***
24.02.2016. Неяк было падарыў кнігу «Заўтра была адліга» кінарэжысёру Уладзіміру Арлову, а потым праз нейкі час атрымаў ад яго ліст, які, сёння яшчэ раз прачытаўшы, вырашыў занатаваць:
«Што Віцьку «барселёны» і «кракавы».
Што «мадрыды», «саррэнты» ўначы,
Калі думкі пра могілкі ў Ракаве
І пра вёску бацькоў — Пугачы.
Удар — з першага ж радка Вашай кнігі: “Упершыню за апошнія чатыры гады.” Што і як успрымалася далей — гл. эпіграф.
Я, можа, шчаслівейшы за Вас, бо адплывае ў туманную далеч боль страт, зацягваецца смалой-жывіцай часу: любімай бабулі не стала ў 71-м, бацькі — у 77-м, маці — у 92-м. Адно малюся за іх светлую памяць штораніцы. А наконт бацькоўскага дома. Вось урывак з маёй 9-й кнігі “Магия многоцветного экрана”, якую паказваў Вам (515 старонак, 150 фотак. “Харвест”, 2015 г.).
“Везде жили на съёмных квартирах: мой светлый папа-идеалист — совестливый солдат советской системы — считал неприличным коммунисту заботиться о своём жилье, чем рьяно и успешно занимались товарищи по партии. Понятно, почему у меня нет так называемого “отчего дома”. Может, поэтому фильмы мои назывались: “Твой дом на земле”, “Добренево — отчий дом”, “Дорога в оба конца” — о сельском и городском домах хлопцев-близнецов; “126 слов” и “Дорога на Евино” — о деревенских домах моих друзейсценаристов, — 33 серии “Проклятый уютный дом”; и песни: “Дом”, “Дом мой, столица”, “Вы домой, журавли”.
Местечко Сопоцкин. там папа и бабушка упокоились: лежат рядом, как и прожили вместе свой век, — какое счастье!.. ”
Вершы чытаю і перачытваю: як заўсёды, з захапленнем і асалодай. Цісну руку Майстра. З павагай — Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр».
Зрабілі Міёне прышчэпку ад шаленства. Цяпер праз год — другую. Не забыцца б! Вечарам зважылі малую. Ужо 24 кілаграмы! Вялікая дзеўка!
***
25.02.2016. Атрымаў ліст на сваё імя ад пісьменніка, твораў якога ў нашых выдавецкіх планах няма: «Прашу рэдактара маёй кнігі ў апавяданні “Юр’еў дзень” апошні сказ “Сонца яшчэ не зайшло” замяніць на сказ “Яшчэ не зайшло сонца” — так, як было ў арыгінале пры перадачы рукапісу ў часопіс “Полымя”».
Тэлефанаваў сваяк Анатоль Блашчыцын. Ад яго даведаўся, што ў гэтым месяцы ў Пугачах памерлі нашы землякі: 19 лютага Ганна Сікорская (у канцы сакавіка было б 87 гадоў), 22 лютага пахавалі Стася Рабца (пражыў 58 гадоў), а сёння памёр Казік Вярбіцкі (1951 года нараджэння). Тры чалавекі памерлі, і ніхто не нарадзіўся.
***
26.02.2016. Быў у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» на адкрыцці фотавыставы Юрыя Іванова «Невядомыя фотаздымкі Уладзіміра Мулявіна». Прыйшоў амаль на паўгадзіны раней. Баяўся, што яшчэ нікога не будзе. Ды не! Ужо былі Юрый Іваноў, Ігар Лучанок, Людміла Крушынская, Барыс Крэпак і яшчэ з дзясятак чалавек, а таксама тэлебачанне і фотакарэспандэнты. Хутка зала галерэі, на сценах якой віселі вялікія фотаработы, як мастацкія карціны, запоўнілася людзьмі. Тут жа ў цэнтры стаяў стол з зялёнымі пластыкоўкамі, напоўненымі шампанскім. Амаль ніхто іх не чапаў, бо не прынята да адкрыцця выставы святкаваць. А сямнаццатай гадзіне ўсіх прысутных запрасілі ў залу, дзе стаяў мікрафон, а на століку ляжала кніга «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», у якой шмат фотаздымкаў Юрыя Іванова. Так атрымалася, што я спыніўся на ўваходзе з адной залы ў другую і мне былі бачныя выступоўцы і тое, што робіцца ў зале, у якой стол з шампанскім. Недзе праз хвілін пятнаццаць паўз мяне ў залу з адзінокім гасцінным сталом прайшоў дзіўнаваты хлапчук з доўгімі светлымі валасамі. Ён пахадзіў каля стала, панюхаў пластыкоўкі і хуценька выйшаў з залы. Праз пару хвілін ён зноў прайшоў каля мяне, але ўжо не адзін. Другія такія ж дзіўнаватыя хлопцы, відаць, са спецінтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, абнюхаўшы ўсё, што было на стале, вярнуліся назад да сваёй кампаніі, якая стаяла непадалёку ад гардэроба. І яшчэ праз пару хвілін паўз мяне да стала з шампанскім прайшлі, як мурашкі, чалавек дваццаць хлопцаў і дзяўчат з таго спецінтэрната. Атрымалася вельмі прыгожая кінематаграфічная карціна — у адной зале пажылыя паважаныя дзядзькі выступаюць і гавораць пра Іванова і Мулявіна, а ў другой у гэты ж час дзеці са спецінтэрната з зялёных пластыковак п’юць шампанскае. Яшчэ праз хвілін дзесяць я выйшаў з мастацкай галерэі. На ганку стаяла аўтар кнігі пра Уладзіміра Мулявіна Людміла Крушынская і глядзела на бялюткі густы снег, які нечакана пасыпаўся з неба, як пялёсткі белых кветак ад Песняра.