Не абмінулі выставы карцін Мікалая Залознага і Мацвея Басава, а таксама кераміку Валерыя Калтыгіна. Тут найбольш мяне ўразіў цыкл «У кожнага свой крыж». Я палічыў крыжы. Усіх 26. З савецкай памяці ўсплылі Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў.
Пасля Нацыянальнага мастацкага музея зайшлі ў «Штолле», дзе напаткалі дачку Івана Чыгрынава Таццяну. Будучы ў Парыжы мінулым летам, мы з ёй сустрэліся на Елісейскім полі ў кавярні. Тады і сёння мы падсілкоўваліся за столікам, дзе да нас сядзела дачка Чыгрынава. Паеўшы пірагоў, папіўшы гарбаты з руж, Людміла пацікавілася: «Ну як?» — «Як у Парыжы!» — адказаў я.
Наведалі «Цэнтральную» кнігарню. У беларускім аддзеле жанчына з дачкой пазнала Людмілу і пашкадавала, што ўжо набылі і прачыталі ўсе «Авантуры Пранціша Вырвіча».
Зайшлі ў Свята-Пятрапаўлаўскі сабор. Заказалі малітву аб памерлых, паставілі свечкі. Сёння тры гады, як памёр мой бацька.
***
26.12.2015. Жорны, як і крыж, святыя.
***
27.12.2015. Заходзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Ён некалькі дзён таму закончыў «Партрэт Святланы Алексіевіч». Карціна новая, але яна амаль цалкам паўтарае тую, напісаную яшчэ ў 1987 годзе, калі Святлана Аляксандраўна прыходзіла да мастака і пазіравала яму. На жаль, той партрэт захоўваецца ў некага са знаёмых Алеся, а рэпрадукцыя надрукавана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938 — 1998». Гледзячы на Глобуса і на мяне, Алесь таксама падвёў вынікі працы за 2015 год. Ім напісана 17 карцін і зроблена шмат эскізаў для будучых палотнаў.
Сярод алоўкаў і пэндзлікаў я сфатаграфаваў яблык. Калі да Алеся прыходзяць вучні-мастакі, яблык для іх працуе натуршчыкам. Ён састарэў, скукожыўся, але не згніў.
***
27.12.2015. У другой палове дня яшчэ завідна з Людмілай ездзілі ў «Цэх», што на Кастрычніцкай, 16. Месца мне знаёмае. Побач лікёра-гарэлачны завод «Крышталь», дзе я ў маладосці грузчыкам праходзіў адзін з курсаў жыццёвага ўніверсітэта. Вуліца крыху змянілася. Папрыгажэла. Трамваі не ходзяць. Цішыня. Навокал пахне дражджамі, як і трыццаць пяць гадоў таму. Зайшлі ў «Цэх». Поўна моладзі. Напачатку я адчуў сябе шкодным бацькам, які шукае дачку і сына, каб паглядзець, чым яны тут займаюцца. Аднак убачыўшы, што ніхто ў памяшканні не курыць і не п’янствуе, зняў шапку і прытварыўся маладзёнам, які рана пасівеў ад багемнага жыцця. Людміла ў гэты час разглядала ўпрыгожванні і адзенне, якое прадавалася ў «Цэху». Можна было б папіць гарбаты, але не захацелася перашкаджаць моладзі быць вельмі дарослымі і самастойнымі. Праз дарогу, побач з «Цэхам» — кавярня «Дэпо». Праз вокны бачна, што і там поўна маладых наведвальнікаў. На адным з акон намаляваны Уладзімір Караткевіч з кацянятамі. Мы сфатаграфаваліся на памяць. Потым некалькі хвілін пастаялі каля прахадной лікёра-гарэлачнага завода «Крышталь». На яго тэрыторыі, калі я працаваў, быў помнік Леніну. Ці ёсць цяпер? Не ведаю. Узгадалася маё апавяданне, напісанае напачатку 90-х, пра гэтага Леніна. Твор заканчваецца тым, што Ленін стаяў-стаяў сярод пляшак з моцнымі напоямі і аднойчы сышоў з п’едэстала і ноччу, палохаючы мінакоў, пайшоў да Свіслачы, дзе ўтапіўся каля студэнцкага інтэрната.
***
27.12.2015. Першая гадзіна ночы. Глядзім фінал расійскага тэлешоу «Голас». Перамагае іераманах Фоцій. Наша сабачка Міёна ў другім пакоі ціскае гумовую цацку, якая гучна пішчыць. Чуючы піск, кажу: «Як у «Сабачым сэрцы» Булгакава!» Людміла дадае: «Добра, што на балалайцы не іграе!»
***
28.12.2015. Ноччу наш горад захапіла Белая арда — выпаў снег.
***
28.12.2015. Працягваю паціху чытаць Ван Гога «Письма» (Искусство, Ленинград—Москва, 1966 г.), якія даў мне Алесь Квяткоўскі. Спыніўся на лісце Вінсента брату Тэа, дзе ёсць радкі: «Знаешь, нам в искусстве очень и очень необходимы честные люди. Сейчас имеет место то, что Золя именуют «триумфом посредственности». Место труженников, мыслителей, художников занимают снобы и бездари, причём этого никто не замечает.» Напісана, як сёння. Праўда, цяпер снобаў і бездараў заўважаюць, падтрымоўваюць і ўзнагароджваюць. Іх цяпер большасць, і гэтая большасць агрэсіўная.
***
29.12.2015. Упершыню ўзяў працоўны адпачынак зімой. Праўда, усяго чатыры пераднавагоднія дні, але яны разам з днямі святочнымі ператварыліся ў дзесяць. Нядаўна меў сякія-такія планы нешта зрабіць, што раней не мог, а ў выніку — сяджу з сабачкай Міёнай. Людміла на працы, дзеці ў вандроўцы. Гляджу праз акно ў двор. Там заснежаныя машыны, галубы, галкі, каты і дворнік, які мяце снег, пад якім лёд, як неба.
***
29.12.2015. Сяджу дома з аўчаркай Міёнай. Звініць тэлефон. Патурбавалі з нейкай сэрвіснай фірмы па вокнах: «У нас акцыя праверак па вокнах. У вас усё ў парадку з вокнамі?» Хвіліны тры адказваю на пытанні. «Майстар да вас прыйдзе праз гадзіну. Вы будзеце дома?» — цікавяцца з фірмы. «Буду! Толькі мне нічога не трэба. Я адзін дома і ў мяне не прыбрана!» — кажу я. «А вы прыбярыце і майстар да вас прыйдзе і паглядзіць вокны!» — настойвае дзяўчына. «А ён умее рамантаваць вокны?» — пытаюся. «Гледзячы што.» — «Ручку памяняць зможа?» — «Думаю, што зможа. Толькі гэта будзе платна!» — «Заплачу!» — «А вы поўнагадовы?» — «Мне хутка сто гадоў!» — «А як вас завуць?» — «Віктар!» — «Чакайце майстра. Ён ужо ідзе!» Цяпер сяджу і чакаю. Я не адзін. Я з аўчаркай Міёнай.