Амаль чатыраста гадоў таму гэты чалавек, карыстаючыся бязладзьдзем у маскоўскае дзяржаве, стаў на чале беларускай ды польскай шляхты, а таксама ўкраінскага казацтва й распачаў паход за ўсходнюю мяжу з высокароднай мэтай - далучыць Расею да Вялікага Княства Літоўскага. Напачатку ўсё было добра - неўзабаве беларуска-польскае войска заняло Маскву. Расейцы - і халопы, і баяры - віталі вызваліцеляў ад тыраніі цара Барыса. Невядома, як бы разгортваліся далейшыя падзеі, каб гэты выдатны палітычны дзеяч замацаваўся на маскоўскім троне - магчыма, што асыміляваўшыся з больш цывілізаванымі прышэльцамі, маскоўцы б страцілі сваю заўсёдную агрэсіўнасьць, і гісторыя беларусаў, расейцаў і палякаў не была б такой крывавай ды жорсткай. Але, карыстаючыся нагодай, польскія каталіцкія місыянэры, што прыбылі ў абозе войска, пачалі абарачаць маскалёў у сваю канфэсыю, чым усё й сапсавалі. Расейцы адвярнуліся ад Ілжэдзімітрыя, і ён, каб не патрапіць у рукі разьюшанага натоўпа маскалёў на чале з грамадзянінам Мініным і князем Пажарскім, быў вымушаны выкінуцца з вакна аднаго крамлёўскага палаца. Кажуць, што перад сьмерцю ён пакляўся адпомсьціць кожнаму, хто стане маскоўскім царом, сказаўшы: «Я яшчэ прыйду да вас, абавязкова прыйду...» Цела Ілжэдзімітрыя было спалена на попел, якім, зарадзіўшы гармату, стрэлілі ў той бок, адкуль ён прыйшоў - на Захад. Сьведкі гэтага гістарычнага стрэлу аднагалосна сьцьвярджалі, што разам з порахавым дымам з жарала гарматы выляцеў нейкі паўпразрысты, амаль нябачны цень і, пагразіўшы расейскаму народу пальцам, паляцеў у бок царскіх палацаў...
Празь некаторы час у Расеі паўстала дынастыя Раманавых. Але ці не палова цароў гэтае дынастыі прыняла пакутніцкую сьмерць: Пётар II памёр ад воспы; Іаан Антонавіч зусім малым дзіцёнкам быў пасаджаны ў вастрог, дзе звар'яцеў і, дасягнуўшы чатырнаццаці гадоў, памёр; Пётар III быў забіты пад час палацавага перавароту табакеркай у скронь; Кацярыну II, як сьцьвярджаюць вартыя даверу крыніцы, паранулі дзідаю ў дупу зь дзюркі палацавай прыбіральні; Павал I быў задушаны ўласным шалікам пад час яшчэ аднага перавароту; Мікалай I атруціўся; Аляксандра II разарвала бомбаю беларускага шляхціца Грынявіцкага; Аляксандар III сканаў ад запою...
Кажуць, што ўсе яны перад сконам бачылі нейкі цень, які грозячы пальцам, шаптаў: «Я яшчэ прыйду да вас, абавязкова прыйду...»
А апошні цар Мікалай II, потым расстраляны ў Екацерынбурзе бальшавікамі, як вядома, падпісаў адрачэньне ад прастолу менавіта ў Магілеве, на гістарычный радзіме прывіда. Так спраўдзіліся словы Ілжэдзімітрыя: толькі гэтым разам ня ён прыйшоў да маскоўскага манарха, а Мікалай II - да яго.
З тых часоў цень зьнік назаўсёды - прынамсі, нашчадкам дома Раманавых, некаторыя з пабочных адгалінаваньняў якога, жывучы ў Парыжы, працавалі таксоўшчыкамі, качагарамі ды ліфцёрамі, ён ніколі не зьяўляўся.
Гэты гістарычны факт даводзіць, што ніколі ня варта крыўдзіць палітычных дзеячоў, пазбаўляючы іх пасад і маёмасьці, а тым больш - жыцьця: іхнія прывіды могуць уплываць ня толькі на лёс асобных людзей, але і на гісторыю цэлых народаў...
Некаторыя тэолягі аўтарытэтна сьцьвярджаюць, што здані рэлігійных дзеячоў сустракаюцца досыць рэдка - хутчэй за ўсё з тае прычыны, пгго ацэнка іх дзейнасьці Панам Богам, сыходзячы з прафэсыйнае спэцыфікі працы сьвятароў можа быць толькі адназначнай, і пасьля сьмерці душы іх адразу трапляюць ці ў рай, ці ў пекла. Але, як істотна ўдакладняюць найбольш дасьведчаныя царкоўныя й касьцёльныя гіэрархі, характарыстыкі на тых клірыкаў, якія пры жыцьці сьвядома мянялі веравызнаньне, часам губляюцца ў анёлаў-справаводаў: ня ведаючы, у які менавіта, праваслаўны альбо каталіцкі рай ці пекла накіраваць душу такога сьвятара, яны адкладаюць папкі з характарыстыкамі ў далёкія шуфляды й, здараецца, забываюцца на гэта. Душам такіх рэлігійных дзеячоў выпадае доўга чакаць вырашэньня свайго лёсу, і многія зь іх, ня ведаючы, што рабіць, зноў выпраўляюцца на зямлю.
Вось якая гісторыя здарылася ў Віцебску...
У 1982 годзе горад ускалыхнула сэрыя загадкавых забойстваў, якія ж, да ўсяго іншага, уражвалі сваёй бессэнсоўнай жорсткасьцю: ва ўсіх пацярпелых былі пракушаныя шыйныя артэрыі, і патолягаанатамы, дасьледуючы трупы ахвяраў загадкавага злачынцы, кожным разам канстатавалі, што ў арганізме не засталося аніводнае кроплі гемаглябіну. Міліцыянты распачалі пошукі, але яны аказаліся марнымі. Дарэчы, некаторыя сьледчыя заўважылі, пгго забойца высмоктвае кроў выключна з праваслаўных, нават тых, хто займае кіруючыя партыйныя пасады, але не надалі гэтай акалічнасьці ўвагі. Псторыя мела вялікі розгалас, і ў шматлікіх журналісцкіх дасьледаваньнях атрымала назоў «Віцебскай справы». Горад стаў небясьпечным для позьніх шпацыровак, і гарвыканкам ужо ўсур'ёз падумваў, каб увесьці ў Віцебску камэнданцкую гадзіну...