Выбрать главу

Міндоўг, як, бадай, кожны літоўскі кунігас, ведаў толк у паляванні, змалку любіў яго. Мужчыны ўсхвалявана пачалі абмяркоўваць заўтрашнія ловы. І толькі Ганна-Паята, самотная душа, сядзела на сваёй канапе, рабіла выгляд, што ўважліва слухае іх, а думкі былі далёка-далёка адсюль, у нейкім захмар'і. Нездарма кажуць, што моль адзенне есць, а смутак — чалавека. Бачыўся варуцкай княгіні заліты гарачымі промнямі Афон, блакітнае ціхае мора, белыя сцены манастыроў, на якіх раскашуецца, лезе ўверх ап'янелая ад сонца вінаградная лаза. Там, у той сонечнай цішыні, жывуць, гутараць з богам смуглыя велікавокія людзі, што харчуюцца мёдам дзікіх пчол і акрыдамі, маладой смажанай саранчой. Як хацелася ёй туды з гэтай лясной глушэчы, ад крыві і страху, ад бясконцых незразумелых войнаў. Там ёсць месцы, дзе нават забаронена араць зямлю, бо зямля — жывая і саха земляроба можа прычыніць ёй боль.

На ловы Далібор узяў свой любімы лук. Літоўцы не надта ведалі гэту зброю, і Войшалк з вялікай цікавасцю круціў яго ў руках, цмокаў языком. Лук біў звера і чалавека за сто сажняў і складаўся з некалькіх частак. Галоўнаю была кібіць — дрэўка лука, кожная палавіна якога называлася плячом альбо рогам. Касцяныя накладкі называліся мадзянамі, а ніжні бок рога — падзорам. На канцах рагоў мацаваліся косці, да якіх прывязвалася цеціва. Рабілі яе з ласіных або валовых сухажылляў. Звычайна лук быў з расслабленай цецівою, і толькі перад самым паляваннем або перад самай бітвай яе нацягвалі. На левае прадплечча Далібор надзеў металічны бранзалет-наручку, каб ахоўваць руку ад удараў цецівы, а на вялікі палец той жа рукі — касцяное кольца. Стрэлы ў яго былі бярозавыя і з лясной яблыні-дзічкі.

На ловы выехалі вялікай рознакаляровай кавалькадаю. Паперадзе на белым кані ехаў Міндоўг. Побач з ім гарцавалі браты-кунігасы Вісмант і Спрудзейка, абодва светлавалосыя, вясёлыя, прыгожыя. Міндоўг казаў ім ласкавыя словы, усміхаўся ім, і яны, як маладыя жарэбчыкі, паказвалі варуцкаму кунігасу і ўсім свой спрыт і жвавасць. То вырываліся наперад, абганяючы адзін аднаго, то кідалі высока ўгору шапку і, пусціўшы коней галопам, лавілі гэту шапку на кап'ё.

— Дужа вясёлы сёння кунігас. Не чакай добрага, — ціха сказаў Далібору ваявода Хвал, які ехаў побач.

Далібор з непаразуменнем паглядзеў на ваяводу. Аб дзіўным думае і гаворыць стары вой у такі радасны, такі сонечны дзень. Няўжо можна насіць чарноцце на душы, калі блішчыць неба ад залатых промняў, калі трапеча кожная жылка ў хутканогага каня?

— Вісмант як таль21 у Міндоўга. Ды і брат яго таксама, — растлумачыў Хвал. — Прашу цябе, княжыч, на ловах трымайся каля мяне. Пушча вялікая. Шмат сецяў-мярэжаў у ёй.

Ваявода сваімі жаўтлявымі вачамі строга зірнуў на Далібора.

— Мне князь Ізяслаў наказ даў прыглядваць за табою. Твой жа лях сёння ляжыць як палена. Трымайся каля мяне. І ад мядзведзя, і ад ліхога чалавека разам адаб'ёмся.

У Косткі, якога так не любіў ваявода Хвал, перад ловамі раптоўна разбалеўся жывот. Бедны лях аж енчыў, увесь пасінеў, і яго пакінулі ў горадзе пад наглядам Найдзёна і варуцкіх зялейнікаў.

— Жарало ненаеднае, — сказаў пра яго ваявода, маючы на ўвазе, што ўчора вечарам лях дужа налягаў на розныя літоўскія прысмакі.

Пад'ехалі да густога лесу. Пэўна, зусім нядаўна ў яго ўбягала навальніца, бо мноства дрэў, тонкіх і тоўстых, ляжала на зямлі, бездапаможна растапырыўшы свае карані. Міндоўг уладным рухам рукі спыніў усіх, саскочыў з каня і памаліўся богу лесу і палявання Мядзейнасу і заечаму богу, папрасіў у іх дазволу праліць звярыную кроў. Багі далі згоду, бо раптоўна зашумелі дубы на ўскрайку, заківалі светла-зялёнымі галовамі бярозы і ліпы, нейкія цені і нейкія плямы святла радасна замітусіліся ў лясным глухатраўі.

У пушчы для ловаў кунігасавы асочнікі і коймінцы загадзя змайстравалі доўгую, амаль на дзве вярсты, загародку з жэрдак і колляў. Сажняў праз дзвесце — трыста ў ёй меліся праходы. На гэтых праходах звяроў чакалі лоўчыя ямы, замаскіраваныя травой і галлём, сілкі, петлі-зашмаргі, самастрэлы.

