашага часу: тады гэтыя сувязі будуць станавіцца ўсё больш і больш нетрывалымі, паўсюль будуць узнікаць часавыя шчыліны, і людзі — калі дажывуць да таго часу — будуць правальвацца то ў сярэднявечча, то яшчэ куды. А Эйнштэйн дапускаў, што такія шчыліны ўзнікаюць і цяпер, толькі яны вельмі непрацяглыя па часе. Я думаю: а якая верагоднасць?.. Мабыць, мы ўжо праваліліся куды-небудзь, і цяпер апярэджваем гэтую рэчаіснасць хвіліны на дзве.

Уорвік, сапраўды ўпершыню за шмат гадоў, адчуў шалёную непадкантрольную радасць. «Свой! Свой!» — нібыта пабеглі па лабавым шкле чырвоныя літары, і ён спешна, каб запэўніць Мішэля ў тым, што і той — свой, падхапіў:

— Менавіта! Я гэтаксама думаю ў час пералётаў. Што такое час па вялікім рахунку? — умоўнасць! Тая ж самая тэорыя адноснасці — так, я таксама ў фізіцы нуль, толькі збольшага: Эйнштэйн. Дык вось, я пра часавую розніцу між кантынентамі. У мяне заўсёды зводзіць патыліцу, калі я ўяўляю, колькі часу цяпер у Манрэалі. Я не магу — і ніколі не мог! — прынамсі, уявіць, як там можа быць учарашні дзень? І яшчэ: як вымяраюць час на тых планетах, дзе сонцы абарочваюцца ў іншым тэмпе?

Мішэль таксама ажывіўся.

— Вось-вось! І галоўнае: хто гэта вызначае? Я аб першапрычыне, аб пачатку з вялікай літары. То бок, я хачу сказаць: нехта існуе. Або нешта. Як звышрозум.