Выбрать главу

Iнжынеры былi не ў вялiкiм захапленнi, калi iх дзiця пачало праяўляць такую самастойнасць, якая мiжволi наводзiла на думку пра духоўнае жыццё. У прынцыпе лiчылася, што аўтаматы мысляць, але "не маюць iндывiдуальнасцi". Сапраўды, нiхто не чуў пра аўтамат, якi гневаўся б, натхняўся, смяяўся альбо плакаў; усе яны былi надзвычай ураўнаважаныя, як гэтага хацелi канструктары. Аднак паколькi iх мазгi стваралi не на мантажным канвееры, а ў працэсе паступовага вырошчвання монакрышталёў, дзе мае месца статыстычны роскiд, якi не паддаецца кiраванню, то нават мiкраскапiчныя зрухi малекул выклiкалi такiя вынiковыя адхiленнi, што практычна не iснавала двух зусiм аднолькавых аўтаматаў. I ўсё ж, значыць, iндывiдуальнасцi? Не, адказваў кiбернетык, вынiк iмавернага працэсу; гэтак думаў сабе Пiркс, як i кожны, хто меў да iх дачыненне, хто цэлымi гадамi мог адчуваць побач з сабой iх маўклiвую, заўсёды мэтанакiраваную, заўсёды лагiчную дзейнасць. Вядома, усе яны былi падобныя адзiн на аднаго больш, чым людзi, але ж i яны мелi свой нораў, свае схiльнасцi, а былi i такiя, што пры выкананнi загадаў арганiзоўвалi нешта накшталт "маўклiвага супрацiўлення" - прызнак, якi, калi ён працягваўся доўга, заканчваўся капiтальным рамонтам.

У Пiркса, ды, напэўна, не толькi ў яго, у дачыненнi да гэтых своеасаблiвых машын, якiя так дакладна i часам надзвычай творча выконвалi заданнi, было не зусiм чыстае сумленне. Пачалося гэта мо яшчэ тады, калi ён камандаваў "Карыяланам"; дастаткова сказаць, што тую сiтуацыю, калi чалавек стварыў орган, якi мыслiць, па-за сваiм целам i зрабiў яго залежным ад сябе, Пiркс лiчыў не зусiм нармальнай. Вядома, ён не мог бы сказаць, адкуль бярэцца гэты ледзь улоўны неспакой, нейкае адчуванне няспраўджанага абавязку, невыразная думка пра тое, што рашэнне прынята памылковае, цi проста, груба кажучы, адбылося свiнства. Было нейкае вытанчанае вераломства ў тым халодным спакоi, з якiм чалавек запiхваў здабытыя пра сябе самога веды ў бяздушныя машыны, пiльнуючы, каб у iх было адушаўлёнасцi не больш, чым патрэбна, каб яны не сталi канкурэнтамi свайму стваральнiку ў пазнаннi шчодрасцей свету. Максiма Гётэ: "in der Beschraenkung zeigt sich erst der Mensch" (толькi ў абмежаваннi выяўляецца майстар) у стасунку да мудрых канструктараў набывала нечаканы сэнс пахвалы, якая пераходзiла ў з'едлiвы дакор, бо не сябе ж вырашылi яны абмежаваць, а справу рук сваiх, i то з жорсткай дакладнасцю. Зразумела, што Пiркс нiколi не адважваўся выказаць гэту думку ўголас, бо добра разумеў, як смешна яна прагучала б; аўтаматы не былi абяздоленымi, не былi яны аб'ектам i нястрымнай эксплуатацыi, усё было прасцей i адначасова горш: з маральнага пункту гледжання складаней для крытыкi, iх магчымасцi абмежавалi яшчэ раней, чым яны з'явiлiся, - на чарцёжных лiстах.

У той перадапошнi дзень iх побыту на планеце праца была ўжо, уласна кажучы, скончана. Аднак, калi пачалi пералiчваць стужкi, на якiх былi засведчаны вынiкi экспедыцыi, аказалася, што адной не хапае. Перш за ўсё праверылi машынную памяць, пасля ператрэслi ўсе схованкi i скрынкi, пры гэтым Круль двойчы раiў Пiрксу, каб ён лепей перагледзеў уласныя рэчы, што падобна было на зласлiвасць, бо Пiркс увогуле не меў нiякага дачынення да знiклай стужкi, ды i не хаваў бы ён яе ў чамадане. У Пiркса аж язык свярбеў - так яму хацелася даць здачы, тым больш што дагэтуль ён звычайна адмоўчваўся i стараўся знаходзiць любыя апраўданнi задзiрлiвым, нават зневажальным паводзiнам Круля. Але i на гэты раз ён стрымаўся i замест вострага слоўка зазначыў, што калi трэба паўтарыць назiраннi, то ён ахвотна зробiць гэта сам, узяўшы за памочнiка Анэля.

Аднак Круль вырашыў, што дапамога Пiркса Анэлю не будзе патрэбна, таму наўючылi яны на робата апарат, касеты з фотаплёнкай i, склаўшы ў кабуры пояса рэактыўныя патроны, паслалi Анэля да вяршынi горнага масiву.

Робат выйшаў а восьмай ранiцы - Масена голасна выказаў упэўненасць, што ён справiцца са сваiмi справамi да абеду. Аднак мiнула другая, трэцяя, пасля чацвёртая гадзiна, нарэшце апусцiўся змрок, але Анэль не вяртаўся.

