Выбрать главу

— А я, едучы з Турыйска, сёння ваўка ўбачыў,— не дужа пачціва ўставіў сваё слова залатар Іван, — воўк, дык воўк. Аж успомніў дзедаўскую прыкмету — убачыш ваўка, будзе на парозе госць. Прыехаў у Новагародак, а тут ужо Міндоўг з дружынаю.

Ізяслаў незадаволена зірнуў на залатара, а той хоць бы вусам варухнуў. Ведае, што за ім сіла, срэбра і золата. Новагародскія ж залатары-купцы аж у Рым і Брэмен свой тавар возяць. Іхняе Нёманскае сто35 ў Полацку і ў Ноўгарадзе між мясцовых купцоў-багацеяў вялікую падтрымку мае.

— Як будзем наконт Міндоўга рашаць, наконт яго сямейцаў і дружыны? — нахмурыўшыся, спытаў Ізяслаў.

— А што ваявода Хвал скажа? Ен жа быў у Літве, — пачуліся галасы.

Ваявода Хвал, разгладзіўшы вусы, што зіхцелі медна-жоўтым бляскам, сказаў:

— Вялікая фуртавіна36 ў Літве. Рэжуцца між сабой кунігасы. Вось нават і Міндоўга выгналі з Варуты. Але ён моцны. У яго дружына, якіх я мала бачыў, хоць, як вядома вам, шмат дзе ваяваў.

— Калі выгналі з Варуты, няхай ідзе на самакорм'е і жыве, як смерд, сваёй працаю, — кпліва прамовіў Тугажыл.

Але з ганарлівым баярынам ніхто не пагадзіўся. Усе разумелі, што за Міндоўгам стаіць сіла, і патрэбна гэту сілу выкарыстаць з розумам. Не парокам-таранам павінна біць яна ў новагародскую браму, а стралой, пушчанай з магутнага лука, ляцець туды, адкуль ворагі пагражаюць Новагародку. Літоўскі меч трэба ўкласці ў новагародскія похвы.

— Думаю я, што з Міндоўгам і яго дружынаю нам неабходна заключыць рад37,— сказаў баярын Сарока. — Мы дапаможам яму вярнуць сталец у Варуце і ўсёй Літве, ён разам з намі стане на Нёмане супраць татараў і лацінян.

— Міндоўг — паганец, — запярэчыў айцец Анісім. — Дзе і калі хто бачыў, каб хрысціянская дзяржава, улюбёная Хрыстом-богам, садзілася, як з роўняй, за адзін стол з паганцамі? Яны адразу ж здрадзяць, бо жывуць, як звяры.

— Няпраўду кажаш, святы айцец, — міжволі вырвалася ў Далібора. — Паганцы такія ж самыя людзі, як і мы. Быў я ў Варуце, доўгі час жыў побач з імі. Яны не бязбожныя людзі, бо маюць сваіх багоў, якім з ахвотаю пакланяюцца. Толькі звяры не маюць багоў.

— Сын мой, — холадна прамовіў Анісім, — паганцы — ворагі роду чалавечага. Няўжо ты гэтага не ведаеш?

Але Далібора няпроста было збіць з тропу. Ен, калі адчуваў сваю праўду, мог казаць рэзкія, нават злыя словы.

— Не бачыў я на іхніх тварах звярынага поту, — вёў сваё княжыч. — Бачыў пот чалавечы і слёзы чалавечыя бачыў. Яны дзяцей сваіх берагуць і шкадуюць, як і мы, хрысціяне. І плачуць над дзецьмі сваімі, калі кладуць іхнія мёртвыя маленькія цельцы на памінальнае вогнішча.

— На вогнішча! — усклікнуў Анісім. — Не ў зямлю! Бо не вераць ва ўваскрэсенне з мёртвых.

Усе з вялікай цікавасцю сачылі за слоўным паядынкам іерэя і маладога княжыча. Князь Ізяслаў хмыкаў у вусы, хмурыўся, але пакуль што маўчаў. Апошнімі днямі хмурнасць гэта рэдка сыходзіла з ягонага твару.

— Варуцкая княгіня Ганна-Паята, дачка цверскага князя, праваслаўная, як і ўсе мы, — цвёрдым голасам казаў Далібор. — І сын яе Войшалк праваслаўны. Ды і сам Міндоўг, калі трэба для яго народа, трэба для Літвы, прыме веру хрысціянскую ад Усходу, гэта значыць нашу веру.

