***
13.03.2016. Адбыўся з’езд кампазітараў, якіх у саюзе ў параўнанні з пісьменнікамі не так і шмат. У дзесяць разоў меней. Недзе чалавек 130. У БСК прымаюць толькі з вышэйшай музычнай адукацыяй. Кампазітары, як і пісьменнікі, таксама не спяць у шапку, а твораць і твораць. І ўсё роўна мы ведаем толькі тых, хто стаў вядомым гадоў дваццаць таму. Гэта чалавек дзесяць, а астатніх як і няма. Яны нібыта затаіліся, баючыся, што і ім можа быць пастаўленая задача стварыць сваю «Вайну і мір». З’езд прайшоў без шуму і тлуму. Старшынёй абраны Ігар Лучанок, які на гэтай пасадзе з 1980 года.
Прыснілася, што іду з Пугачоў у Мінск. Стаміўся. Раптам мяне даганяе грузавая вайсковая машына. Спыняецца. У кузаве сядзяць мае аднакурснікі з тэхнікума. Сашка Каляда кажа: «Садзіся! Падвязём да Мінска!» Я залажу ў кузаў. Там на скрынях сядзяць дзяўчаты і хлопцы. Усе вясёлыя. Пачынаю распытваць, адкуль яны едуць. Ніхто нічога не адказвае. Усе смяюцца. Машына псуецца. Я злажу з кузава на зямлю. Пытаюся ў мінака: «Колькі да Мінска кіламетраў засталося?» — «Дзвесце тысяч!» — кажа мужчына.
***
14.03.2016. Зіма белай павуцінай снегу хапаецца за чорную зямлю.
***
16.03.2016. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што ў ЗША памёр Аляксандр Ясенін-Вольпін, вядомы савецкі дысідэнт, сын Сяргея Ясеніна і паэткі Надзеі Вольпін. У 1949 годзе ён быў змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу за антысавецкія вершы. У 1965-м стаў ініцыятарам першай праваабарончай дэманстрацыі ў Маскве на Пушкінскай плошчы. У 1972 годзе ён эміграваў у ЗША. Аляксандр Ясенін-Вольпін быў вядомым матэматыкам і філосафам, аўтарам некалькіх фундаментальных работ у галіне матэматычнай логікі і тэорыі права. Пражыў 91 год. Пажыў за сябе і за бацьку.
***
16.03.2016. Сто гадоў чакання пенсіі.
***
17.03.2016. У кнігарні «Светач» з 12 да 17 гадзін прайшла акцыя «Сямейнае чытанне», у якой прынялі ўдзел пісьменнікі Алена Папова, Ганад Чарказян, Алесь Камоцкі, Дзмітрый Пятровіч і я. Мне і Пятровічу выпала выступаць з 14 да 16 гадзін. Людзей напачатку амаль не было — працоўны ж дзень, і да ўсяго абвестка пра нашу акцыю з’явілася на дзвярах кнігарні толькі ўчора. Калі спяваў Пятровіч, зайшоў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Пахадзіў-пахадзіў па кнігарні і, нічога не набыўшы, сфатаграфаваў нас, адзінокіх. Потым сабралася чалавек дзесяць слухачоў. Для іх мы і выступалі. Побач са мной сядзела маладая маці з дачкой гадоў шасці. Малая час ад часу прасіла набыць кніжку Пятровіча, які спяваў пад гітару. І маці кожны раз шаптала дзіцяці: «У нас грошай на кніжкі няма.» Кнігарню за нашы дзве гадзіны наведала чалавек трыццаць, і толькі адна жанчына, якая амаль гадзіну слухала мяне і Пятровіча, набыла кніжку, і гэтай кніжкай стала мая «Заўтра была адліга». Жанчыну звалі Г аліна Леанідаўна. Астатнія наогул выходзілі з кнігарні, як з кніжнага музея.
***
18.03.2016. У бібліятэцы імя Цёткі паэтычны тэатр «Арт.С» прадставіў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». Гэта была ўжо васямнаццатая імпрэза. Яна была прысвечаная сіняму колеру. Вядоўцы Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі давалі слова Віцы Трэнас, Алесю Емяльянаву, Таццяне Пратасевіч, Юрасю Пацюпу, Ірыне і Максіму Клімковічам. Я выступаў па ліку другім і, баючыся, што наш спектакль можа па часе хутка скончыцца (некалькі выступоўцаў прыхварэлі), прачытаў два вялікія вершы (звычайна адзін) — «Люты Рыгора Барадуліна» і «У сінім свеце». Распавядаючы пра Рыгора Іванавіча, згадаў, як прыносіў яму ў выдавецтва ў школьных сініх сшытках вершы, напісаныя сінім чарнілам на сініх лінейках. Калі ў Барадуліна сабралася маіх сшыткаў з дзясятак, ён паклікаў мяне дахаты, каб пагаварыць пра творы. Успрымаючы Рыгора Іванавіча як свайго настаўніка, я чакаў, што вершы мае будуць скрэсленыя чырвоным чарнілам, як гэта рабілі ў школе настаўнікі, але над многімі вершамі стаялі толькі сінія крыжыкі. Гэта азначала, што гэтыя творы Барадуліну спадабаліся. Пазней і я пачаў ставіць сінія крыжыкі або мінусы над чужымі творамі, якія даваліся мне на ацэнку.
Сіні колер для мяне — святы колер, бо ў яго былі пафарбаваныя дзверы царквы, у якую я ўпершыню ў пяць гадоў зайшоў з бабуляй Ганнай у Крывічах, дзе пахаваны мой дзед Міхась.