Выбрать главу

— Я праўду кажу,— падняла вочы на мужчыну жанчына — змучаная — і гэта відаць было па твары, па вачах. Аварыя на атамнай станцыі. I цяпер радыяцыя павышаная...

— Яшчэ раз кажу,— ужо злосна буркнуў на жанчыну мужчына.— Не сей панікі...

— Табе б тое перажыць, што ўсе там перажываюць, ды і я перажыла,— зноў не вытрымала, агрызнулася жанчына.— Наглядзела б я на цябе, як бы ты сябе паводзіў. А то капялюш на галаву напяліў, галынтук пачапіў...

— Пры чым тут мой капялюш і гальштук?

— А пры тым, што такія, як ты, усё панікі баяліся, не сказалі людзям адразу ж, як аварыя адбылася, каб уцякалі. I што?.. Панабіраліся той радыяцыі пад самую завязку... А цяпер спахапіліся і гадзіны на зборы не даюць. У чым быў — у тым і ўцякай... Нічога-нічагусенькі браць з сабою нельга. Што на табе — у тым і ідзі...

Чым скончылася тая спрэчка мужчыны з жанчынай, ён, Іван, недаслухаў — час быў ад'язджаць аўтобусу, і ён завёў матор, крануўся з месца, пачаў вырульваць на добра знаёмую дарогу, каб ужо не чуць, што гавораць пасажыры, а пільна глядзець, сачыць і за шашой, і за работай матора. Праўда, калі высаджваў жанчыну з дзецьмі з аўтобуса, снытаўся, ці праўду яна казала пра эвакуацыю.

— Анягож,— адказала як бы са злосцю жанчына.— Каму ні скажы — усе не вераць... А там жа, на электрастанцыі,— бяда... Людзі — пажарнікі — загінулі... Змагаюцца з агнём і з радыяцыяй... У мяне муж там астаўся... О-е-ёй!..

Жанчына заплакала, амаль загаласіла...

«Нешта і праўда там, на атамнай станцыі, здарылася,— упершыню падумаў ён, Іван.— I ўчора жанчына гаварыла пра аварыю, і во сёння...»

Калі вярнуўся з маршруту, даведаўся ад шафёраў — вадзіцеляў аўтобусаў — больш. Асабліва тых, чый маршрут пралягаў у самыя паўднёвыя вёскі раёна, ды і ў Брагін, Нароўлю. Шафёры, хоць і пошапкам, расказвалі пра тое, што здарылася ля Чарнобыля на атамнай станцыі — там адбыўся выбух, развярнула сцяну станцыі, і пажар не затухае — над станцыяй кружаць верталёты, едзе туды міліцыя, салдаты. Людзей не толькі з горада Прыпяці выселілі, але і з некаторых вёсак. Не даюць нічога з сабою браць — ці каб транспарт не загружаць, ці то атрутнае ўсё, што там.

Жонка Ліда, прыйшоўшы ўвечары з бальніцы, дзе працавала медсястрою, напалохала яшчэ больш.

— Бяда ў Чарнобылі,— паведаміла яна.— Павысіўся радыяцыйны фон нават у нас у некалькі разоў.

— А гэта што — небяспечна? — спытаў ён, Іван, у жонкі.

— Дактары кажуць, што вельмі небяспечна. Пажадана менш бываць на паветры, асцерагацца пылу...

— Але ж усюды на палях ідзе сяўба. Ды і загараць некаторыя пачалі — цяплынь жа стаіць, як улетку. Чаму б не папярэдзіць людзей?

— Не ведаю. Пра аварыю ды і пра радыяцыю гавораць усе з вуха на вуха, быццам баяцца чагось. I ты, калі ласка, таксама язык не распускай,— папрасіла Ліда.

— Знайшла каго папярэджваць! — аж быў пакрыўдзіўся ён, Іван.— Я думаю, каб было нешта там сур'ёзнае, па тэлебачанні і па радыё перадалі б. Цяпер жа галоснасць...

— Можа, яшчэ перададуць. Трэба будзе праграму «Час» паглядзець.

У праграме «Час», калі яе ўключылі, сапраўды перадалі пра аварыю. Праўда, не багата. Ну, здарылася такая аварыя. Прымаюцца меры, каб яе ліквідаваць. Вялікі акцэнт чамусьці рабіўся на сродкі масавай інфармацыі Захаду, якія паднялі вакол аварыі страшэнны гвалт...

— Ну вось, а ты казала, павярнуўся да жонкі Іван.— Мусіць, дактары твае слухаюць розныя перадачы з Захаду і вераць ім.

— Не,— не згадзілася Ліда.— Калі на тое пайшло, скажу табе — наш галоўны ездзіў з сакратаром райкома аж у Баршчоўку. Там, ля Прыпяці, горка ёсць, адкуль рэактар як на далоні відаць. I мералі гэтую самую радыяцыю... Не сказаў, якая яна там, але што высокая, у некалькі разоў большая, чым дапускаецца, то гэта факт. Ён, галоўны, сёння на пяцімінутцы сказаў, каб ніхто нікуды не адлучаўся, гатовыя былі да самых нечаканых выклікаў і дзеянняў...

— Але ж па тэлебачанні ты чула, што перадалі? Каб было сур'ёзнае... Сказалі б.

— Дай бог. А ўрэшце, пажывём — пабачым...

