***
31.03.2016. Пазаўчора, едучы ў Маладзечна, бачыў лебедзяў, якія лёталі над азярынай. Нічога больш прыгожага з таго дня не памятаю. Зажмуруся — і бачу белых лебедзяў, якія лётаюць над вадой, як над небам.
Красавік
***
1.04.2016. Быў на пахаванні Ніла Гілевіча. І ў царкве, і на Кальварыйскіх могілках. «Вось яны, родныя дзеці Гілевіча!» — гучала ў маёй душы, калі я глядзеў на сотні людзей, што прыйшлі развітацца з народным Паэтам.
***
1.04.2016. Паэт Анатоль Шушко прыехаў на пахаванне Ніла Гілевіча з Пінска. У свой час Анатоль быў студэнтам Ніла Сымонавіча. Прымаючы экзамен у першага курса, Гілевіч адразу задаў пытанне Шушко не па тэме білета: «Якія народныя песні вы ведаеце?» Анатоль назваў адну. «Праспявайце куплет!» — папрасіў выкладчык. Студэнт праспяваў. «Яшчэ адну назавіце!» Анатоль назваў. Зноў Гілевіч папрасіў паспяваць. Потым яшчэ раз давялося студэнту быць спеваком. «Стаўлю “выдатна”! Калі б вы пачалі спяваць “Касіў Ясь канюшыну”, якая гучыць з кожнага вакна, вам бы давялося пераздаваць экзамен!» — сказаў Ніл Гілевіч і аддаў студэнту залікоўку.
***
1.04.2016. З Алесем Бадаком, усклаўшы кветкі да труны Ніла Гілевіча ў Петрапаўлаўскім саборы, нейкі час пабылі сярод людзей. Потым Алесь паехаў па сваіх справах, а я — дахаты, дзе па «Радыё Свабода» глядзеў прамую трансляцыю з грамадзянскай паніхіды. У 14.45 паніхіда закончылася, і я пайшоў на Кальварыйскія могілкі. Ужо каля ста чалавек чакала Гілевіча. Адзін з маіх знаёмых пацікавіўся: «А дзе астатнія пісьменнікі?» Я патлумачыў яму, што быў дома і за ўсім сачыў па інтэрнэце, і хутка ўсе прыедуць. Праз хвілін дзесяць прывезлі Гілевіча. Сабралася чалавек трыста. Сустрэў роднага брата Ніла Гілевіча Міколу Сымонавіча, з якім мы доўгі час працавалі ў «ЛіМе» і даўным-даўно не бачыліся. Мікола Сымонавіч у свае 80 выглядае, па-мойму, гэтак жа, як і дваццаць гадоў таму, добра. «Я вельмі ўсцешаны тым, што прыйшло развітацца з Нілам столькі шмат народу. Людзі розных узростаў і розных палітычных поглядаў.» — сказаў Мікола Гіль і пайшоў да труны, а я некалькіх чалавек павёў да магілы Алеся Пісьмянкова, якую яны захацелі паглядзець. Якраз да Алеся прыйшла жонка Алена, і я дапамог ёй запаліць свечку. Казала, што Максім жаніўся. Дамоў вярнуўся а палове на шостую. У 19.10 раптам пайшоў снег, і ўся зямля стала белай-белай, як чысты шлях да Бога.
***
2.04.2016. На азярыне, што на Мухлі, лёд растаў, і чайкі перасталі крычаць. Сядзяць на вадзе, як пераможцы...
***
3.04.2016. Наведваючы з Людмілай яе маму, якая жыве на вуліцы Бірузова, нярэдка вяртаемся дахаты праз Кальварыйскія могілкі. І сёння наш шлях пралягаў каля магіл Вячаслава Адамчыка, Алеся Пісьмянкова і Ніла Гілевіча. Пастаялі, падумалі, паўспаміналі. Каля Ніла Сымонавіча, акрамя нас, прыпыняўся мужчына гадоў васьмідзесяці. Стаяў, зняўшы шапку, маліўся. Гледзячы на помнік жонкі Гілевіча, раптам звярнуў увагу, што яна звалася Нінай і што маці Адама Глобуса Ніна, і мая маці таксама Ніна. Нарадзіліся яны ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер, відаць, мала хто сваім дзецям дае такое прыгожае імя, як Ніна.
***
3.04.2016. На могілках вясна адчуваецца болей, чым дзе...
***
4.04.2016. На азярыне, якая вызвалілася ад лёду, хвалі. Яны як сляды часу, які ідзе па вадзе.
***
4.04.2016. Дома — гэта табе не ў гасцях. Тут самому трэба каву гатаваць і вяршкі з цукрам дадаваць...
***
4.04.2016. Голыя жанчыны як голая праўда...
***
4.04.2016. Вароны на дрэвах ладзяць гнёзды і крычаць, нібыта толькі гэтай вясной даведаліся, адкуль і куды ў дрэва галіны растуць.
***
4.04.2016. З кожным вясновым днём спадніцы на дзяўчатах карацеюць, як карацеюць ночы.
***
5.04.2016. Дзякуючы фотамайстру Васілю Кузьмічкіну і ягонай машыне, ездзіў у Валожын у краязнаўчы музей, дзе ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «Балады беларускага шляху» (Балады Віктара Шніпа ў фотаздымках Міколы Лінніка). Мікола Міхайлавіч прадставіў сорак адзін здымак. Вялікі яму дзякуй за ўвагу да маіх твораў. Магчыма, некалі ўсё зробленае намі выдасца кнігай, а магчыма, і не. Пакуль што задума Міколы Міхайлавіча паспяхова ажыццяўляецца. Праўда, каб зрабіць фотаздымкі да ўсіх маіх балад, яму спатрэбіцца яшчэ не адзін год. Да пачатку імпрэзы было амаль паўгадзіны, і мне супрацоўнікі музея паказалі экспазіцыю. Яна не вельмі багатая, але ёсць што паглядзець. Большасць экспанатаў не выстаўленыя — няма грошай, каб усё аформіць, як патрэбна. На імпрэзу прыйшлі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, настаўнікі і вучні з СШ №1, якую ў свой час закончыў спадар Мікола. Для мяне было нечаканасцю, што дзеці па памяці чыталі мае балады. Найбольш выразна і без памылак была прачытаная «Балада Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча». Шкада, што ў мяне ўжо даўно няма кнігі «Проза і паэзія агню», у якой змешчаная большая частка твораў з цыкла «Балады беларускага шляху», а то б падарыў дзяўчыне, ды і астатнім чытальнікам я вельмі ўдзячны за дэкламаванне маіх твораў. На жаль, па Валожыне не знайшлося вольнага часу пагуляць, але ў самім краязнаўчым музеі быў той Валожын і Валожыншчына, пра якія раней я не ведаў, і мне гэтага хапіла для добрага настрою, з якім я вяртаўся ў Мінск. Вакол дарогі мільгалі родныя краявіды, дзе мне час ад часу бачыліся постаці маіх вядомых землякоў, якіх ужо даўно няма з намі, а зробленае імі жыве і будзе жыць.