На гэтым варта перайсьці да канкрэтных прыкладаў, бо апошняя тэма, уласна кажучы, праблемаў пачваразнаўства ня тычыцца.
Апошнім часам у Беларусі актывізаваўся своеасаблівы бізнэс гіцляў-злодзеяў. Яны выкрадаюць сабак, пераважна з бухматаю поўсьцю: колі, нью-фаўндлендаў, каўкаскіх аўчарак, лупяць зь іх скуру й шыюць шапкі. Каб пазьбегнуць выпадкаў, калі ўважлівы гаспадар пазнае на галаве незнаёмага праходнага рэшткі свайго ўлюбёнага сабакі, гіцалі-злодзеі зарганізавалі збыт футравых вырабаў на расейскім базары ў Беластоку.
Аднаго разу зьнік сабака аднаго з гарадзенскіл мытнікаў - колі па мянушцы Лютар. Гаспадар колькі не шукаў яго, так і не знайшоў, але аднойчы ў сьне да яго зьявіўся Лютар, ускараскаўся на галаву і паклаўся там, завязаўшы лапы вузлом. Мытнік спачатку не зразумеў сэнс мроі, але назаўтра сон паўтарыўся. На трэйцюю ноч гаспадар пабачыў свайго сабаку з тэлефоннай трубкай у лапах, а калі назаўтра заступіў на службу, у памяшканьні мытні прагучаў тэлефонны званок. Невядомы папярэдзіў, што сёньня мяжу перасякуць кантрабандысты й назваў нумар іхняе машыны. Голас падаўся мытніку надзіва знаёмым, праўда, гучаў ён з моцным шатландзкім акцэнтам і нібыта аднекуль здалёк. «Як з магілы», - прызнаўся ён свайму сябру.
Названую машыну затрымалі. Мытнік адразу ж на адной з вушанак, знойдзеных зашытымі ў сядзеньне, пазнаў свайго сябра Лютара. Потым, на выставе, арганізаванай у Гародні, большасьць шапак была апазнаная. Гіцляў-злачынцаў аддалі пад суд. А да мытніка ў сьне зноў прыйшоў сабака й ўдзячна лізнуў у твар.
Калі гісторыя пра прывід сабакі мытніка, можна сказаць - нават прасьветленая, то гэтая, пра Афганскага Пацука, бадай што самая крыважэрная з усіх зафіксаваных выпадкаў сутыкненьня чалавека з прывідамі хатніх жывёлаў. Здарылася яна ў Кобрыні ў 1987 годзе. А потым падобныя здарэньні пракаціліся эпідэміяй па ўсёй Беларусі.
Грамадзянка гэтага райцэнтра Н. выправіла свайго сына служыць у, тады яшчэ савецкае, войска. А той трапіў на вайну ў Афганістан. У якасьці падарунка сын прывёз маці з-за мяжы забранага ў адным з кішлакоў сабаку. Тамтэйшыя сяляне пераканалі хлопца, што гэта - мяйсцовая парода балёнак. Сабака быў маленькі, бухматы, але зь дзіўнаю, доўгаю завостранаю пысаю. Грамадзянка Н. пасяліла сабачку ў сваім пакоі. Жанчыну адразу ж насьцярожыла тое, што ён нічога ня еў, толькі піў, да таго ж не хлябтаў, а менавіта ўсмоктваў вадкасьць сваёю доўгаю пысаю.
Грамадзянка Н. не заўважыла нічога асабліва кепскага. Хіба што сабака не брахаў. Але ўжо праз тыдзень яна адчула млявасьць. З кожным наступным днём ёй рабілася ўсё горш і горш. А вось сабачка наадварот - штодня тлусьцеў, хаця нічога ня еў. Паводзіць сябе ён стаў таксама дзіўна: удзень спаў, зашыўшыся ў цёмнае мейсца, а пад вечар ажываў. Нарэшце жанчына настолькі саслабела, што яе давялося пакласьці ў шпіталь. А праз тыдзень небарака памерла. Дактары паставілі дыягназ - малакроўе й сьпісалі сьмерць на наступствы чарнобыльскае катастрофы. Сын забраў сабачку да сябе, а празь месяц сканала ягоная жонка й з тым жа самым дыягназам. Удавец у ноч пасьля пахаваньня ня мог заснуць; пачуўшы плач малога сына, ён зазірнуў у дзіцячы пакой і ўбачыў, што афганская істота шчэміцца пад коўдру да малога. Вэтэран спачатку падумаў, што сабачка проста хоча прылашчыцца, але неўзабаве заўважыў, што цэлая пыса жывёлы перапэцкана крывёю.
З раніцы зьляканы маладзён панёс свой вайсковы трафей да вэтэрынара, але той доўга ня мог даць рады, бо падобнай жывёлы ніколі не сустракалі на тутэйшых абшарах. Параіўшыся, мужчыны палічылі за лепшае ўсыпіць сабачку. Пачалі з хляраформу, але дзіўная істота, прасядзеўшы мо з гадзіну ў шкляным слоіку па лыткі ў сонным, так і не сканала. Тады разьюшаны вэтэрынар, схапіўшы вялікія нажніцы для кастрацыі, перарэзаў азіяцкую поскудзь напалам, і ледзьве не самлеў - пачвара ўяўляла сабою адну толькі скуру, у сярэдзіне якой целяпалася густая й яшчэ цёплая чалавечая кроў.
Сьледчыя вайсковае пракуратуры, якія зацікавіліся гэтай справай, высьветлілі наступнае:
У некаторых, непраходных для цяжкой савецкай тэхнікі, раёнах Афганістана з паганскіх часоў і дагэтуль захаваўся культ сабак. Азіяцкія ведзьмакі могуць адасабляць і кансэрваваць душы зьедзеных у культавых мэтах чацьвераногіх сяброў. Па патрэбе гэтыя душы ўдзімаюцца ў злупленыя сабачыя скуры - так зьяўляецца на сьвет жахлівы крывасмок. Суседнім народам здаўна вядомы хітрыкі падступных ведзьмакоў; такія монстры на мусульманскім Усходзе маюць назву Афганскі Пацук.