Выбрать главу

Высьветліўшы акалічнасьці гэтае справы, пракурор выклікаў дэзактыватараў, і яны дэматэрыялізавалі Палескіх Рабінзонаў.

Гэтая гісторыя яшчэ раз пацьвярджае, што прапаганда жорсткасьці й гвалту на старонках дзіцячае літаратуры, памножаная на Чарнобыльскую навалу, можа даць непрадказальныя па сваіх наступствах вынікі.

VIII. ВЯДЗЬМАРКІ

Гэтыя істоты надасьведчаным аматарам зьяўляюцца найбольш цяжкімі для распазнаньня. Для спэцыяліста ж выявіць вядзьмарку - ня ёсьць вялікая праблема.

Па-першае, сапраўдныя вядзьмаркі ніколі не адкідаюць ценю; па-другое - не адбіваюцца ў люстэрку.

Цяжкасьці распазнаньня палягаюць на тым, што вядзьмаркі хітрэйшыя за звычайных людзей; тэарэтычна, кожная кабета можа стаць вядзьмаркаю, але для гэтага неабходная адпаведная адукацыя й натуральныя схільнасьці.

Наконт узьнікненьня гэтых звышнатуральных істотаў ёсьць некалькі вэрсыяў. Паводле адной, пераход у вядзьмарскі стан адбываецца паступова, і крэўныя разам зь сяброўкамі не заўсёды звыкаюцца з новаю якасьцю, сьпісываючы яе на конт пагаршэньня характару. Паводле другой - зьмена адбываецца раптоўна, калі кабета ўступае ў сьціслы кантакт з Д'яблам. Некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што вядзьмарства перадаецца ў спадчыну.

Не бярэмся пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя меркаваньні; працэс ператварэньня нармалёвае жанчыны ў вядзьмарку забірае досыць вялікі час, а таму наладзіць навуковыя вопыты ў лябараторных умовах, каб заняцца вядзмарасэлекцыяй, немагчыма.

Але адзінае, што можна сказаць напэўна - вядзьмаркі ёсьць напаўжанчынамі, напаўзданямі. А каб пераканаць вас у гэтым, шаноўныя аматары неверагодных ліхтутаў ды жахлівых здарэньняў, падаем некалькі праўдзівых гісторыяў зь іх удзелам...

Вядзьмарка-даярка

З даўніх часоў пад Туравым, у вёсцы Яблонаўшчына жыла сям'я с дубальтовым шляхецкім прозьвішчам Хер-Галава. Пра жанчын гэтага роду здаўна казалі, што яны схільныя да вядзьмарства. Зазвычай дзеўкі з гэтае сям'і, беручыся шлюбам, аддавалі перавагу блізкім сваякам - ці Херам, ці Галовам, бо іншых вартых увагі кавалераў у навакольлі не было.

Але аднойчы ў Тураў прыехаў малады журналіст Вітаўт М. з мэтаю збору матэрыялаў пра праклёны й забабоны нашага краю. У сельсавеце яму параілі зьвярнуцца да Хер-Галоваў, што ён і зрабіў. Але, ледзь убачыўшы адзіную дачку гаспадара, Ядзьвігу, малады шрайбікус забыўся на мэту свайго візыту, а празь месяц - ажаніўся зь ёю.

Перад вясельлем старшыня калгасу шчыра папярэджваў нетутэйшага хлопца, што маці ягонае будучае нявесты - страшная вядзьмарка, але Вітаўт только паблажліва ўсьміхнуўся.

Непрыемнасьці пачаліся ў першую ж ноч; малады журналіст, маючы някепскую рэдакцыйную практыку, ніколі ня скардзіўся на слабую патэнцыю, але, адасобіўшыся зь нявестаю, ён адчуў дзіўную рэч - нібыта нейкая нябачная рука сьціснула ягоны чэляс; маладзён нічога ня змог зрабіць, бо аргазм настаў раней, чым ён пасьпеў скінуць майткі. Такога зь ім не было ніколі: Вітаўт атрымаў звышнатуральны аргазм, але ж не знайшоў мужчынскага насеньня ані на майтках, ані на нагавіцах.

Калі на першы раз маладая, якая вырасла ў глыбінях цнатлівага Палесься, даравала яму, то потым яе справядліая незадаволенасьць выяўлялася штодня...

Маладыя, хоць і зьехалі ў Менск, але мужчынскія непрыемнасьці маладога шрайбікуса паўтараліся й там.

Дактары толькі разводзілі рукамі, сьпермавыя залозы працавалі на поўную шпулю, а мужчынскае насеньне зьнікала бясьсьледна.

Аднойчы зьбянтэжаны журналіст вырашыў паставіць праўдзівы экспэрымэнт: завітаўшы да сваёй састарэлай, а таму выведзенай з ужытку каханкі, якая ў рэдакцыйных і калялітаратурных колах здаўна мела трывалую рэпутацыю вядзьмаркі, Вольгі Ебатавай, ён паскардзіўся ёй на сваю бяду. Дасьведчаная ў падобных справах вядзьмарка адразу ж здагадалася, у чым справа, бо й сама здаўна практыкавала падобныя хітрыкі, ужываючы замест амалажальных крэмаў сьперму сваіх сяброў.

Вітаўт зьнянацку наведаўся ў Тураў і пад пагрозай прымусіў цешчу ва ўсім прызнацца...

Аказваецца, старая Хер-Галавіха зьляпіла з воску мадэль ягонага чэляса ў натуральную велічыню й, з дапамогаю чараў перапампоўвала з маладзёна, абкрадаючы сваю дачку, такі неабходны ёй прадукт.