Але ані граф Крушынскі, ані Д'ябал-улададаўца не ўлічылі адное акалічнасьці: цяперашнее кіраўніцтва краіны даўно запрадала свае душы больш моцным крамлёўскім Д'яблам, а таму, падвучанае імі, інтэрнавала прафэсыйнага эмігранта па-за межы Беларусі, абвінаваціўшы яго ў марнатраўстве пітной вады з карысьлівымі палітычнымі мэтамі.
Спадзяемся, што зь цягам часу, з умацаваньнем сапраўднага суверэнітэту, наш нацыянальны Д'ябал-улададаўца адшукае нарэшце вартую кандыдатуру й годныя мэтады палітычнай барацьбы, здолее перамагчы падступствы пакуль што мацнейшых маскоўскіх калегаў. Натуральна, нават калі такое й здарыцца, ня трэба ўводзіць сябе ў зман і летуценіць, бо вялікая палітыка - надзвычай брудная справа, але няхай лепш ёй займаюцца нацыянальныя Д'яблы, чым Д'яблы імпэрскія.
Гэтая пачвара мае досыць вузкую спэцыялізацыю: займаецца выключна крадзяжом нявестаў зь вясельлеў. Змагацца зь ім ня так ўжо і цяжка, калі непахісна прытрымлівацца правілаў, выпрацаваных народнай мудрасьцю і шматвекавым досьледам.
Вось адна з апошніх гісторый, удзельнікам якой была гэтая істота:
Аднойчы ў менскай рэстарацыі «Теремок», сумна вядомай тым, што ў ёй зьбіраюцца выключна прадстаўнікі сэксуальных ды нацыянальных меншасьцяў, пераважна гомасэксуалісты, садаміты, расейскія нацыянал-фашысты й сябры фан-клюбу Ўл.Жырыноўскага, браліся шлюбам прыхільнікі «Народного движения Белоруссии за возрождение Российской Империи в границах 1913 года».
Швэйцар, этнічны беларус, папярэдзіў маладых, каб тыя не балявалі пасьля апоўначы, але маладыя толькі з пагардлівай усьмешкай паставіліся да іншаземных звычаяў. Вясельнікі, як і мае быць, ужо праз гадзіну панапіваліся ва ўмат; пускалі каламутныя патрыятычныя сьлёзы й спрабавалі зацягнуць улюбёную песьню апошняга імпэратара пра «Россию, мать твою!..», але словаў да канца ня ведаў ніхто. Нарэшце, разьмілаваныя алькаголем і патрыятычнымі пачуцьцямі расейцы замовілі музыкам граць «Комаринскую»; ледзь толькі прагучалі апошнія словы запеўкі:
як гадзіньнік адбіў поўнач.
І тут у банкетнае залі зьявіўся новы госьць, чорны фрак і цыліндр якога на тле чырвоных касаваротак, картузоў і казацкіх папахаў глядзеўся недарэчна. Але сябры-аднадумцы жаніха палічылі гэта за чарговую пьяную мрою, а сябры нявесты - за прадстаўніка Славянскага Сабору «Белая Русь», Дзіўны госьць, карыстаючыся тым, што жаніх, са сьлязьмі згадваючы родную казацкую станіцу, таптаў пасярэдзіне залі сваю папаху, шляхетна запрасіў да танцу нявесту. Тая, натуральна, пагадзілася. Вясельнікі моцна зьдзівіліся, пачуўшы, што музыкі на замову госьця зайгралі тубыльскі танец «Лявоніху», але важкіх супрацьаргумэнтаў не знайшлося, бо яшчэ нядаўна гучалі тосты «за меньших братьев-беларусов».
Бубнач, які сядзеў з самага краю, заўважыў, што з-пад фалдаў фрака дзіўнага фацэта тырчыць бухматы хвост, і ўсё зразумеў. Не перарываючы рытму, ён папярэдзіў усіх музыкаў: «Глядзіце, зь нявестай танчыць Д'ябал-вясельнік!..»
І тыя, як змовіўшыся, грымнулі «Магутны Божа»...
Д'ябал, пачуўшы сьвяты гімн, схапіў нявесту пад паху і скочыў зь ею ў расчыненае вакно. Зьніякавелыя госьці не змаглі даць рады; нявеста зьнікла назаўсёды...
Такім чынам, зьнявага звычаяў і фальклёру народу, сярод якога жывеш, падчас прыводзіць да драматычных наступстваў...
X. ПОМНІКАВЫЯ ЗДАНІ
Разумнымі людзьмі ўжо даўно заўважана, што нельга рабіць дакладныя копіі жывых істотаў, а тым больш гістарычных асобаў. Некаторыя рэлігіі катэгарычна забараняюць гэта, бо небясьпека падобнага відавочная. Адзіночныя помнікі і нават скульптурныя групы могуць ажываць, і дзеяньні іх часам цалкам непрадказальныя. Навукоўцам даўно ведамы від, які ў акадэмічным пачваразнаўстве атрымаў клясыфікацыйную назву Помнікавыя пачвары. Беларускія гарады перанасычаныя творамі манумэнтальнае прапаганды, і ў гэтым сэньсе яны зьяўляюцца зонамі павышанай рызыкі. Усім вядомая жахлівая, але тым ня менш цалкам праўдзівая гісторыя Каменнага Госьця і Дона Гуана, але здарэньні падобнага кшталту, што адбываліся й адбываюцца ў нашай Бацькаўшчыне, яшчэ чакаюць сваіх дасьледчыкаў. Мы ж падаем толькі некаторыя зь іх...