XI. ІСТОТЫ-ЛЮДАЖЭРЫ
Людажэрства, або канібалізм, звычайна прыпісваюць самым дзікунскім плямёнам - папуасам, гатэнтотам, абарыгенам Вогненай Зямлі й Тасманіі ды беларусам, бо ў нацыянальным характары гэтых дзікуноў схільнасьць есьці адзін аднога ці не асноўная. Любая істота, хоць аднойчы пакаштаваўшы чалавечага мяса, ня можа забыцца на яго салодкія смак і водар. Прага людажэрства назіраецца ня толькі ў паспалітых насельнікаў, але й у выкшталцоных інтэлектуалаў, але мала хто зь іх прызнаецца ў сваіх канібальскіх упадабаньнях. Натуральна, гастранамічная схільнасьць да сьвежага чалавечага мяса - справа надзвычай інтымная, напэўна, ня менш, чым хаджэньне ў прыбіральню й задавальненьне полавых патрэбаў. Пра гэта таксама больш маўчаць, чым гавораць...
Людажэрства, між іншым, ўласьцівае ня толькі для адукаваных зьдзічэлых інтэлектуалаў, але й для ня менш прымітыўных істотаў - ваўкоў, пацукоў, вошаў і могілкавых чарвякоў. Пад час лябараторных досьледаў навукоўцы-пачваразнаўцы заўважылі, што істоты, якія спажываюць выключна чалавечыну, зь цягам часу набываюць рысы сваіх ахвяраў, бо ідзе натуралёвы абмен рэчываў. Жывёльныя клеткі замяшчаюцца чалавечымі, і людажэры пачынаюць разумець ня толькі пачуцьцё натуральнага голаду, але й больш складаныя - эмоцыі: каханьне, распусную юрлівасьць, тугу, сум, смутак, жальбу й нават немудрагелісты гумар.
Людажэраў можна сустрэць паўсюдна, ім можа аказацца ня толькі палітык, за якога вы галасавалі на апошніх выбарах, але й больш блізкі вам чалавек. Прыгледзьцеся ўважліва, і вы абавязкова ўбачыце, што адны ядуць вашую душу, а другія - прагнуць вашага цела.
У мэты гэтай навуковай распрацоўкі не ўваходзіць высьвятленьне маральных аспэктаў людажэрства, але мы аднадушныя ў тым, што пажыраньне трупаў мусіць быць рэабілітаванае ў вачох грамадзкасьці, як і хірургічная перасадка органаў...
Менчукі-старажылы небезпадстаўна лічаць былыя базыліянскія муры, у якіх цяпер знаходзіцца 2-я гінэкалягічная больніца, мейсцам нядобрым і выклятым, а ноччу - і небясьпечным для жыцьця. Праўда, аматара моцных трункаў з Траецкага прадмесьця пасьля наведваньня корчмаў і шынкоў з нацыянальнай беларускай кухняй («Жигулевское пиво», «Русская водка» й «Liker poznanski»), не маючы іншага выйсьця, працягваюць свае алькагальныя імпрэзы ў прыбярэжным хмызьняку - рэштках базыліянскага саду, бо гнюсныя менскія міліцыянты палохаюць іх нават больш, чым прывіды ўніяцкіх мніхаў.
Пры трупярні гінэкалягічнай больніцы й дагэтуль існуе невялікая досьледная лябараторыя, дзе студэнты-практыканты вучацца рабіць аборты на пацучыхах.
Агульным улюбёнцам студэнтаў-практыкантаў быў вялізны пацук па мянушцы Зянон; гэта быў адзіны самец на ўсю лябараторыю, ён выконваў ролю асемяняльніка. Спагадлівыя студэнты й студэнткі падкормлівалі пацука, хто чым мог. Найбольш заможныя дзяліліся зь ім апошнім кавалкам вяндліны; а самыя бедныя цягалі з трупярні кавалкі чалавечыны й плеўкі эмбрыяна�ьнае тканіны.
Але насталі вакацыі; студэнты зьніклі зь лябараторыі, і згаладаламу пацуку давялося перабрацца на бліжэйшыя могілкі.
Сьпярша ніхто ня мог даўмецца, чаму штоноч магілы разрываюцца адна за адной, і трупы зьнікаюць бязь сьледу; пракуратура, якая пачала расьсьледваць гэтую справу, палічыла, што нябожчыкаў крадуць вымагальнікі з мэтай атрыманьня выкупу. Але й пасьля таго, як міліцыя пералавіла ўсіх могілкавых бандзітаў, трупы зьнікалі па-ранейшаму.
Кропку ў гэтай справе паставіла наступнае здарэньне: аднойчы, не дачакаўшыся сьвежага мерцьвяка, галодны пацук выправіўся на пошукі, бо небараку нічога больш не заставалася, як паляваць на жывых. Прынюхаўшы сабе ахвяру, якой аказалася цыганка Ада Ю. Зянон перасьледаваў яе да вакзальнай прыбіральні, дзе тая мела сталы прытулак. Пацук-людажэр, дачакаўшыся, пакуль тая не ўладкуецца ў кабінку, скочыў ёй на плечы. Невядома, чым магла б скончыцца гэтая драматычная сцэнка, калі б своечасова не прыбылі пажарныя, якія ўмомант затапілі прыбіральню вогнегасільнай пенай...
Такім чынам ускосна пацьвердзілася слушнасьць меркаваньня пра шкоднасьць абортаў...
Аднаму маладзёну вельмі не пашанцавала ў жыцьці: колькі гадоў таму яго засьпеў у адным ложку са сваёй жонкай хірург...
Натуральна, першым памкненьнем зьняважанага ў лепшых пачуцьцях мужчыны было адрэзаць маладзёну чэляс, але ягоная жонка, стоячы на каленях, утаварыла доктара не рабіць гэтай апэрацыі, і таму хірург, які бязьмежна кахаў жонку, абмежаваўся тым, што вострым скальпелем адсёк небараку рукі й ногі.