Выбрать главу

III. ХАТНІЯ ІСТОТЫ

Хут

Сярод хатніх істотаў Хут вызначаецца найбольшымі памерамі, экзатычным выглядам і здольнасьцю перакідацца ў некаторыя гаспадарчыя прылады. Відавочцы сьцьвярджаюць, што Хут сягае ў вышыню да трох мэтраў, размах крылаў у дарослае істоты - да чатырох мэтраў. Крылы, як у кажана, скураныя, пальцы рук і ног з кіпцямі. Вядзецца пераважна на гарышчах прыватнаўласьніцкіх дамоў. У адрозьненьні ад іншых, пераважна шкодных хатніх істотаў, Хут надзіва карысны. Асноўны занятак - шуканьне скарбаў, якія пры належным доглядзе й ўтрыманьні, ён аддае гаспадарам. Галоўная ўмова - штовечар Хуту трэба пакідаць на гарышчы гарачую яечню са шкваркамі й шклянку гарэлкі. Але калі прапусьціць хоць адзін дзень, Хут жорстка адпомсьціць і пяройдзе да іншага гаспадара.

Вось якая гісторыя здарылася на Рабкораўскім завулку ў горадзе Менску. У 1942 годзе ў доме, які раней належаў вядомаму музыку, канцэртмайстру філярманічнага аркестра Моўшы Эльперу, пасяліўся Грыцко Грынэнка - яфрэйтар украінскага карніцкага батальёна, папярэдне застрэліўшы гаспадара. Аднойчы пасьля начных расстрэлаў новы гаспадар, выпіўшы шклянку гарэлкі, не знайшоў закускі й падняўся на гарышча, куды раней схаваў куфэрак з салам. На гарышчы Грыцко ўбачыў вялізнага кажана, які, зачапіўшыся нагамі за бэльку, дасмоктваў сьвіную скуру. Кажан выцягнуў сваю пысу да Грыцко й, заўважыўшы, што ад таго нясе гарэлкаю, папрасіў наліць, за што паабяцаў прынесьці гаспадару скарб. З таго часу і павялося - Грынэнка штовечар насіў Хуту на гарышча яечню са шкваркамі й пляшку самагону, а той разьлічваўся зь ім залатымі манэтамі, якія па адной цягаў з нумізматычнае калекцыі гаўлятэра Кубэ.

За тры дні да ўваходу ў Менск злучэньняў Чырвонае Арміі ўкраінскі калябарант, напаіўшы Хута, папрасіў яго замест чарговай манэты прынесьці даведку, што ён, Грыцко Грынэнка ніякі ня ўкраінец, а Герш Грынштэйн, і што ён - камісар жыдоўскага партызанскага атрада імя Лазара Маісеевіча Кагановіча. Хут выканаў ягоную просьбу. Так былы карнік стаў героем-падпольшчыкам. Сяброўства паміж Хутом і экс-украінцам працягвалася даволі доўга, але пазбавіўшыся нацыянальнасьці, апошні ня здолеў пазбавіцца адной з нацыянальных рысаў характару, якая пад старасьць толькі ўзмацнілася. У 1959 годзе гаспадар запатрабаваў за кожную яечню прыносіць не па адной, а па дзьве манэты, а то гразіўся зьняць пачвару з харчаваньня. І аднаго дня, калі Хут прынёс зь Дзяржаўнага музэя замест залатой манэты Жалезны Крыж, Грынэнка зьеў прынесеную Хуту яечню сам.

Пачвара справядліва пакрыўдзілася й ў той жа вечар зьнікла, але Герш-Грыцко нядоўга заставаўся ў самоце: да яго па даносе, напісаным Хутом, зьявіліся КГБісты. Пад час вобыску былі сканфіскаваныя ня толькі залатыя манэты, што было б справядліва, але й багатая калекцыя зубных пратэзаў і мостаў з жоўтага мэталю, назьбіраных у час службы ў карным батальёне.

Згодна з традыцыяй, Хут спаліў дом, на гарышчы якога жыў, і перасяліўся да аднаго са сьледчых, які, узяўшы пад увагу здольнасьці пачвары, уладкаваў яго штатным супрацоўнікам КГБ.

Таму, трапіўшы ў КГБ на допыт, ня варта зьдзіўляцца, калі вам здасца, што ваш сьледчы - гнюсная жудасная пачвара. Паабяцайце яму яечню ды шклянку гарэлкі - і ўсё будзе добра.

Дамавік

Гэтая істота, бадай, самая вядомая й папулярная ва ўсім сьвеце. Яна ня проста бяскрыўдная, але й нават карысная. Дамавік ня толькі адганяе шматлікіх злыдухаў, але й дапамагае па гаспадарцы. Праўда, часам і Дамавік ня супраць пажартаваць - напрыклад, зачыніць гаспадароў у прыбіральні (вёска Заблудава) ці пакласьці гаспадыні ў сумачку здохлага пацука (вёска Вялікія Бадуны). Напэўна, гэтыя цалкам бяскрыўдныя жарты й сталіся адной з прычын таго, што недасьведчаныя людзі часам расказваюць ужо зусім неверагоднае - нібыта па начох Дамавікі насылаюць на мужчынаў сон, каб беспакарана гвалціць іх жонак.

Відаць, даўшы веры падобным неверагодным плёткам і брудным інсынуацыям, прапаршчык палка ўнутраных войскаў Ю. зьдзейсьніў непапраўнае: ягоная жонка мылася ў ваньне, забыўшыся прычыніць дзьверы, а Дамавік, які з прычыны сваёй натуралёвай сьціпласьці не трапляўся гаспадарам на вочы, мыў на кухні посуд. З-за шуму вады ані ён, ані жанчына не пачулі, як з працы вярнуўся вайсковец - у той дзень ён удзельнічаў у разгоне дэманстрацыі, а таму ня здаў табельную зброю. Убачыўшы на кухні аголенага мужчыну - а Дамавікі заўсёды ходзяць бяз вопраткі - ён разрадзіў у яго ўсе набоі, бо прыняў аголенага за каханка. Прапаршчык хацеў застрэліць і жонку, але на шчасьце для той, набоі скончыліся. Вайсковец задаволіўся тым, што са злосьці заткнуў ёй у похву вантуз. На жаль, зайздроснага вайскоўца асудзілі толькі за дробнае хуліганства, бо ў Крымінальным кодэксе няма артыкула, які б прадугледжваў кару за забойства зданяў і пачвараў.