Выбрать главу

Ганна падміргнула ёй: можаш не сумнявацца, не схіблю. Абедзве зарагаталі, радыя адна адною. Ад гэтага рогату Параска быццам ажыла, з раптоўнай жвавасцю ўскочыла з табурэткі, кінула хустку на ложак, павесіла паліто. Рашуча, імкліва рушыла на кухню, стала шумліва плюхацца над тазікам. Выцершыся, падбегла да люстэрка на стале, узялася хутка прычэсвацца — зашчаміла ў чарнату валасоў вялікі, з рудаватымі жылкамі грэбень.

— Давай званок, — загадала яна, абцягваючы, убіраючы ў спадніцу ніз кофтачкі.

Яна не стала снедаць. Ледзь выпіла паўшклянкі малака, ухапіла вялікі школьны журнал, кніжкі, сшыткі, знікла за дзвярыма.

Ёй было, відаць, не да заняткаў: пакуль ішоў урок, яна некалькі разоў пакідала клас, вярталася ў свой пакой, неспакойна бадзялася па ім, паглядвала ў бок вуліцы. Неспакой яе не прайшоў і калі пачалася пераменка і калідоры напоўніў гул і гоман дзяцей, і калі ў прыціхлых класах пачаўся другі ўрок.

Недзе ў сярэдзіне другога ўрока прыйшоў хлопец у чорнай паддзёўцы, у ботах. Пакуль ён абмятаў венікам боты, Параска выйшла на ганак. Разам з ім вярнулася ў пакой.

Хлопца Ганна ведала: ён ужо не раз быў у Параскі. Глінішчанскі актывіст, камсамолец, Барыс Казачэнка. Глінішчанскі Міканор, жартам называла яго ў думках Ганна.

Глінішчанскі Міканор толькі хмурна паздароваўся і ўжо не заўважаў Ганну. Павярнуўшы даўгаваты, з гарбінкаю твар да Параскі, глядзеў трывожна і стомлена. Нібы чакаў парады ці дапамогі. Параска маўчала, знарок не глядзела на яго. Ці то вінаваціла яго, што такі бездапаможны, ці то вінаватай адчувала сябе. Што не можа ні памагчы, ні парадзіць.

— Трудна цяпер, канешне… — прамовіла раздумліва і, мусіць, працягваючы гаворку, пачатую на ганку. — Калі дайшло да гэтага…

— Слухаць нічога не хочуць. Хоць ты кол на галаве чашы! А некаторыя — дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку… І ўсё — мацюкі ды мацюкі… — Ён гаварыў з прысвістам: замест «чашы» ў яго выходзіла — «цясі», «мацюкі» падобны былі на нейкія «масюкі». — Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, штоб каторая не кінулася з кіпцюрамі!..

Яму было, відаць, няёмка прызнавацца Парасцы ў сваёй няздольнасці пераконваць. Ён нібы трохі і падсмейваўся з сябе.

— Трудна, канешне… — зноў адгукнулася Параска. — І ўсё ж нельга апускаць рукі. І кіпцюроў жаночых баяцца! — раптам пакпіла з яго. Узяла сваю ролю.

— Ды я і не баюсь. У мяне шкура тоўстая. Толку от ніякага! — павесялеў Барыс.

— Нам цяпер так: ці пан, ці прапаў! Выбіраць няма чаго!

Параска пастаяла момант, разважаючы, тады раптам рашуча загадала:

— Пастой тут.

Цвёрдым крокам падалася ў клас. Амаль адразу ж там пачуліся радасны гоман, ляскат парт, шоргат і стукат ног у калідоры. Дзеці, як чарада, што выпушчана з загарадкі, з галасам вывалілі на ганак.

Параска кінула на стол журнал, кніжкі, сшыткі, зняла з цвіка паліто. Хутка завязала хустку, скамандавала Барысу:

— Хадзем!

Барыс рушыў за ёй.

Зноў убачыла Ганна Параску пад вечар. Параска ішла не адна. За ёй, акрамя Барыса, кіравалі з вуліцы да школы Дубадзел, Гайліс, Чарнаштан. Дубадзел, у кароткай паддзёўцы, у галіфэ, з ваеннай сумкай цераз плячо, рэзаў побач Параскі — наперадзе, лёгка і нібы весела. Гайліс крочыў у зашпіленым шынялі, вецер ірваў полы шыняля і, было відаць, замінаў ісці. Але Гайліс не зважаў на вецер, ішоў роўна, цярпліва. Барыс ступаў каля Гайліса. Ганна не дала яму ніякай увагі. Яна адзначыла: Чарнаштан дыбаў ззаду ўсіх, уткнуўшыся позіркам кудысьці ў зямлю, вінавата прыгорблены…

Ганна намерылася была падацца на кухню: умомант згадалася агідная сустрэча з Дубадзелам, але агіда гэта і боязь адразу ж і стрымалі яе. Яна знарок узяла на кухні вядро і пайшла насустрач: не хапала толькі, каб яна ўцякала ад яго. Паглядзім яшчэ, як ён сустрэне!

Калі выйшла з калідора, яны якраз уздымаліся на ганак. Ганна весела, як бы знянацку сустрэўшы, прывіталася, кінула востры позірк на Дубадзела. Той важна паправіў сумку, глянуў, быццам на незнаёмую. Яна знарок строга загадала:

— Дайце дарогу.

Дубадзел саступіў ёй, прапусціў.

Калі яна вярнулася, яшчэ з калідора пачула: гаманілі ў класе. Не пайшлі ў Парасчын пакой. Можа, таму, што не хацелі несці гразь, а мо таму, што гаворка сакрэтная. Заўважыла: дзверы ў клас зачынены. І гавораць не надта голасна.

Сакрэтная, няхай — сакрэтная. Цікава, канешне, што там яны мяркуюць, але калі ім так трэба зачыняцца — няхай зачыняюцца. У яе галава поўна сваімі «сакрэтамі». Не да іх сакрэтаў. Праходзячы і раз, і другі калідорам, яна мімаволі чула за дзвярыма то спакойны гоман, то нібы спрэчку, але не прыслухоўвалася. Не мела такой звычкі. Не магла прыніжаць сябе. Адзначала адно: за дзвярыма сцямнела, яны сядзелі ўпоцемку, не адразу запалілі лямпу. Мабыць, нялёгка было.