***
25.01.2016. Напрыканцы мінулага года ў «ЛіМе» быў змешачны мой расповед пра тое, якія выданні пабачылі свет у «Мастацкай літаратуры» ў 2015 годзе. Гаворачы пра кнігу «Недаспяваныя песні», у якой змешачны вершы паэтаў, што загінулі ў час вайны, я ўзгадаў верш Міколы Сурначова «У стоптаным жыце» і выказаў меркаванне: «Калі б Сурначоў не загінуў на Заходнім фронце ў 1941-м, мы, можа, мелі б яшчэ аднаго народнага паэта». На жаль, я назваў недакладную дату смерці паэта і мне пра маю памылку сёння сказаў, патэлефанаваўшы, Мікола Чарняўскі: «Сурначоў загінуў 20 красавіка 1945 года пад Берлінам. Гэта прыкрая памылка, але ж не абразлівая, як у адным з нумароў «ЛіМа» пісьменнік Даір Слаўковіч быў названы Даірам Сляповічам.»
***
26.01.2016. Каля дарогі кусты ў шэрані, нібы скруткі калючага дроту...
***
26.01.2016. Раніцою да мяне на працу прыходзіла Наталля Адамовіч, каб узяць пару экзэмпляраў «Блокадной книги». Сёння дзень памяці яе бацькі. Была ў царкве. Я распавёў, як недзе ў гэтым месяцы дваццаць дзевяць гадоў таму мы з Людмілай Рублеўскай, будучы студэнтамі Літінстытута, адведвалі Алеся Міхайлавіча, які падлечваўся ў адной з маскоўскіх бальніц. Амаль гадзіну ехалі на аўтобусе некуды на ўскраіну Масквы. Выйшлі, а навокал усё замецена. Вецер. Мароз. Змрочна. Адно што надавала добрага настрою — апельсіны, якія ў нашай торбе свяціліся, як сонейкі. У Адамовіча ў палаце вельмі доўга не сядзелі, бо дактары не дазвалялі. Даведаўшыся, што мы ў хуткім часе збіраемся пабрацца шлюбам, Алесь Міхайлавіч нас па-бацькоўску блаславіў. Слухаючы мяне, Наталля Аляксандраўна светла ўсміхалася. На развітанне нагадала, што 31 студзеня спаўняецца 90 гадоў сыну Якуба Коласа Міхасю Канстанцінавічу: «Абавязкова павіншуйце! Ён вас цэніць!»
***
26.01.2016. У фэйсбуку Jan Karczewski 22 студзеня ў каментары да майго новага верша напісаў: «Балада закаханага наркамана». Мае вучаніцы гэтым вершам выйгравалі дэкламатарскія конкурсы. У нас гэта магчыма. Давайце далей, Віктар!»
***
27.01.2016. Пацяплела. І ў снегу з’явілася свая забава. Снег з’язджае са стрэх...
***
28.01.2016. Прыемныя весткі раствараюцца ў табе, як драбок цукру ў вядры з вадой, а непрыемнасці, нават велічынёй з муху, трапіўшы ў тваю душу, вырастаюць да памераў слана.
***
29.01.2016. Пасля абеду мяне на працы наведаў Вячаслаў Рагойша і падарыў краязнаўчы альманах «Наш гонар — Ракаў», які ён з землякамі і роднымі падрыхтаваў і выдаў да 550-годдзя Ракава. Шкада, што гэтае выданне не пабачыла свет да святкавання юбілею нашага слаўнага мястэчка. Шмат у ім цікавых матэрыялаў і здымкаў. З Ракаўскіх хронік можна даведацца і такое: «04.08.1919 года Ракаў быў захоплены польскімі войскамі. На канец 1919 года ў Ракаве жыло 3332 чалавекі. З іх 53,7 % палякі, астатнія — яўрэі, беларусамі ніхто не назваўся». На 1 студзеня 2015 года ў Ракаве жыло 2530 жыхароў. Падпісваючы альманах, Вячаслаў Пятровіч напісаў: «Таленавіта-высакароднай сям’і Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай, якая мае самае цеснае дачыненне да Ракава і Ракаўшчыны, з нязменнай сімпатыяй і найлепшымі пажаданнямі. Вячаслаў Рагойша. Ракаў—Мінск, студзень, 2016».
***
29.01.2016. Удзельнічаў у вечарыне, прысвечанай 95-годдзю Івана Шамякіна, якая прайшла ў Музеі Максіма Багдановіча. Выступоўцаў было шмат. Г аварылі цікава, але падоўгу. Дочкі Івана Пятровіча сядзелі ў першым радзе, таму не бачылі, што ў іх за спінамі робіцца. Пад канец вечарыны, якая цягнулася больш як дзве гадзіны, палова людзей (студэнты) паўцякала. Ішоў дамоў са злым пытаннем: «Калі ўжо нашы старыя паважаныя пісьменнікі і літаратуразнаўцы зразумеюць, што, чым даўжэй яны гавораць, тым меней іх слухаюць?»
***
29.01.2016. Амаль цёпла. На Свіслачы, дзе растаў лёд, з’явіліся качкі, як коцікі на вярбе...
***
30.01.2016. Знакамітаму фізіку Стывену Хокінгу, які ў дваццаць адзін год быў паралізаваны, цяпер 74 гады. У гонар свайго дня народзін у Каралеўскім інстытуце Лондана ён прачытаў лекцыю, у якой сказаў: «Трэба заўсёды помніць, што, у якія б цёмныя часіны вы ні трапілі, выхад з іх заўсёды ёсць. Выхад ужо ў іншы сусвет». Узгадаўшы ў сваім жыцці цёмныя часіны, згаджаюся з фізікам. І яшчэ трэба помніць, што выхаду няма толькі з магілы...
Ты падумай...
31.01.2016. Цёплая раніца. Крама. Малочны аддзел. У метрах двух ад мяне крамніца гадоў сарака пяці выкладвае для продажу пакеты з малаком. Каля яе стаіць невысокі, па ўзросце амаль пенсіянер, грузчык. Яна прывабная. Ён не пудзіла ў сваёй ватоўцы, але і не прыгажун. Чую, як грузчык пытаецца: «Што ты сёння вечарам робіш?» — «Нічога», — адказвае жанчына і працягвае выкладваць малако. «Паехалі да мяне пасля працы», — прапануе мужчына. «Чаго?» — «Чаю пап’ём, тэлевізар паглядзім». — «Я і дома пап’ю і тэлевізар пагляджу». — «Дык на канапе паляжым». — «Я і дома паляжу». — «Дык, можа, чым вясёлым на канапе зоймемся». — «Не ведаю.» — «Ты падумай. Будзе ўсё добра.» — кажа грузчык і адыходзіць ад крамніцы.