Так што яшчэ раз папярэджваем - сапраўднага Стайніка можна ўбачыць адно ў сьвятле грамнічнае сьвечкі, усё астатняе - драбната й нікчэмнасьць...
Дагэтуль мы распавядалі пераважна пра зданяў і пачвараў, што вядуцца ва ўмовах дзікай прыроды. Але татальная ўрбанізацыя беларускага жыцьця не пакідае нячысьцікам экалягічных нішаў, і яны вымушаны адаптавацца да новых, нязвыклых для сябе, часам цалкам неспрыяльных умоваў. Так, для прыкладу, Чорт балотны, трапіўшы ў гарадзкія ўмовы, канчаткова дэградуе - ягоныя дасьціпныя кпіны ператвараюцца ў дурнаватыя жарты й зьдзекі. Такога балотнага Чорта адлавіў на Гомельшчыне й прывёз з сабой у Менск скандальна вядомы паэт С, бо нежанатаму маладзёну было сумна штораніцы выпіваць у самоце. Аднойчы, наведаўшы гістарычную радзіму, пасьля тыднёвага запою ён заўважыў у недапітай пляшцы гарэлкі Чорта, закаркаваў яе ды прывёз у сталіцу.
У абмен на волю Чорт прапаноўваў яму й пазачарговую кніжку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», і Дзяржаўную прэмію, і мэдаль Францыска Скарыны, і нават пасаду старшыні Рады Саюза пісьменьнікаў, але паэт, глянуўшы каламутным вокам на Чорта, сказаў: «Ты дурны, ці што?..» і, навязаўшы нячысьціка хвастом да батарэі паравога ацяпленьня, прымусіў піць нароўні з сабою. У Чорта не было аніякага выйсьця, і ён згадзіўся скласьці кампанію, але з прычыны сваёй злапамятнасьці ў думках пакляўся адпомсьціць. Аднак адпомсьціць ніяк не выпадала, бо нявопытны Чорт заўсёды напіваўся да бяспамяцтва раней за паэта.
І вось аднойчы Чорт здагадаўся, якою мусі быць помста: ён злаўчыўся прыхаваць пляшку «Русской водки», якую паэт абачліва пакінуў на ранішнюю апахмелку. Паэт С, не прыняўшы лекавай дозы звычайнага допінгу, маліў, кленчыў, але ўсё дарэмна - Чорт быў няўмольны. Нарэшце, ён згадзіўся аддаць пляшку пры адной умове: калі паэт памяняецца зь ім мейсцам - будзе сядзець, навязаны да батарэі ацяпленьня, а Чорт замест С. - хадзіць па знаёмых літаратарах у паэтавым абліччы. Тэрмін Чорт абумовіў такі: гэта будзе працягвацца, пакуль хто не заўважыць падмены.
Чорт у абліччы С, пасяліўшыся ў бары Саюза пісьменьнікаў, як толькі мог стараўся працягваць паэтычныя традыцыі - прылюдна мачыўся ў камін, пазычаў і не аддаваў пляшкі, чытаў на ўрадавых канцэртах звышнепрыстойныя чатырохрадкоўі - але да ўзроўню выхадак сапраўднага беларускага паэта так і не дацягнуў, бо ніколі ня мог выпіваць столькі ж, не губляючы пры гэтым здольнасьці рухацца.
З усяго гэтага вынікае мараль: часам прадаць несьмяротную душу нячысьціку за пасады, званьні і ўзнагароды бывае карысна ня толькі для асобнага паэта, але і для ўсёй беларускай літаратуры...
IV. ПРЫВІДЫ ХАТНІХ ЖЫВЁЛАЎ
Гэта адзін з самых адметных і, дарэчы, даволі распаўсюджаных падвідаў зданяў, што насяляюць нашую Бацькаўшчыну. Ужо з самой назвы вынікае іхняе паходжаньне. Затое наконт мэханікі іх зьяўленьня дагэтуль няма адзінства сярод пачваразнаўцаў. Адныя лічаць, што ў жывёлаў, няхай сабе й хатніх, няма душы, значыцца працягваць жыцьцё пасьля сьмерці яны ня могуць. Такія навукоўцы хаця й не адмаўляюць самое існаваньне прывідаў хатніх жывёлаў, лічаць іх проста галюцынацыямі й таму не бяруць пад увагу шкоду, што наносяць гэтыя істоты. Другія настолькі ж безпадстаўна сьцьвярджаюць - у хатніх жывёлаў ёсьць душа, рыхтык як і ў чалавека, а таму разглядаюць паводзіны такіх зданяў з пазыцыяў чыста чалавечае логікі, а гэта зноў не дазваляе прагназаваць разьвіцьцё падзеяў. У апошні час зьявіўся трэйці пункт гледжаньня, распрацоўшчыкамі якога, дарэчы, зьяўляюцца аўтары гэтае кнігі; ён грунтуецца на найноўшых навуковых дасьледаваньнях.
Справа палягае на тым, што маюць рацыю адначасова й першыя, і другія навукоўцы - у хатніх жывёлаў ёсьць душы, але маленькія й сьмяротныя.
Такая часовая душа ўзьнікае ў працэсе доўгага суіснаваньня жывёлы побач з чалавекам. Рашэньне ляжала на паверхні, бо кожны, хто мае імя, мае й душу, а ў жывёл ёсьць мянушкі, значыцца - ёсьць ключ, з дапамогаю якога мажліва выклікаць іх з замагільнага сьвету. Прафэсыйныя сьпірыты пазьбягаюць рабіць падобнае, таму што з жывёламі няма пра што пагаварыць, а вось аматары часам практыкуюць падобныя дзеяньні, а потым, ня ведаючы як вярнуць прывід у замагільны сьвет, асуджаюць яго на блуканьні ў матэрыяльным. У некаторых краінах таварыствы аховы жывёлаў дамагліся прыняцьця законаў, якія прадугледжваюць судовую адказнасьць за падобнае, але Беларусі, на жаль, яшчэ далёка да сапраўднае дэмакратыі.