Выбрать главу

— Прыхіні вуха тваё да мяне, Хрыста Бога майго Маці, ад вышыні многія славы тваея, Благавесная, і пачуй стагнанне канечне, і руку мі падаждзь.

Далібор уздрыгнуў — варуцкі княжыч казаў малітву на зыход душы:

— Не адвярні ад мяне многія шчадроты твая, не зачыні ўтробу тваю чалавекалюбівую, чыстая, але прадстань мі ныня і ў час судны памяні мя.

І хрысціяне, і паганцы прыціхлі, як знямелі, бо такія словы гаворацца раз у жыцці. Павісла маўчанне.

— Развяжыце яго, — загадаў Даўспрунк.

У гэты час увайшла Рамуне. Убачыўшы брата, засвяцілася ўся ад радасці, кінулася да яго, абняла.

— Братачка мой! Саколік! Войшалк памкнуўся ёй насустрач.

— Сястрыца! Зязюлечка!

Гэтыя самыя першыя і самыя шчырыя словы, што вырваліся адначасна з іхніх грудзей, не маглі крануць толькі камень. Чалавечае сэрца, якім ні быў бы чалавек, недзе ў самай сваёй жывой глыбіні заўсёды, можа, нават неўсвядомлена, адгукаецца на такія словы. У дадзеным жа выпадку асабліва павінна было ўстрапянуцца літоўскае сэрца, бо спрадвеку ў літоўскіх песнях-дайнах дзяўчына завецца зязюляй, а хлопец — сокалам або ястрабам.

Вырваныя з цёплага бацькоўскага гнязда, стоячы паміж ворагаў, яны, брат і сястра, моцна абняліся, ды так на нейкі міг і застылі, быццам явар і каліна, быццам дубок і бяроза. Што бушавала ў іхніх душах? Што праносілася ў іхняй памяці? Незваротныя дні малалецтва, сінія летнія рэкі, белыя пухкія воблакі, нястрашныя дажджы і бяскрыўдна-залатыя маланкі, увесь той агромністы, зялёны, сонечны свет, у якім калісьці жылі яны, даверлівыя маленькія людзі, што разам бегалі па расе, па кветках басанож, галяком, і ні кропелькі сораму не было ў вачах, бо былі яны тады дзецьмі, былі братам і сястрой.

Раптам Рамуне ўбачыла за сталом Далібора і, здалося, аж пахіснулася. У чорна-зялёных вачах прабегла спачатку здзіўленне, потым роспач і крыўда. І нарэшце лядок нянавісці зашкліў вочы. Дзяўчына цяжка ўздыхнула і адвярнулася.

— Вось і ўбачыліся, — ласкавым голасам сказаў Даўспрунк. — Сядай, Рамуне. Сядай і ты, братачада30 Войшалк.

Але тыя стаялі. Даўспрунк разгублена зірнуў на сваіх сыноў.

— Не так з імі трэба гаварыць, — злосна прамовіў Эдзівід. — Яны — нашы палонныя. Дзе хто бачыў, каб палонны, як гаспадар, сядзеў за сталом?

Ен павярнуўся да Рамуне.

— Учора мы паслалі да твайго бацькі голуба. Засталося чакаць два дні. Калі твой бацька праглыне язык і не прышле ніякага адказу, гэтага, — ён паказаў вачамі на Войшалка, — зарэжам, як твае сямейцы зарэзалі Рушкавічаў. А цябе…

Эдзівід на нейкі міг змоўк, холадна ўсміхнуўся.

— У нас ёсць нямала маладых нежанатых конюхаў. Пры гэтых словах кунігас Даўспрунк вінавата і палахліва ўздрыгнуў, згорбіўся, уцягнуў галаву ў плечы і стаў падобны на вожыка, што звінуўся ў клубок. Таўцівіл у знак згоды з малодшым братам ківаў кароткай чорнай барадою. Далібор і ваявода Хвал маўчалі. Костка ж раптам наліўся гарачай крывёю, узняўся з-за стала і сказаў:

— У нас у Польшчы (а я сам — лях) да млодых прыгожых дзяўчат адносяцца з вялікай пачцівасцю. А яна ж, — Костка нізка пакланіўся Рамуне, — цурка31 кунігаса Міндоўга. Можна ваяваць кунігасу супраць кунігаса, у нас таксама князі ваююць, але нельга ваяваць супраць безабаронных, тым больш дзяўчат і кабет.

