З Алесем Разанавым і мастачкай Кацярынай Дасько даводзілі да ладу афармленне кнігі выбраных пункціраў «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Кожны раз пры размове з Алесем Сцяпанавічам у мяне з’яўляюцца паэтычныя радкі, чуючы якія, Разанаў кажа, каб я іх занатоўваў. На гэта раз я паслухаўся паэта:
На небе вырасла трава,
А на зямлі аблокі.
І ў іх схавалася царква,
Каб не прыйшлі прарокі,
Што косяць шаблямі траву.
***
27.02.2016. Сонечна, як пры жывой маме.
З Людмілай дамовіліся сустрэцца каля ГУМа а шаснаццатай гадзіне. Прыйшоў раней. Каля ўвахода ў краму на парапеце сядзеў, трымаючы паміж ног велізарную чорную сумку, у чырвонай куртцы і ў грувасткай чырвонай вязанай шапцы бяззубы паэт. Яго ведаю амаль сорак гадоў. Мы з ім пазнаёміліся на літаб’яднанні ў «Чырвонай змене». Я тады вучыўся ў тэхнікуме, а ён працаваў на водаканале. Як яго завуць — не памятаю. Ці піша ён цяпер вершы? Хутчэй што — не. Ён нярэдка бывае там, куды я прыходжу, і мне часам здаецца, што ён шпіёніць за мной. Хвілін пятнаццаць я таптаўся каля ўвахода ў ГУМ, і ўвесь гэты час бяззубы паэт сядзеў на парапеце і нешта сам сабе шаптаў, нібы маліўся. Каб пагрэцца, я на некалькі хвілін зайшоў у краму і, калі выйшаў, майго знаёмага на месцы не было. Ля ўвахода з’явіўся сабака. Нехта яго прывязаў, і ён спакойна і з любоўю глядзеў на мінакоў, грэючыся на сонцы. Хутка прыехала Людміла. Купіўшы ў ГУМе новых відэльцаў і лыжак, мы пайшлі на выставу дызайнераў «Млын». Уваход платны — 30 тысяч. Нягледзячы на гэта, у павільёне паўнютка людзей. Сустрэлі паэтку Наталку Кучмель. На самым пачатку нашай вандроўкі сярод рукатворнай прыгажосці мне прапанавалі набыць голас дажджу, а за хвілін дзесяць перад выхадам з гандлёвага павільёна мог займець таблетку шчасця. Нічога не набыў, а Людміла сёе-тое купіла. Дамоў вярталіся стомленыя, але задаволеныя. У маёй памяці застаўся голас дажджу.
***
28.02.2016. З белага неба сыплецца і сыплецца снег, як белая труха. І ты ідзеш па заснежаным полі, як па небе.
На лаўцы, на якой учора вечарам ляжаў бомж, сёння ранкам ляжаў снег.
***
29.02.2016. З выдавецтва N прыходзіла рэдактарка кнігі паэта, які піша на рускай мове і які ў свой томік твораў змясціў пераклады беларускіх паэтаў. Пыталася, што рабіць з Максімам Багдановічам, каму плаціць. У бухгалтэрыі іх выдавецтва катэгарычна сказалі: «У такога паэта не магло не быць дзяцей! Яны цяпер недзе ў Амерыцы жывуць! Трэба знайсці і заключыць дамову на публікацыю, а іначай яны нас па судах зацягаюць!»
Сакавік
1.03.2016. Ранкам зямля была чорная. Цяпер белая ад снегу, які ўсё ляціць і ляціць на зямлю. Ідучы праз гэтую першасакавіцкую завею, згадаў родную хату і тыя далёкія гады, калі бацьку было каля сарака. Ён працаваў на ферме падвозчыкам і палуднаваць прыязджаў на кані дахаты. Бывала, прыедзе па вясновай чорнай зямлі, паставіць воз у двары, а праз нейкую часіну пойдзе, як сёння, снег, і сляды ад колаў прападуць, нібыта іх і не было. Папалуднаваўшы, бацька вяртаецца на ферму, і следам за ім ад нашай хаты на снезе застаюцца дзве паралельныя каляіны, паміж якімі сляды каня. Я, дзесяцігадовы хлапчук, выходзіў з хаты і няспешна ішоў па бацькавай дарозе, уяўляючы, што тут нядаўна ехала карэта, у якой сядзеў князь. Князем быў мой бацька, і ён паехаў на вайну, а мяне пакінуў дома. З кім вайна? Я пра гэта не думаў. Г алоўнае для мяне было, што мой бацька — князь і ён вернецца з перамогай.
Выпаў снег, нібыта з чыстай старонкі пачаўся сакавік.
***
2.03.2016. Над Свіслаччу чайка, як папяровы самалёцік, што прыляцеў з майго дзяцінства.
***
3.03.2016. Раніца а палове дзясятай. Пад нагамі растае першасакавіцкі снег. Я іду на радыё запісвацца для перадачы «Дыярыуш». Па ходніках вуліцы Чырвонай у парк, дзе стаіць Марат Казей з гранатай, Ён і Яна прабеглі перада мной у сціплых спартовых касцюмах. Прыгожа. Яны не заўважылі мяне. А я цэлую хвіліну глядзеў ім услед. Прыгожа! Нават дзеля таго, каб убачыць іх разам у спартовых касцюмах, сёння і варта было а палове дзясятай ісці па калюгах на радыё.
У старых кніжках старонкі жоўтыя, як з пяску.
***
4.03.2016. У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы ўдзельнічаў у адкрыцці фотавыставы «Балады Віктара Шніпа на фатаграфіях Міколы Лінніка», якая распачалася з выступу гурта Кацярыны Ваданосавай «Alta mente». У зале было шмат пастаянных наведвальнікаў бібліятэкі, якія ўважліва ўсіх слухалі і гучна апладзіравалі. Адкрыццё выставы, якое стала працягам святкавання ўчарашняга дня народзін Міколы Міхайлавіча, заняло амаль паўтары гадзіны. Калі я пісаў водгук пра фотаработы, да мяне падышоў пажылы мужчына і падзякаваў за «Баладу Язэпа Драздовіча». Праз хвілін пяць я пакінуў апусцелую залу. Думаў, што ў калідоры ўжо нікога не будзе, а там амаль усе слухачы разглядалі фотаздымкі. Адна жанчына перапісвала ў блакнот маю баладу. Не падышоў, каб паглядзець якую. Потым фатаграфаваліся каля скульптуры Янкі Купалы. Ідучы з бібліятэкі на тралейбусны прыпынак, дагнаў двух здаровых хлапцоў з велізарнымі чорнымі цяжкімі сумкамі. Падумалася: «А можа, кніжкі нясуць?..»