Выбрать главу

Думаючы пра ўсё гэта, адчыняю жалезныя дзверы памяці, бяру ў руку пяро.

Частка першая

І

У лютую чэрвеньскую спёку прывалокся з-за Нёмана калека. У яго не было левай рукі і правай нагі. Замест іх з дзіравага запыленага радна тырчалі кароценькія чырвоныя кульцяпкі. Мухі, чорныя і сінія, роем насіліся над ім, садзіліся на непакрытую спатнелую галаву, нават на бровы і вейкі, нібыта быў ён ужо мерцвяком.

Яму адчынілі браму новагародскага замка, і ён адразу ж упаў, уткнуўся тварам у гарачую зямлю, заплакаў. Крываваты дубовы дручок, на які ён абапіраўся, ляжаў побач. Мухі з прагнасцю абляпілі дручок, смакталі чалавечы крывавы пот.

Усе дзівіліся, як мог адолець такі калека такую доўгую цяжкую дарогу. З адной нагою і з адной рукою толькі на палацях ляжаць, а гэты, калі верыць яму, прыйшоў з правага нёманскага берага.

Новагараджане, усхвалявана перагаворваючыся, стоўпіліся вакол прыхадня, чакалі, пакуль ён аддыхаецца і можна будзе распытаць яго. Нехта здагадаўся прынесці карэц з халоднай вадою. Калека, не ўстаючы з зямлі, доўга піў, аж нешта шчоўкала ў ягоным горле.

— Ты хто? — не вытрымаў, прысеў побач з ім на кукішкі новагародскі меднік Бачыла.

— Чалавек, — ледзьве варушачы языком, адказаў калека.

— Бачу, што чалавек, — зазлаваў меднік. — Але хто цябе так абкарнаў, як бярозу пры дарозе?

Бачыла быў чалавек вельмі цікаўны, гаваркі. Нездарма новагараджане жартавалі, што калі меднік гаворыць, у яго агонь з рота скача. Бачыла аж працінаў калеку зялёнымі, як маладая трава, вачамі.

— Хто ты? — насядаў ён. — Скажы.

— Слізкі ж у цябе язык, — не вытрымала ўдавіца Мархва. Мужа яе, дружынніка Астаха, у мінулым сонцавароце забілі тэўтоны.

Бачыла, як шылам кальнуў, зірнуў на ўдавіцу, хацеў ударыць гняўлівым словам, але ў натоўпе прашумела:

— Далібор ідзе… Далібор…

Княжыча Далібора ўсе пабойваліся. Было яму толькі васемнаццаць сонцаваротаў, але постаць меў карчавітую, далоні каляныя, чэпкія, твар нахмурана-суровы, а вочы няўсмешлівыя. Чорныя валасы густой грываю спадалі на загарэлую да цемнаты шыю. Далібор уладным позіркам як бы рассунуў перад сабой натоўп, спытаўся, узяўшы рукі ў бокі, у прыхадня:

— Адкуль ты і што табе трэба ў Новагародку?

Ен заўсёды стараўся гаварыць «па-княжаму» — Наваградак называў Новагародкам.

Калека ўздрыгнуў, выгінаючыся ўсім тулавам, няўклюдна сеў на пясок. Хацеў устаць перад княжычам, але не змог, не хапіла сілы, і ён сказаў, седзячы:

— Як вада да вады, так і кроў да крыві дарогу знойдзе.

— Калі я цябе зразумеў, ты з Новагародскай зямлі? — строга звёў чорныя бровы Далібор.

— Сысунком-млекасосцам купала мяне маці ў Нёмане, а завуся я Валасачом. Нагу ж і шуйцу1 нямчыны мне адцялі,— хуценька адказаў калека. Ен пазіраў то на Далібора, то на людзей, што маўкліва абкружалі княжыча і яго. Страх ліпеў у самай глыбіні зрэнак. Нібы чакаў знявечаны Валасач, што вось зараз, праз міг, адбудзецца нешта дужа непажаданае, прыкрае. І сапраўды, удавіца Мархва (а яна па ўзросту была самай старэйшаю з новагараджан, што сабраліся тут) раптам войкнула і аж прыкрыла абсіверанай даланёю вочы.

— Дык гэта ж вяшчун з Цёмнай гары, — спалохана і разгублена прамовіла яна. — Як я яшчэ зялепухай-дзеўчынёхаю была, ён на Цёмнай гары сядзеў, святое вогнішча паліў. Бацька князя Ізяслава, князь Васілька, прагнаў яго за Нёман, у пушчу. І яго старцоў-ведуноў прагнаў. Дванаццаць старцоў жыло на гары. Праўда ж, ты — вяшчун?

Пры гэтых словах удавіцы Валасач з палёгкаю ўздыхнуў, нібы скінуў з плячэй і душы камень-жарнавік. Лагодная ўсмешка ўспыхнула на твары.

— Пазнала. Вяшчун я, — з нейкай задаволенасцю сказаў Валасач і глянуў на Далібора. — Твой дзед знішчыў наша капішча. Звер-зверам быў твой дзед. А зараз, княжыч, загадай мне прынесці кавалачак хлеба і жменьку вады. Чалавек датуль жыве, пакуль есці хоча.

Ен засмяяўся. І ўжо ні кропелькі страху не было ў позірку.