Лях, прамовіўшы ўсё гэта і яшчэ раз пакланіўшыся Рамуне, з вялікай годнасцю сеў на сваё месца. Эдзівід са здзіўленнем і нечаканай для сябе нерашучасцю паглядзеў на Костку. У ягоным позірку так і крычала, так і рвалася аж пад столь святліцы пытанне: што гэта за дзіўная птушка заляцела за наш стол? Але ён змаўчаў.

Рамуне з Войшалкам вывелі, і зноў пацякло віно.

— Не дасць адказу Міндоўг. Я яго ведаю, — з паныласцю ўздыхнуў Даўспрунк.

— Пачакаем два дні,— бадзёра ўзняў чару Эдзівід.

— Я яго ведаю, — вёў сваё Даўспрунк. — Мамыра мамыраю быў, калі мы, малыя яшчэ, без штаноў у лазню бегалі, але ўпарціна, якую свет не бачыў. Аднойчы знайшоў цэлае бярэмя грыбоў і, каб даказаць, што толькі ён адзін іх знайшоў, каб нікому з нас, братоў, ні кропачкі грыбарскай славы не перапала, паеў іх сырымі, пакуль ішоў з лесу дадому. Ледзь не памёр потым.

— Хай бы ён тады і памёр! — са злосцю выгукнуў Эдзівід.

Даўспрунк як бы не пачуў сына, гаварыў далей:

— Малым убіў сабе ў галаву, што яго не нарадзілі, як нараджаюць усіх людзей, а знайшлі ў бары на высокім дубе ў арліным гняздзе. Нават некалькі сядміц патаемна ад нашай маці пазногці на руках і на нагах не абразаў, каб былі як у арла.

Ен уздыхнуў, і ўсе зразумелі, што дужа перажывае кунігас, што бяссоннымі начамі ён, пэўна, даўно пракляў той час, калі надумаў узняць дзясніцу на свайго ваяўнічага брата. Адна маці іх нарадзіла, ды не аднолькавае сэрца дала. Мяккае шкадобнае сэрца ў Даўспрунка, і каб не сыны, асабліва малодшы, Эдзівід, даўно б памірыўся ён з Міндоўгам, выпіўшы віно згоды, даўно б прызнаў над сабой ягонае верхавенства.

— Колькі зла прычыніў нам гэты мардалысы32,— маючы на ўвазе Міндоўга, з непрыхаванай злосцю сказаў Эдзівід.

Нядобразычліўцы шапталіся па закуццях, што вытлумачыць Эдзівідаву нелюбоў да свайго дзядзькі можна вельмі проста — аднойчы, калі Эдзівід быў яшчэ зялёным хлапчанём з бурбалкамі пад носам, гэты самы дзядзька ўласнаручна скінуў з яго парткі і бязлітасна адхвастаў пякучай вогненнай крапівою. За што пакараў дзядзька пляменніка, чым той яго так угнявіў, у кругабезе дзён забылася, а вось зняважлівую крапіву ўсе добра помнілі. «Яму яшчэ і сёння свярбіць, бо рука ў Міндоўга цяжкая», — казалі пра Эдзівіда, задаволена пасміхваючыся, усё тыя ж нядобразычліўцы.

— Скажы нам сваё слова, новагародскі княжыч, — папрасіў раптам Таўцівіл. Апошнім часам Таўцівіл пачаў усё больш задумвацца, не з такім імпэтам і ахвотаю, як раней, падтрымліваў Эдзівіда, калі той па сваёй улюбёнай звычцы прылюдна бэсціў Міндоўга.