Ішлі, набліжаліся майскія святы, і пра аварыю на атамнай станцыі ля Чарнобыля вельмі не было калі думаць. Трэба было сёе-тое і купіць да святаў, ды і людзей, як заўсёды, у такія дні куды паболыпала ўсюды, асабліва на дарогах. Святы меліся быць доўгія, аж чатыры дні, і людзі ехалі хто ў гарады, хто ў вёскі — перабачыцца з роднымі, з блізкімі, пабыць каму дома, каму ў гасцях. А тут яшчэ і надвор'е спрыяла — сонечна было, цёпла, як улетку. Нават зазелянела на ўзлобках і лугавінах, праклюнулася лісце на кустах смуродзіны, парэчак, агрэсту. Замест двух рэйсаў Івану даводзілася рабіць і па тры, і па чатыры... Дадому вяртаўся позна, еў і клаўся спаць — так стамляўся за дзень, седзячы за рулём аўтобуса, амаль не ўстаючы, не распрамляючы спіны і ног. У Ліды, як і заўсёды перад святамі, пачаліся адно за адным дзяжурствы — сёй-той хацеў наведаць у святы сваю радню і прасіў замяніць. I Ліда, якой ехаць не было куды, замяняла — суткамі не выходзіла з бальніцы. Ведала ж — муж таксама ў гэтыя дні заняты больш чым калі, дык чаму ж і ёй не запрацаваць лішні адгул. Спатрэбіцца ж — гарод трэба будзе сеяць ды і ці мала што. Дзеці ж — і Максім, і Лена — не дома: Максім у войску, аж у Хабараўску, а Лена замужам, жыве ў Рызе. Раптам пад'ехаць да каго-небудзь з іх давядзецца? I Іван з Лідаю амаль не бачыліся — то ён у ад'ездзе быў, то яна на дзяжурстве. I хоць расло адчуванне быццам нейкай трывогі, бяды, аднак пры сустрэчы яны пра гэта не гаварылі. Ды і гавары ці не гавары, усё адно ж нічога не зменіш, чаму быць, таму не мінаваць. Гэта і ён, Іван, і Ліда ведалі з свайго, хоць і не вельмі вялікага вопыту. I трывога, бяда — гэта яны адчувалі, нават ведалі — звязана была з Чарнобылем, той аварыяй, што там, ля яго, адбылася... Пра яе, аварыю, гаварылі ўжо ўсюды адкрыта, не баючыся. Прычым з самымі рознымі падрабязнасцямі — і пра пажарнікаў, якія, рызыкуючы сваім жыццём, змагаліся з агнём, і пра міліцыю, вайскоўцаў, што акружылі станцыю і нікога туды не пускаюць, і пра эвакуацыю людзей з горада Прыпяць, ды і вёсак, што непадалёку ад атамнай станцыі... Верыць гэтым размовам ці не верыць — ніхто не ведаў. I адносіліся да іх як хто — хто смяяўся, жартаваў, маўляў, іншых слухай, а свой розум май, хто ўгінаў глыбей у плечы галаву і маўчаў — курыў папяросу ці адварочваўся, рабіў выгляд, што не чуе. Дваістае пачуццё да аварыі і ўсяго таго, што з ёю звязана, было і ў Івана. З аднаго боку, ён чуў, што гаварылі людзі, з другога — чуў і бачыў, што перадавалі і паказвалі па тэлевізары — ішлі поўным ходам палявыя работы паблізу рэактара, значыцца, нічога страшнага не адбылося, аварыя як аварыя... На Першае мая была, як і заўсёды, дэманстрацыя, мітынг на плошчы. Гаварылі пра поспехі, пра здабыткі працоўных раёна, пра выкананне і перавыкананне абавязацельстваў і заданняў. Праўда, галасы ў выступленнях былі менш натхнёныя, самі прамоўцы неяк быццам палахліва глядзелі на людзей. Ды і твары — і ў тых, хто быў на трыбуне, і ў тых, хто стаяў наўкруг яе, былі не радасныя. I калі павяваў вецер адтуль, з Чарнобыля, падымаў пыл — адварочваліся ўсе. I не глядзелі адзін аднаму ў вочы, не ўсміхаліся, як гэта бывала раней у святы, а імкнуліся скіраваць іх у зямлю, сабе пад ногі. А мо гэта толькі здавалася так яму, Івану?.. Сам мітынг цягнуўся не доўга, карацей, як звычайна — яго скончылі за якую гадзіну. Ды і быў ён не такі шматлюдны, як заўсёды на Першамай. Усё ж размовы, што трэба бываць менш на сонцы, на паветры, падзейнічалі. I Івана Ліда не пускала на дэманстрацыю. «Падумаеш, без цябе быццам не пройдзе». Але ён, Іван, усё адно пайшоў — сарамнавата перад таварышамі было, маўляў, радыяцыі спалохаўся! Ды і не прывык ён на Першамай дома сядзець, калі, здаецца, сама душа рвецца разам з людзьмі быць — хадзіць, спяваць, радавацца, смяяцца. Што-што, а Першамай Іван любіў, лічыў яго сапраўдным святам працоўнага чалавека. Гадамі ж людзі дамагаліся, каб яго святкаваць. I калі дамагліся, то быць дома, у сваёй хаце... О, не!