Выбрать главу

БОБКІН. Проч! А то я з цябе зраблю кашу. (Марганчык выходзіць). О, Барбара, Барбара! Каму ты сябе хацела аддаць? Гэтаму агіднаму галышу! Дзе-ж былі твае вочы?

МАРГАНЧЫК (высоўвае галаву ў дзверы): Цялячы галыш.

БОБКІН. Проч, проч ад мяне, паршывая морда! Ну, я яшчэ разумею, калі-б ты застанавіла свой выбар на гэтым дзяцюку, што купляе ў нас карову...

БАРБАРА. Татачка!

БОБКІН. Маўчы! ну, тады іншая справа, а то агідны, распусны галыш. (Уваходзіць Тобі). Ну, падзівіся. Ці-ж можна параўняць? Ну, ну, як ён табе падабаецца?

БАРБАРА. Нічога сабе, толькі дужа тонкі.

БОБКІН. Ён тонкі! А на што-ж табе грубы? Дабрадзей! хочаце ў прыдачу да каровы атрымаць яшчэ й маю дачку? Хочаце?

ТОБІ. Не ведаю, дальбог, як вам і сказаць...

БОБКІН. Ну, дзеці мае, пабярэцеся. Ну, зрабеце гэта для мяне. Ось падзівецеся: яна гэткая прыгожанькая, а вы таксама нічога сабе. Я вам ужо і карову так дам... і разлучнік куплю. Зрабеце гэта для мяне старога. Ну, дзеля Бога, зрабеце. Няўжо-ж гэта вам так трудна зрабіць?

ТОБІ. Дык я не дзеля таго... калі вы ўжо так просіце...

БАРБАРА. Я таксама не адмаўляюся.

БОБКІН. Ну, й добра! Жанецеся, любецеся, ды дай вам Божа, каб у вас праз год было цялятка, цфу, дзіцятка! (Вяртаецца Марганчык).

МАРГАНЧЫК (хапаючы капялюш, што задыў на дзверах). Бачачы галыш!

БОБКІН. Ты ізноў? Проч, проч ад мяне, паршывая морда!

(Заслона).

КАНЕЦ.

БОТЫ

М. КРАПІЎНІЦКІ

Водэвіль з песнямі і танцамі

Пераклад з украінскага.

Асобы:

1. МАКСІМ ДРАТВА.

2. ГАННА — яго жонка.

3. МАРКА ТРАЯК — сляпы на адно вока.

4. СВІСТУН — Маскаль (жаўнер у адстаўцы).

З’ЯВА І.

(Сялянская хата, шавецкі столік, за ім Дратва пяе)

ДРАТВА.

Ой не спіцца не ляжыцца I сон мяне не бярэ, Пайшоў-бы я да дзяўчыны Сам не знаю дзе жыве. Паслаў-бы я таварыша, Бо ён знае дзе жыве, Дык таварыш лепш за мяне Ён дзяўчынку адаб’е.

(кідае працу). Не мела баба клопату, дык купіла парася! Вось так і я здурэў на старасць, узяў і ажаніўся! Ды ў дадатак жонку ўзяў не па свойму розуму. Бо я, што сказана, просты мужык, шавец. А яна змалку пры двары ў паноў служыла, дык навучылася ўсякіх панскіх выкруталаў. А цяпер хоць гвалт крычы, не магу з ёй даць ніякай рады. Я кажу белае, а яна кажа чорнае, я кажу стрыжана, а яна кажа голена. Хоць ты яе зарэж, а яна такі на сваім паставіць. А да хлапцоў такая падкая, як муха да мёду. А якая хітрая, паляруш яе здрэнчыў-бы. Вось, здаецца, злавіў яе і нічога больш не астаецца, як толькі лупцуй колькі ўлезе — дык не! Яна і сама выкруціцца і свайго каханка выкруціць. Вось нядаўна прынадзіўся да яе салдацюга, але ніяк не магу-ж яго выкурыць. Я з хаты, а ён у хату; хоць-бы што з яго было добрае, то жалю не было-б. А то бацька яго быў вясковым пастухом і звалі яго проста Свістун. Ён кажа ўжо не Свістун, а Свістуноў, цьфу, крушч бярозавы. I што тут выдумаць, каб гэтага Свістуна пазбавіцца? Не, мусіць калі не поп, дык і не ўбірайся ў рызу. Трэба папрасіць кума Траяка. Ужо калі ён мне не паможа, то хоць сучы дратву ды вешайся на галінцы! Вось здаецца і кум Траяк ідзе.

З’ЯВА II.

Дратва і Траяк.

ТРАЯК. (П’яны пяе).

Ой ты мая гарэліца, Ой ты весялушка, Цераз усю мяне ночку Мучыла сукрушка. Няўжо-ж, то мне было лёгка Цераз усю ночку, Калі бачыў усё ўва сне Парожнюю бочку Судзь Божа даждаць свята, Тады павітаю Загайкаю гаю, гаю... Ды запаклікаю, Дзякуй Богу, што даждаўся, Вось і папіваю. Загайкаю гаю, гаю... Ды запаклікаю.

(б'е рукой па плячы Дратвы) Здароў кум Максім!

ДРАТВА. Здароў кум Марка!

ТРАЯК. Чаго ты так скрывіўся, як серада на п'ятніцу. Кажы праўду быў сягодня ў Рэйзы?

ДРАТВА. Дзе мне да Рэйзы! Мне цяпер свет немілы.

ТРАЯК. Свет немілы, бо не быў у Рэйзы... А як-бы ты выпіў адну, другую, дзесятую, то табе адразу зрабілася-б міла. Вось так, як я. Мне цяпер свет вельмі мілы. Пойдзем да Рэйзы (цягне за рукаў).

ДРАТВА. Дзе там кумок. Каб ты ведаў, які ў мяне хлопат.

ТРАЯК. Які там у цябе хлопат? Можа Рэйза гарэлкі ў павер не дае?

ДРАТВА. Папаў пальцам у неба. — Праз жонку! Найбольш у свеце бывае хлопату праз жонак. У цябе жонка, як жонка, а ў мяне не жонка, а скула (пяе).