— Скажу, — узняўся над сталом Далібор. — Вы і мы — пабрацімове. У адной вадзе купаныя, адной пушчай калыханыя. Калі і ўносілі злыдні меч нязгоды між намі, дык тое забудзецца. Але ніколі ні мы, ні нашы нашчадкі не забудзем бітваў за наш і ваш край, бітваў, дзе мы стаялі разам. Наша кроў, пралітая там, чырвоным кветам прарасце. У суровы век дадзена нам жыццё і дыханне. З Варажскага мора ідуць лаціняне, лівонскія і тэўтонскія рыцары. Вольны прус, брат жамойта, яцвяга і літоўца, ужо стаў іхнім рабом.

З вялікай увагаю і здзіўленнем слухалі ўсе ўсхваляваныя словы новагародскага княжыча. Казаў іх не абвіты маршчынамі і не абсыпаны сівізной дастаслаўны муж, а зусім яшчэ юнак.

— З поўдня, — гаварыў далей княжыч, — горкім дымам цягне. Гарыць Валынь. Узвіўся над ёй татарскі аркан. Дык няўжо можна сядзець склаўшы рукі і чакаць, як той лясны грыб, пакуль прыйдзе нехта і зрэжа пад корань? Сілу з сілаю трэба зліць, меч з мячом парадніць. З такою думкаю прыйшлі мы да вас у Літву з Новагародка. У нас у Новагародку кажуць: лепш дзень чалавека, чым век раба.

Даўспрунк, а за ім Эдзівід пацалавалі Далібора. Марудны Таўцівіл не адважыўся, але таксама, відно было па вачах, дайшло да ягонага сэрца пякучае слова. Костка і ваявода Хвал з любоўю глядзелі на свайго княжыча.

Ды толькі нейкую хвілю доўжылася такое. Бо адразу ж Эдзівід падумаў, што дужа соладка спявае гэты салавейка. А яшчэ ўчора ж, нябось, цалаваўся з Міндоўгам. Даўспрунк успомніў, што сядзіць у спаленай братавай Варуце і што брат да скону не даруе гэта. Таўцівіл ніколі не любіў людзей, якія здаваліся яму разумнейшымі і спрытнейшымі за сябе самога. Сам Далібор адчуў страшэнную стому, сеў, прыкрыў вочы рукою. Ва ўпор пазіраў на яго ваявода Хвал. І гэты позірк пёк, нібы вугольчык, напамінаў аб тым, што княжыча і ўсю дружыну чакае неўзабаве дужа небяспечная справа.

— Трэба класціся спаць, — шумна ўзняўся з-за стала Даўспрунк. — Пі, еш, цалуй жанчыну, стой на галаве, а спаць усё роўна трэба.

Далібору паслалі мядзведжыя шкуры ў Міндоўгавым нумасе. Тут яшчэ вісела калыска малога Руклюса. Тыя, што ўцяклі з Варуты, не паспелі, не змаглі ўзяць яе з сабой. Тыя ж, хто сёння гаспадарыў у горадзе, пэўна, яшчэ не дадумаліся, што з ёй рабіць. Так і вісела яна на срэбным круку, лёгенька пагойдваючыся. Далібор ляжаў, падклаўшы рукі пад галаву, і ўсё чамусьці думалася, што зараз у начной цішыні загрымяць рашучыя ўпэўненыя крокі, увойдзе Міндоўг, строга прыжмурыць вочы і грозна спытае: «Хто кратаў калыску майго сына?» Але ціха было ў Варуце. Не мог ведаць Далібор, слухаючы зацятае начное маўчанне, што санцаваротаў дзесяць — пятнаццаць, не больш, засталося жыць гэтаму гораду, Міндоўгаваму гнязду, а потым назаўсёды пакінуць яго людзі, і ён заплыве пяском, зарасце хвашчом і лебядой, пакрыецца лесам. Толькі грыбы будуць купна сядзець там, дзе сядзелі грозныя воі.

вернуться

30

Братачада — пляменнік, братаў сын.

вернуться

31

Цурка (польск.) — дачка.

вернуться

32

Мардалысы — чалавек з рэдкай барадой.