— Ты, — аж задыхнуўся ад гневу Далібор і нават узмахнуў кулаком. — Камар балотны. Чарвяк падземны. Як смееш майго дзеда, новагародскага князя, сваім брудным языком бэсціць?

— Загадай жа, княжыч, адсекчы мне астатнюю руку і нагу, — спакойна сказаў Валасач, — або загадай прынесці хлеба.

Далібор пры словах калекі гнеўна пачырванеў, крута павярнуўся, амаль пабег у бацькаў церам. Бачыла-меднік, што цікаўна стаяў у княжыча за спіною, не паспеў адскочыць убок і схапіў поўху. Меднік цёр вуха, а Далібор, шпарка крочачы ў церам, чуў, як былы вяшчун казаў новагараджанам:

— Прыпоўз паміраць на родную зямліцу. У кожнага з жывых такое будзе. Але не гэта страшна мне. Страшна тое, новагараджане, што сіла вялікая і злая ідзе на нас. Жамойту тэўтон падмяў пад сябе. Ідзе сюды. Нікога не шкадуе.

«Я загадаю кінуць яго ў вір галавою, — задыхаючыся, думаў Далібор. — Не, няхай цемрука раздзяруць на кавалачкі сабакі. У бацькавых пастухоў добрыя псяюхі».

Разгневаны княжыч пад адкрытай, засланай мядзведжымі і барсуковымі шкурамі галерэі, узбег на другі ярус церама і вока ў вока сутыкнуўся з маці і братам Някрасам.

— Глебачка, — ласкава сказала княгіня Мар'я і пагладзіла сына па чорнавалосай галаве, — чаму ты такі невясёлы?

Хрысціянскае імя ў яго было Глеб, ён не любіў гэта імя, але маці ўпарта называла яго толькі Глебам, Глебачкам, бо князь (а яна вельмі хацела, каб яе сын стаў некалі новагародскім князем) не можа не быць хрысціянінам.

— Дажыў да старых капытоў, а розуму не мае, — злосна выдыхнуў Далібор, усё яшчэ ўспамінаючы дзёрзкага калеку.

— Пра што ты гаворыш, Глеб? — не зразумела маці.

— Там, каля замкавай сцяны, ляжыць прыблуда-калека, — стомленым голасам адказаў Далібор. — Агідны, мокры… Мухі з усяго Новагародка зляцеліся да яго.

— Дык у яго ж адзін капыт, а не два, — весела выгукнуў Някрас, малодшы Далібораў брат, і кпліва, як падалося Далібору, засмяяўся. «Ужо быў там, бачыў», — здагадаўся Далібор, глянуўшы ў цёмна-арэхавыя шчаслівыя вочы свайго вельмі прыгожага брата. Сябе Далібор лічыў непрыгожым і не вельмі каб перажываў раней, ды на васемнаццатым сонцавароце жыцця пакутліва пачаў разумець, што ў мужчыне жанчына шукае не толькі сілу, багацце, знаны род, але і лепасць твару. Нашто ўжо маці — заўсёды ласкавая, усмешлівая з ім, Даліборам-Глебам, — але і яна больш прывячае прыгажуна Някраса, у хрышчэнні Нікадзіма. Цяжка жыць на белым свеце, адчуваючы, што цябе родныя табе людзі любяць не на ўсё сэрца, не на ўсю душу. Яны хаваюць гэта, яны абсыпаюць цябе пацалункамі, але не-не дый мільгане ў позірку раптоўная халоднасць — так у зацішку цёплага маёвага лесу побач з яркімі вясёлымі кветкамі надараецца ўбачыць вастразубы камячок нерасталага лёду. Чуў жа Далібор, як маці, разгневаная нечым, сказала пра яго: «Касавура гэты…» Ен і сапраўды, калі злуе, калі што-небудзь не ўпадабае, упарта схіляе лабатую галаву, касавурыць блакітным вокам з-пад шырокага калматага брыва.

— Глеб, Нікадзім, — устрывожана глянула на сыноў княгіня, — пра якога калеку вы гаворыце?

— Ды ляжыць там адзін каля сцяны. Смокча гразь, — весела сказаў Някрас. Яго светла-русыя даўгаватыя валасы на канцах злёгку кучаравіліся, адлівалі цёмным золатам.

— Навошта такога пусцілі на дзядзінец? — захвалявалася княгіня. Яна, як з самага свайго дзяцінства помніў Далібор, не магла пераносіць, трываць рознае людское калецтва, чалавечую кроў. Неяк прызналася сынам, што маленькаю дзяўчынкаю ў начной апачывальні, калі яшчэ жыла ў Менску, бачыла жахлівую Маўку. У той Маўкі прыгожы белы твар, але няма спіны. Маўка нахілілася над маленькай князёўнай, пацалавала халоднымі губамі і раптам рэзка крутнулася, і ўбачыла змярцвелая князёўна ўсе яе ўнутранасці, усе вантробы, убачыла, як пругка сціскаецца і расціскаецца сэрца, як дыхаюць лёгкія, як трапечуць сіне-чырвоныя жылы… З таго часу палахлівая яна, як асінавы ліст, што ўздрыгвае нават ад птушынага свісту.

вернуться

1

Шуйца — левая рука.