Выбрать главу
Крывасмок гатэльны (ілжэвупар)

Агульнавядома, што ў дзікай прыродзе адныя віды пачвараў звычайна не ўступаюць у шлюбныя саюзы зь іншымі відамі. Але часам пачваразнаўцы-навукоўцы, нягледзячы на інструкцыі-забароны, ставяць падпольныя досьледы. Так, малодшы навуковы супрацоўнік маскоўскага інстытута Генэтыкі і Цыталёгіі ў сябе на кватэры скрыжаваў Дамавіка з самкай Вупара могілкавага. У выніку зьявіўся гібрыд, які ад бацькі ўзяў здольнасьць маскавацца, а ад маці - надзвычайную крыважэрнасьць і бяссэнсную агрэсіўнасьць. Навуковец вырашыў прадаць гібрыда-крывасмока на варшаўскім рынку за даляры. Прыехаўшы ў Гародню, ён пакінуў чамадан з пачварай, якая знаходзілася ў стане анабіёзу, у нумары гатэля «Беласток». Цікаўная да чужых рэчаў пакаёўка, якую прывабіў цяжкі чамадан, зазірнула ў яго.

Міліцыянты, што прыбылі на мейсца здарэньня літаральна праз гадзіну, так нічога й не дазналіся; экспэртыза паказала, што пакаёўка памерла ад страты крыві, а ў навукоўца было алібі, ён увесь вечар праседзеў у рэстарацыі, тым ня менш на ўсялякі выпадак яго выслалі назад у Маскву. Пачвара ж схавалася ў вэнтыляцыйным канале. З таго часу ў гэтым нумары й пачалі гінуць людзі. Разбэшчаная вялікаю колькасьцю ахвяраў, пачвара ўжо ня толькі піла кроў, але дзеля ўласнага задавальненьня проста выпускала яе з сонных людзей. За гатэльным нумарам замацавалася кепская рэпутацыя, ад яго адмаўляліся ўсе, нават прастытуткі, якія лічылі за лепшае правесьці сэанс мілаваньня ў смуроднай кабінцы прыбіральні, чым рызыкаваць у злавесным нумары. Гатэльныя адміністратаркі нават зьнялі заўсёдную шыльду: «У гатэль не дапускаюцца валацужныя сабакі, коткі й асобы каўкаскае нацыянальнасьці», і са спакойным сэрцам сялілі «беларускіх нэграў» у нядобрым нумары, бо ведалі, што на раніцу паўднёвы госьць будзе знойдзены нежывым у калюжыне ўласнае крыві.

Але ня так даўно ў горадзе праходзіў зьезд вэтэранаў аднае польскай партызанскае арганізацыі часоў II Сусьветнае вайны. Удзельнікі зьлёту заарандавалі ўвесь гатэль «Беласток». І толькі ўжо заплаціўшы грошы, яны даведаліся пра таямнічыя забойствы. Былы капэлян партызанаў а.Прушыньскі пасьля непрацяглага, але імпэтнага банкету ў гатэльнай рэстарацыі назваў сваіх таварышаў расейскімі сьвіньнямі за іх баязьлівасьць і сам выклікаўся правесьці ноч у тым самым нумары. Яго доўга адгаворваў сын - таксама капэлян, але бацька быў няўмольны, і прыхапіўшы з сабою пляшку сьпірытуса «Раяль», сьвятары разьмясьціліся ў нумары.

Бацька пасьля другога кілішка паклаўся спаць і загадаў больш маладому й трываламу да алькаголю сыну пільнаваць свой сон, паабяцаўшы зьмяніць яго а чацьвертае гадзіне раніцы. Малодшы капэлян добрасумленна нёс варту, і ў абумоўлены час пачаў будзіць бацьку. Той не прачынаўся. Тады пераляканы сын сьцягнуў коўдру і зьніякавеў: бацька ляжаў у калюжыне крыві, а да яго грудзі, якраз да татуіроўкі з выявай маршалка Пілсудзскага, прысмактаўся невялікі чорны, парослы рудою шэцьцю крывасмок. Малады капэлян, не разгубіўшыся, накінуў на шыю пачвары ружанец і задушыў ім жудасную істоту.

Гэтае здарэньне давяло, што ў Беларусі й ад польскага ружанца можа быць якая-небудзь карысьць.

Стайнік

Гэтая істота, якая раней вялася на стайнях, з прычыны ўрбанізацыі перакінулася на гаражы, трамвайна-тралейбусныя дэпо й транспартныя паркі. Большасьць угонаў самаходаў, аўтобусаў, трамваяў, ровараў, матацыклаў і нават танкаў можна вытлумачыць, калі ўзяць на веру, што Стайнік сапраўды існуе. Раней Стайніка можна было пабачыць у сьвятле грамнічнае сьвечкі, але цяпер нават грамнічныя сьвечкі вырабляюцца выключна з парафіну, а ня з воску, а таму Стайнік робіць свае справы беспакарана.

Вось якая гісторыя здарылася ў Менску неўзабаве пасьля аднаўленьня савецкай улады: вайсковы рэгуліроўшчык, стоячы на скрыжаваньні Другой Шостай Лініі й Лагойскага тракта, заўважыў, што ў загарадным кірунку рухаецца вялікі чорны опэль-адмірал з нацысцкай сымболікай на капоце, але ў кабіне нікога няма. Рэгуліроўшчык засьвістаў, але самаход не спыніўся. За опэлем была выслана пагоня. Нарэшце, за горадам, перагарадзіўшы шашу, машыну спынілі. Як высьветлілася, машынай кіраваў вядомы беларускі крытык Алесь (Айзік) Кучар, які праславіўся ў літаратурных колах выключна малым ростам. З-за гэтае прычыны дробнага крытыка й не было бачна за рулём падоранага органамі НКВД трафэйнага нямецкага самахода.