Выбрать главу

***

20.03.2015. Было сонечнае зацьменне. Дзівіўся на яго праз дыскету. Сонца было, як залаты талер, ад якога адкусілі кавалачак...

***

21.03.2015. Сёння, у Сусветны дзень паэзіі, у чарнавіках знайшоў радкіпажаданне:

Няхай вясна не пакідае сэрца

І кожны новы дзень, як новы крок

Да тых вяршынь, з якіх яшчэ пачнецца

Навейшы шлях вышэй усіх аблок

Праз неба, што Паэзіяй завецца,

Якая не змяшчаецца ў радок,

А вольнаю жыве і асвятляе

Зямлю Айчыны, дзе Любоў жыве,

Нібы пчала, што ранак пачынае,

Нам сонца абуджаючы ў траве.

***

23.03.2015. Пяць гадоў таму да майго юбілею наша выдавецкая мастачка Надзея Барай падарыла мне карціну. Я павесіў падарунак у кабінеце. Сёння карціна ўпала і разбілася шкло. Намаляваныя ружы, вызваліўшыся з-пад шкла, ажылі, і ў пакоі стала святлей.

***

23.03.2015. З дарослымі дзецьмі і сам становішся дарослым...

***

24.03.2015. Раблю заўвагу паэту наконт «Ў», з якога пачынаецца каля дзясятка вершаў у рукапісе кнігі, і чую ў адказ: «Так пісаў Якуб Колас!»

***

24.03.2015. Залатое пяро не дапамагае Граждану напісаць геніяльныя творы...

***

24.03.2015. І раптам пачынаеш разумець, што ў пісьменніка, акрамя звання лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, няма нічога, пра што можна гаварыць...

***

24.03.2015. На аўтобусным прыпынку спінамі да мяне стаяць хлопец і дзяўчына. Ціха размаўляюць. Раптам дзяўчына штурхае хлопца і пакідае прыпынак. Хлопец, крыху пастаяўшы, пабег услед за сяброўкай. Дагнаў. Яна павярнулася. Сімпатычная, але ўгледзіўшы, што ў дзяўчыны ў зубах цыгарэта, я прашаптаў: «Лепей бы не азіралася...»

***

25.03.2015. На чыстай паперы заўсёды зіма...

***

26.03.2015. На сайце «Нашай Нівы», віншуючы мяне з юбілеем, напісалі: «Ён пачынаў як рабочы, але хіліўся да літаратуры». Прачытаўшы гэта, я ўсміхнуўся. Пасля тэхнікума з 18 гадоў да 25 я нідзе не працаваў, калі не лічыць рэдкую (каб не памерці з голаду) падпрацоўку грузчыкам на лікёрагарэлачным заводзе «Крышталь». У 1985 годзе паехаў у Літінстытут. Калі б мяне туды не прынялі, я сёння б ці ў зямлі ляжаў, ці блытаўся па свеце, як Сяргей Вераціла. У Савецкай Арміі не служыў, у камсамоле не быў. Першы верш прыдумаў у пяць гадоў. У дзевяць сваё рыфмаванне пачаў запісваць у сшытак. У сямнаццаць пачаў друкавацца. У дваццаць тры выйшла пер­шая кніжка вершаў «Гронка святла», за якую адразу быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, а ў 27 гадоў стаў лаўрэатам Усесаюзнай прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага. Словам, ні рабочым, ні будаўніком я ніколі не быў. Я пачынаў як дармаед...

***

27.03.2015. Другі дзень адзначаю сваё 55-годдзе. Віншуюць і па інтэрнэце, і па тэлефонах. Не забыліся пра мяне ні ў Валожыне, ні ў Пугачах. Па-нармальнаму, трэба было б у гэтыя дні быць у адпачынку, а то на працы не да працы. Зноў адпрасіўся ў Бадака, каб рыхтавацца да прэзентацыі кнігі «Заўтра была адліга» ў бібліятэцы імя Цёткі. Максім дапамог завезці выпіць і закусіць. У шэсць гадзін зала для выступаў у бібліятэцы было запоўнена. Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі хораша правялі імпрэзу. Першымі пачалі нашы выдавецкія мастакі Насця Капульцэвіч і Міхась Дайлідаў. Падарылі мой партрэт. Прыемна. Харошая ў нас моладзь, таленавітая. І кажу я гэта не таму, што яны мяне павіншавалі, а таму, што сапраўды яны таленавітыя. Потым выступілі Рэгіна Багамолава, Алесь Бадак, Галіна Дзягілева, Альжбэта Спрынчан-Малішэўская, Алесь Квяткоўскі, Уладзімір Васюк, Дзмітрый Пятровіч, Барыс Пятровіч і Людміла Рублеўская. Зноў надарылі мне розных патрэбных і непатрэбных рэчаў. Нахвалілі, нагудзелі, але не надакучылі. Шкада, што з Маладзечна не прыехаў Міхась Казлоўскі і па хваробе не змог прыйсці Леанід Галубовіч. Пасля імпрэзы Мікола Ліннік падарыў фотакнігу з маімі здымкамі, а наша Вераніка прынесла намаляваны мой партрэт. На вячэру, на жаль, не засталіся ні Барыс Пятровіч, ні Алесь Бадак. А мы сядзелі аж да пачатку дванаццатай гадзіны. Жартавалі, успаміналі, марылі. Было хораша, як дома.

***

28.03.2015. Прачнуўся ў пяць гадзін раніцы ад таго, што баліць галава. Да абеду змагаўся за сваё здароўе. Нічога не дапамагло. Пасля таго, як Люда пайшла ў горад, надумаў памяняць пашпарт, з якім ужо да мора не пусцяць. А да мора ж хочацца! Пайшоў у домакіраўніцтва, дзе даведаўся, што трэба пасведчанні аб маім нараджэнні і шлюбе. Вярнуўся дамоў. Гадзіну шукаў дакументы. Нічога не знайшоў. Прыйшоў да пашпартысткі з аплачанымі квіткамі за тэрміновы абмен пашпарта. Жанчына падумала, што я прынёс патрэбныя дакументы, таму выдала бланк для запаўнення. Адзін сапсаваў. Папрасіў другі. Дала. Пісаў хвілін дваццаць. Пашпартыстка, атрымаўшы запоўнены бланк, папрасіла пасведчанні аб нараджэнні і аб шлюбе. «Не знайшоў. Мне сёння галава цэлы дзень баліць», — паскардзіўся я. «Пахмяляцца трэба!» — сказала жанчына. «Я не п’ю зусім!» — «Веру. Малады! Прыгожы! І жонка ў вас Рублёўская. Гэта ж яе крама побач з нашым будынкам...» — «Не. Жонка мая Рублеўская...» Пагаварыўшы яшчэ пару хвілін з пашпартысткай і распісаўшыся ў паперах, што здаў пашпарт без пасведчанняў, я пайшоў дахаты. Дома, перад тым як выпіць таблетку ад галаўнога болю, паглядзеў у люстэрка і сказаў з усмешкай: «Малады! Прыгожы! І жонка ў мяне Рублёўская!»