***
11.02.2016. Раніцай з Дзмітрыем Пятровічам прэзентавалі кнігу прозы і паэзіі маладых «Мой дзень пачынаецца...» Усе запрошаныя паэткі прыйшлі: Валерыя Саротнік, Яна Явіч, Ганна Чумакова, Ірына Чарняўская, Кацярына Масэ, Вераніка Мандзік, Людміла Клачко. Паэтаў не было. Іх у зборніку дванаццаць чалавек з сарака пяці. Было шмат маладых слухачак (дзяўчат семдзесят, а мо і болей), і таксама аніводнага хлопца. Праўда, сярод іх стаяў Леанід Дранько-Майсюк. На жаль, у мяне не было фотаапарата, а то можна было б зрабіць паэтычны здымак з назовам кшталту «Паэт і ягоныя музы».
***
11.02.2016. Учора, ідучы да сцэны на выступленне, Леанід Барткевіч запытаўся ў мяне: «Як лепей сказаць, Расія ці Расея?» — «Расія», — адказаў я, і ў сваім выступленні спадар Леанід Расію назваў Расіяй.
***
11.02.2016. На кніжнай выставе вечарам вёў паўтарагадзінную імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». На жаль, слухачоў было малавата. Праўда, нашы выступленні, дзякуючы мікрафону, чуліся амаль на ўвесь выставачны павільён. Я чытаў класікаў (Купалу, Багдановіча, Танка, Куляшова, Броўку, Караткевіча, Янішчыц), а прысутныя паэты чыталі сябе, як класікі. Завяршылася наша імпрэза выступленнем студэнцкага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай. Пакуль мы чыталі вершы, на вуліцы выпаў снег. Белы, як чыстая папера для новых твораў.
***
12.02.2016. Кніжная выстава стамляе. Кнігі не стамляюць...
***
13.02.2016. На кніжную выставу прыехаў за паўгадзіны да пачатку паэтычнай імпрэзы, у якой быў вядучым. Сабраліся выступоўцы. Дзесяць гадзін. Трэба пачынаць, а пачаць не можам, бо няма мікрафона. Дзе ён? А ён у гукааператара, які забраў яго дахаты і ўжо едзе на працу. Чакаем. Хвалюемся. Час ідзе. Гукааператара ўсё няма і няма. Слухачы запытальна глядзяць на нас: «Чаму не выступаем? Каго ці чаго чакаем?» Хлопец з мікрафонам з’явіўся а палове адзінаццатай. Давялося падкараціць нашы выступленні. Спадзяюся, што ўсім запомніцца Касандра — цудоўная спявачка, гімназістка, прыгажуня. Яна праспявала песню «Жураўлі» на трох мовах — рускай, кітайскай і беларускай.
Хлопец Андрэй купіў маю кнігу «Заўтра была адліга» і запытаўся: «Калі будзе працяг?» — «Ён пішацца кожны дзень!» — адказаў я.
У дванаццаць гадзін быў каля ратушы, дзе ўдзельнічаў у рэспубліканскай акцыі «Беларусь, я цябе люблю». Напачатку ўвесь пляц быў запоўнены людзьмі. Потым з-за холаду слухачы паціху пачалі разыходзіцца, але і пачалі прыходзіць новыя. Прачытаў два вершы, прысвечаныя Мулявіну і Караткевічу.
Вечарам на кніжнай выставе вёў імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». Усё было хораша. Мне найбольш спадабалася паэтычна-музычнае выступленне паэта Змітра Арцюха і скрыпачкі Юліі Лебядзенкі, якая прыехала на канікулы з Вены, дзе вучыцца. Вялікі дзякуй ім, што не адмовіліся выступіць, бо пасля выступлення на іншай прэзентацыі яны ўжо ішлі дахаты, а я іх перахапіў на самым выхадзе з выставачнага павільёна.
Каля стэнда выдавецтва гістарычнай кнігі «Янушкевіч» Людміла Рублеўская раздавала аўтографы на «Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпика» ў перакладзе Паўла Ляхновіча. Час ад часу ад стэнда «Мастацкай літаратуры» мне даводзілася вадзіць да Людмілы чытачоў з кнігамі, што выйшлі ў нас і ў «Звяздзе»...
Шкадую, што не прысутнічаў на прэзентацыі кнігі Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра».
***
13.02.2016. Мінулай ноччу снілася вёска. Я прыехаў ранкам з Мінска. Іду да роднай хаты, а мне насустрач сунецца Сяргей Вераціла. Павіталіся. Сяргей кажа: «Я там жыў у цябе цэлы тыдзень! Дзякую! Толькі нешта там у хляве ў цябе смярдзіць». — «Відаць, свіння здохла!» — кажу я. Сяргей пагаджаецца і раіць яе закапаць, каб не смярдзела.
***
13.02.2016. Некаторыя наведвальнікі кніжнай выставы, а таксама сёй-той з пісьменнікаў фатаграфуюцца з кардонным Баракам Абамам. Я кардонных, як і гумовых, не люблю.
***
14.02.2016. Апошні дзень кніжнай выставы, але не кніжнага свету.
Сёння не спяшаўся да выдавецкага стэнда, але ўсё роўна прыехаў а палове
адзінаццатай. Людзей мала. Ходзяць сярод кніг, як сярод цэглы, з якой будуюцца душы.
Урэшце змог цалкам абысці ўсе сцежкі-дарожкі выставы. Нічога незвычайнага няма, акрамя кардоннага Абамы.
Удзельнікі выставы стомленыя ад шуму-тлуму, але ўсміхаюцца, як і належыць культурным людзям. Многія наведвальнікі, як шукальнікі скарбаў, апантаныя да слепаты ў сваіх пошуках.
Сёння на галоўнай сцэне была прэзентацыя толькі кніжак Тамары Лісіцкай. Нехта праходзіў міма, нехта спыняўся. Пыталіся: «Што за актрыса?» Тлумачыў. Нехта спыняўся, нехта ішоў далей.