Адчувалася, што пушча аж кішыць звяр'ём. Тры сонцавароты не ездзіў сюды Міндоўг на ловы, а без яго, кунігаса, ніхто не смеў і чхнуць у пушчы. Аднойчы асочнікі злавілі тут згаладалага смерда-палянца, які біў драўлянай калатушкаю цецерукоў. Як ні прасіўся бедалага, як ні цалаваў ногі, з жывога злупілі скуру і кінулі звязанага ў агромністы мурашнік.

Тоненька вішчалі на шворках сабакі. Перад ловамі іх не кармілі, толькі папаілі вадою, і мутныя ад голаду сабачыя вочы прагна глядзелі ў зялёную лясную глушэчу, туды, дзе, нікога не баючыся, ні аб чым не здагадваючыся, лагодна саплі, грызучы мяккую салодкую траву, тлустыя туры, важна пасвіліся зубры, драмалі на сонечных палянках казулі і сарны, у гушчары адлежваліся ласі і дзікі.

Вось чорнабароды асочнік, якому Міндоўг, упэўнены ў важнецкім паляванні, загадзя падараваў жменю срэбных і залатых манет, узняў касцяны рог, затрубіў. І быццам віхор уварваўся ў маўклівую пушчу. Шалеючы, звонка загаўкалі сабакі, ударылі ў бубны, засвісталі ў свісцёлкі асочнікі, успыхнула мноства паходняў, на ўсе грудзі закрычалі паляўнічыя ад вялікага кунігаса да самага мізэрнага канявода.

Стогн прайшоў па пушчы. Яшчэ зусім нядаўна тут чуўся трубны покліч звяроў, калі шукалі і сустракалі яны сваё каханне. І вось усяму наступіў канец. Чалавек узняў зброю, і не было аніякага паратунку ад яе. Нават калі б у тураў і казуль выраслі крылы, не здолелі б яны аддаліць свой смяротны час, бо над усімі сцежкамі і прасекамі на высокіх шастах былі развешаны перавесы і цянёты.

Велізарная маса звяр'я, ломячы падлесак, рынулася проста на загародку, а там — у такія зманлівыя праходы. Выратаванне і жыццё былі, здавалася, зусім побач. Некалькі скачкоў — і застануцца ззаду ненавісныя ашалелыя сабакі, крыкі, яркі агонь паходняў сярод белага дня, трывожны пах згубнага металу. Але чалавек хітрэйшы. Дзесяткі, сотні звяроў правальваліся ў лоўчыя ямы, наляталі на вострыя коллі, на самастрэлы, адчайна біліся, сплятаючы і крышачы рогі, у сілках і петлях-зашмаргах. Таго ж, каму пашанцавала, хто праскочыў гэты крывавы смяротны рубеж, чакала сцяна капейшчыкаў, чакалі сякеры і бязмены, дубіны і лукі. Метал бесперашкодна ўваходзіў, упіваўся ў жывую звярыную плоць, і падсякаліся ногі, тухлі вочы, такія бліскучыя і трапятлівыя за некалькі імгненняў да смерці, такія прыгожыя. Расла гарачая гара мяса, гара рагоў і футравіны. А людзі, абпырсканыя яркай-яркай крывёй, усё не ведалі спыну. Надоўга запомніць пушча гэты дзень. Надоўга застанецца яна пустой, заселенай адным толькі ветрам.

Далібор зваліў тры або чатыры казулі і быў задаволены сабою. У ягоным Новагародку не было такога размаху на ловах. Князь Ізяслаў стараўся ашчаджаць лясных насельнікаў, і не часта на зялёную траву цякла звярыная кроў.

Глыбока ў лесе пачулася песня. Збіраліся ў адну купу асочнікі і паляўнічыя.

Любяць песню літоўцы. Спяваюць у полі і на лузе, у час адпачынку і ў час працы, спяваюць маладзенькія дзяўчаты і хлопцы, старыя дзяды і бабулі, спяваюць пад шэрым дажджом і пад іскрыстым сонцам.

Пад'ехаў на замыленым кані ваявода Хвал, шапнуў Далібору:

— Ну, што я казаў, княжыч? Цягнуць з пушчы на туравай шкуры Вісманта і Спрудзейку. Абодва мёртвыя. У лоўчую яму зваліліся. А ў той яме іх паранены тур стаптаў.

— Як жа яны, такія спрытнюгі, у яму ўляцелі? — здзівіўся Далібор.

Ваявода нічога не сказаў, толькі паглядзеў на яго доўгім праніклівым позіркам, і адчувалася, што з кончыка языка ў ваяводы, як птушка, гатова сарвацца слова, што свярбіць, дужа свярбіць кончык языка, але стрымаўся стары вой.

Нявесела скончыліся ловы. Вісманта і Спрудзейку разам з іхнімі коньмі, разам са зброяй павезлі на жоглішча і там спалілі. У Міндоўга быў змрочны твар. Трэба было на некім спатоліць злосць.

— Дзе конюх кунігаса Спрудзейкі?! — закрычаў Міндоўг.

вернуться

21

Таль — заложнік.