***
9.01.2016. Учора ў час каляднага гасцявання Таццяна Будовіч папрасіла знайсці для яе «Крыніцу» за 1995 год, дзе змешчаны матэрыялы пра Юрыя
Гуменюка. Яна піша пра трагічныя лёсы паэтаў. У нас ёсць усе нумары гэтага выдання, калі не лічыць некалькіх самых апошніх, на якіх хоць і было напісана, што гэта «Крыніца», але яны ўжо тым часопісам, які і сёння актуальны, не былі. Амаль гадзіну перабіраў наша з Людмілай часопіснае багацце. Не знайшоў. Але ж «Крыніца» гэтая з Гуменюком павінна ў нас быць. Нават падумалася, што Юрый не хоча, каб пра яго пісалі як пра трагічнага паэта. Шукаючы патрэбную «Крыніцу», натрапіў аж на тры асобнікі часопіса «Беларусь» №6 за 1997 год. Чаму так шмат? Стаў гартаць. Акрамя таго, што тут змешчаны матэрыял Людмілы пра школу-ліцэй мастацтваў, дзе вучыліся нашы дзеці, ёсць вершы Рыгора Барадуліна, да якіх я пісаў прадмову. На той час, працуючы ў «ЛіМе», я дапамагаў на паўстаўкі Янку Сіпакову ў «Беларусі» ў аддзеле культуры. Узгадалася, як браў вершы для друку ў Рыгора Іванавіча, а потым, напісаўшы да іх прадмову, зачытаў паэту па тэлефоне. Рыгор Барадулін адобрыў. Здаецца, някепска было: «Трава, прабіваючыся праз асфальт, імкнецца да святла. А святло ў паэзіі — сімвал жыцця, свабоды. Але што такое свабода? У кожнага на гэтае пытанне ёсць свой адказ. Аднак свабоды без адказнасці перад Айчынай, перад маці, перад памяццю продкаў — не бывае. Менавіта разуменне адказнасці за свае ўчынкі з чалавека робіць Чалавека.
.У французскага паэта Беранжэ ёсць такая прыпавесць. У пекла, у суседнія катлы, трапляюць душы двух сучаснікаў — паэта і тырана. Агонь пад паэтавым катлом невялікі, з чаго небарака цешыцца, а пад былым уладаром — шугае полымя. Паэт чакае, што вось-вось адмучаецца за свае невялікія грахі. Але з гадамі агонь пад ім павялічваецца і ператвараецца ў вялізарнае вогнішча. А агонь пад суседам-уладаром амаль затухае. Абураны несправядлівасцю паэт патрабуе тлумачэнняў. І вось ён чуе: уладар пры жыцці нарабіў шмат ліхога і адразу пасля смерці людзі клялі яго, але праз гады і на яго самога і на ліха, ім зробленае, забыліся. А тыя зярняткі ліха, што пакінуў паэт у сваіх творах, з гадамі далі ўсё болей і болей усходаў. Усё болей чытачоў падпадала пад уплыў таго ліха, і канца яму не відно.
Вялікая адказнасць пісьменніка перад сваім народам. Тым больш у таго, каго ўжо назвалі «народным». Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, думаецца, годна нясе крыж правідэнцыйнай паэтавай службы. Як ніхто, ён ведае цану слова — умее ўкласці ў адну лексічную адзінку столькі інфармацыі, колькі часам не змесціць і паэма; адорвае другім жыццём забытыя беларускія слоўцы і нараджае новыя словы.
Свабода і адказнасць для паэта — два непарыўна звязаныя паняцці, аднолькава важныя для ўзлёту, як два крылы».
***
9.01.2016. Дзякуючы нашай аўчарцы Міёне ведаю ў сваім двары амаль усіх Гражданоў. Радуе, што ёсць і адэкватныя людзі, для якіх Сабака, гэта Сабака, а не вораг. Сусед Дзіма цяпер вітаецца здалёку. Сёння цікавіўся: «Кусаецца?» — «Не!» — адказаў я, і пачуў: «Ну тады пазыч тысяч пяцьдзясят, а то я каго-небудзь пакусаю!»
***
10.01.2016. Пісьменнік Віктар Марціновіч у гутарцы з карэспандэнтам «НН» сказаў: «Пад шэрым небам Мінска я нікому непатрэбны». Тут жа пад матэрыялам з’явіліся каментары. Зразумела, ананімныя. Адны пішуць, што Віктар Марціновіч нам патрэбны, іншыя, што няхай ён едзе ў сваю Эўропу і там балдзее ад таго, што ён такі вялікі пісьменнік. Нехта Ігар І. Іваноў згадаў і мяне: «І як Вы, Віктар, можаце пра гэта ведаць, калі я не прачытаў яшчэ аніводнай Вашай кнігі?
Я і Шніпа яшчэ не прачытаў. Але ўжо ведаю — патрэбен. Патрэбен мне Віктар Шніп. Патрэбны яго «Пугачоўскі цырульнік». Патрэбны Граждан і Сабака. Патрэбна яго колішняя размова ў ваенкамаце. Шпацыр з мамаю. Шмат чаго.
Чалавек не горшы за сабаку. Мае права паскуголіць. На людзях навошта?
Сабе схлусіць можна. Людзей абражаць навошта? Здраджваць навошта? Хто асудзіць чалавека, які з’ехаў з Беларусі, толькі за факт — перасёк мяжу, жыў у другой краіне? А вось таго, хто пакрыўдзіў свой этнас, сваіх чытачоў, сваіх грамадзян, асудзяць?»
***
12.01.2016. Цэлы дзень з неба сыплецца і сыплецца снег. Жывём, як у снежным гадзінніку.
***
13.01.2016. У нябесным белым моры птушка, як чорны ветразь...
***
13.01.2016. Вясковы зімовы вечар. На вуліцы другія суткі мяцеліца. У роднай хаце цёпла. Я вярнуўся ўвесь аблеплены снегам з Гаіка, дзе катаўся на лыжах. Бацькі адпачываюць. Мама ляжыць на печы, бацька на ложку каля печкі, у якой поўна гарачага вуголля, як золата. Брат і сястра глядзяць «Калыханку». Пачуўшы, што я вярнуўся дамоў, мама кажа: «Ідзі павячэрай!» На кухні на стале ў каструлі вараная, яшчэ цёплая, бульба, на патэльні смажаная вясковая каўбаса, у місцы квашаная капуста, а ў другой грыбы. Вячэраю...