Пiркс сядзеў у кутку барака пад насценнай кадмiевай лямпай i чытаў надта растрапаную старую кнiжку, якую пазычыў яшчэ на Базе ў нейкага пiлота, але сэнс яе, бадай, да яго не даходзiў. Сядзець было не надта зручна. Рыфлёная алюмiнiевая сценка цiснула на плечы, з падушкi-надзiманкi ўцякло ўсё паветра, i ён адчуваў, як у ягадзiцы ўпiваюцца праз прагумаваную тканiну вострыя гайкi канструкцыi. Нягледзячы на гэта, ён не мяняў пазiцыi, паколькi нязручная поза дзiўным чынам гарманiравала з набiраючай моц злосцю. Нi Круль, нi Масена дагэтуль нiбы не заўважалi адсутнасцi Анэля. Круль, якi ўвогуле не быў жартаўнiком i нават не спрабаваў жартаваць, невядома чаму з самага пачатку называў робата Анёлам або нават Жалезным Анёлам, iнакш да яго i не звяртаўся, i такая па сутнасцi дробязь ужо колькi разоў раздражняла Пiркса, што за адно гэта ён знелюбiў касмографа. Масена меў да робата адносiны прафесiйныя: усе iнтэлектронiкi ведаюць, а дакладней, робяць выгляд, што ведаюць, якiя малекулярныя працэсы i токi выклiкаюць тыя цi iншыя рэакцыi або адказы аўтамата, i таму адмаўляюць любыя меркаваннi пра якую-небудзь разумнасць iх як абсалютнае глупства. Тым не менш да Анэля ён адносiўся гэтак жа, як добры механiк да свайго дызеля: не дазваляў перагружаць, любiў за выканальнасць i клапацiўся пра яго як мог.

А шостай гадзiне цярпенне ў Пiркса лопнула, бо ў яго здранцвела нага, i ён пачаў пацягвацца так, што аж косцi затрашчалi, кратаў ступнёй i згiнаў нагу ў калене, каб паскорыць кровазварот, а пасля стаў хадзiць з кута ў кут барака, добра ведаючы, што нiчым больш не здолее дапячы Крулю, якi заглыбiўся ў праверку падлiкаў.

- Маглi б ужо i цiшэй! - сказаў нарэшце Круль, звяртаючыся да iх абодвух, нiбы не бачыў, што ходзiць адзiн Пiркс, а Масена са слухаўкамi на вушах уважлiва слухае нейкую перадачу, развалiўшыся на пнеўматычным крэсле, выраз твару ў яго быў смешны, задуменны. Пiркс адчынiў дзверы, якiя рвануў моцны заходнi вецер, i калi вочы трохi прывыклi да цемры, прыхiнуўся плячыма да сцяны з лiставога алюмiнiю, якая дрыжала ад моцнага ветру, i пачаў углядацца ў той бок, адкуль павiнен быў з'явiцца Анэль. Ён бачыў толькi рэдкiя зоркi, дрыготкiя ў паветры, парывы ветру халоднымi хвалямi студзiлi яго галаву, блыталi валасы, а ноздры i лёгкiя аж раздувалiся ад ветру - хуткасць яго была метраў сорак у секунду. Ён пастаяў, а калi стала холадна, вярнуўся ў барак, дзе Масена, пазяхаючы, здымаў з галавы слухаўкi i пальцамi расчэсваў валасы, Круль жа, зморшчаны, сухi, цярплiва складваў паперы ў папкi, пастукваючы кiпамi аркушаў, каб выраўняць iх.

- Няма яго! - сказаў Пiркс i сам здзiвiўся, як гэта прагучала - амаль як выклiк. Круль i Масена, вiдаць, заўважылi, якiм тонам гэта было прамоўлена, бо Масена кiнуў позiрк на Пiркса i заўважыў:

- Гэта нiчога, патрафiць, хоць i цёмна, вернецца на iнфрачырвоным...

Пiркс паглядзеў на яго, але нiчога не адказаў. Праходзячы мiма Круля, ён падняў з крэсла пакiнутую там кнiжку i ўсеўся ў сваiм кутку, прытварыўся, што чытае. Вецер мацнеў. Зааконныя гукi нарасталi, уздымалiся да выцця. Аднойчы штосьцi мякка стукнулася ў сцяну, нiбы невялiчкая галiнка, i зноў пацягнулiся хвiлiны маўчання. Масена, якi, напэўна, чакаў, што Пiркс, як заўсёды падатлiвы, возьмецца гатаваць вячэру, нарэшце ўстаў сам i пачаў адчыняць кансервы з самагрэючымi патронамi, уважлiва чытаючы спачатку назвы на этыкетках, нiбы спадзяваўся знайсцi сярод запасаў нейкiя невядомыя дагэтуль прысмакi. Пiрксу не хацелася есцi. Дакладней, ён быў галодны, але не хацелася кранацца з месца. Паступова яго пачало разбiраць нядобрае, халоднае шаленства, ён Бог ведае чаму ўзбурыўся супроць абодвух таварышаў, якiя ўвогуле былi не горшыя з магчымых. Цi лiчыў Пiркс, што нешта здарылася з Анэлем? Што робат, скажам, быў атакаваны "таямнiчымi жыхарамi" планеты, стварэннямi, у якiх не верыць нiхто, акрамя казачнiкаў? Калi б iснаваў хоць адзiн шанц на сто тысяч, што планету насяляюць нейкiя iстоты, то яны, безумоўна, не сядзелi б вось так, занятыя сваiмi дробнымi справамi, а неадкладна прынялi б усе магчымыя захады, прадугледжаныя правiламi ў пунктах другiм, пятым, шостым i сёмым васемнаццатага параграфа, а таксама трэцiм i чацвёртым раздзеламi правiлаў спецыяльных паводзiн. Але такога шанцу не было, не было наогул нiякiх шанцаў. Ужо хутчэй узарвалася б няпэўнае сонца Ёты. Так, гэта было больш верагодна. Дык што ж магло здарыцца з Анэлем?