Выбрать главу

***

6.01.2016. Сніліся Дубраўскія могілкі, дзе пахаваны мае дзед і бабуля, прадзед і прабабуля, а таксама іншыя сваякі і аднавяскоўцы. Лета. Вечарэе. Я з сябрам іду па могілках. Глядзім, дзе хто пахаваны. Раптам сябра кліча мяне і паказвае, што на месцы нейчай магілы чарнее прорва. Побач труна. Мы хуценька бяром труну і закрываем ёю прорву. Ад жаху я прачынаюся. Навокал цёмна. На вуліцы бялее снег, як мерзлае малако.

***

6.01.2016. Мы любім фільмы, у якіх людзі перажываюць розныя выпрабаванні, а самі ў жыцці з падобным баімся сутыкацца...

***

7.01.2016. Марозная раніца. З Міёнай гуляю па Мухлі. Навокал кусты і дрэвы, як з чорнага лёду. На сасонках сядзяць вароны, як прымерзлыя. Які ўжо раз, праходзячы каля плота з варотцамі, гляджу на завесы і ў сабе чую галасы сяброў з дзяцінства: «Хочаш Маскву ўбачыць? Прыкладзі язык да замка!» Колькі тады мяне не прасілі, я ні прыклаў, а цяпер хочацца паспрабаваць. Праўда, Маскву я і так бачыў. Нейкую хвіліну гляджу на варотцы і, усміхнуўшыся, іду далей па заснежанай Мухлі, як па краіне дзяцінства...

***

8.01.2016. Да нас з Людмілай дадому прыходзілі літпрадмесцеўцы, каб па нашай ужо старой традыцыі разам святкаваць Каляды. Былі Таццяна Будовіч, Таццяна Барысюк, Таццяна Пратасевіч, Наталля Кучмель, Усевалад Гарачка, Рагнед Малахоўскі, Георгій Барташ, Мікола Кандратаў, Аксана Спрынчан з Альжбетай, Маргарыта Прыка, Павел Дарохін, Вадзім Крук, Юрась Нераток, Дар’я Лёсава, Вераніка Ляўчук, Кірыл Бандэрс, Віктар Лупасін, Алесь Емяльянаў. Спявалі песні, чыталі вершы, жартавалі, успаміналі пасяджэнні «Літпрадмесця», вечарыны, прэзентацыі кніг, вандроўкі. Я фатаграфаваў. Сёетое атрымалася прыгожа, але здымкаў не выстаўляю, бо абяцаў не хваліцца, як нам было хораша. Наша сабачка Міёна адзін раз прарвалася да застолля. Пахадзіла пад сталамі і, нікога там не знайшоўшы, вярнулася да сябе ў пакой. У гэтым годзе «Літпрадмесцю» будзе 14 гадоў...

***

9.01.2016. Заснежаны далягляд. Са снегу, як з марской пены, узышло сонца.

***

9.01.2016. На хвілю праглянула сонца. Пад маім акном заснежаны куст бэзу, нібыта ў квецені.

***

9.01.2016. Патэлефанаваў зямляк і мой даўні сябра Лёня Шчарбінскі. Ужо ідзе трэці год, як непадалёку ад Валожына ён займеў хату. Лёня распавядаў пра новую гаспадарку, а я слухаў і ўяўляў, як яму там хораша. Сябра з цягам часу збіраецца са сваёй Людмілай жыць у вёсцы круглы год, а цяпер, яшчэ працуючы, бывае частымі наездамі, бо мае машыну. Новы год Лёня сустракаў у вясковай хаце, напаліўшы ў печы. Г аварылі мы амаль гадзіну, аж мне захацелася ўсё кінуць і паехаць у Пугачы ў бацькоўскую хату і жыць там, як Андрусь Горват, і весці дзённік, і кантактавацца з аднавяскоўцамі, і быць самым шчаслівым на свеце...