— Мудрыя словы гаворыш, княжыч, — аж ускочыў са свайго месца Сарока. — Давайце дамовімся так: рад з Міндоўгам мы возьмем толькі тады, калі ён паклоніцца Хрысту, зробіцца хрысціянінам, як яго жонка і сын.

— Хутчэй дуб лясны паверыць у святую тройцу, чым варуцкі кунігас, — крыва ўсміхнуўся Тугажыл.

Але баярын з самага нараджэння свайго быў буркатлівы, як паднябесны гром. Браты яго яшчэ ў малалецтве добра карысталіся гэтай слабіною — калі нешта было загадана зрабіць усім чатыром, яны, загадзя дамовіўшыся, злавалі Тугажыла. Баярын, раззлаваўшыся, соп, шалёна стрыг вачамі, бубніў сабе пад нос і адзін рабіў усю тую работу, якую павінны былі адолець чацвёра.

Назаўтра паслалі ганцоў да Міндоўга з прапановаю князя Ізяслава і ўсіх думцаў паслужыць сваім мячом Новагародку. Княства за гэта брала літоўскую дружыну і кунігаса з сямейцамі і чэляддзю на кармленне, плаціла вялікае срэбра. І яшчэ было сказана ў радзе: што здабудзе, заваюе Міндоўг мячом сваім ярасным, тая зямля і той народ пераходзяць пад яго руку. За гэта ж кунігас і найбліжэйшыя да кунігаса баяры павінны прыняць праваслаўную веру, паклясціся на святым крыжы ў вернасці Новагародку.

Ганцоў узначаліў Далібор. Ен перадаў Міндоўгу пергамен з віслымі пячаткамі князя Ізяслава Новагародскага і епіскапа Анісіма, папярэдне зачытаўшы гэты пергамен. Міндоўг разам з Войшалкам, Казлейкам і баярамі ўважліва выслухаў, задумаўся.

— Няхай Новагародак дасць мне тры дні. Я павінен параіцца са сваімі багамі,— сказаў нарэшце кунігас.

Баяры яго, Войшалк і Казлейка, кіўнулі галовамі.

— Мы будзем чакаць тры дні,— згадзіўся Далібор.

Ен не сумняваўся, што кунігас адразу ж пашле верных людзей да Крыве-Крывейты. Цікава, што скажа вярхоўны жрэц? Пэўна ж, забароніць адыходзіць ад веры дзядоў-прадзедаў, ад Пяркунаса. Але ж нявыкрутка схапіла Міндоўга за самы кадык. Даўспрунк з сынамі сядзіць у Варуце, ваюе ўсю Літву, прымерваецца да Новагародка і Менска. У Жамойці Трайнат, красамоўца і місцюк38, падначаліў сабе ўсіх. У прускіх весях і гарадах рукі і ногі чалавечыя псы па вуліцах цягаюць. Жалезным чаравікам наступіў Ордэн на грудзі прусам.

Як ні раскінь галавою, толькі адна дарога ў Міндоўга — да Новагародка, калі хоча застацца кунігасам, а не пасвіць коней або ўздзіраць сахой зямлю.

Выконваючы такое важнае, такое адказнае даручэнне, Далібор ні на міг не забываў пра Рамуне. Дзе яна? Што з ёю? Шмат аддаў бы княжыч, каб толькі ўбачыць гарачыя чорна-зялёныя вочы.

У вакольным горадзе твар у твар ён сутыкнуўся з Велем. Той, як заўсёды вясёлы, шыбаваў некуды, асцярожна, нібы дзіця, несучы ў руках ладную карчагу. Вядома ж, у карчазе была не вада.

— Дзе бранзалет? — схапіў яго за рукаў Далібор.

— Які бранзалет? — здзівіўся спачатку Вель, але, адразу ж усё змікіціўшы, бадзёра адказаў:

— У самыя рукі аддаў.

— Каму? — не адступаў Далібор.

— Вядома, каму — літоўскай князёўне. Ого-го, якая яна прыгажуня. Праўду кажуць: золата і ў попеле відно.

— Ты яе бачыў?

Голас у Далібора нецярпліва ўздрыгнуў.

— Як жа я аддаў бы ёй бранзалет, калі б не пабачыўся з ёю? — як на малога, зірнуў на княжыча Вель.

— І што яна сказала?

— Што сказала?

У гэты самы час нейкая пякучая восеньская муха, пэўна, апошняя з сёлетніх мух, джыганула Велю ніжэй калена. А можа, і не муха кусанула, а іншы верад напаў. Дружыннік нагнуўся, ляпнуў рукою па назе, і раптам ў яго з-за пазухі выпаў сіні бранзалет, Далібораў бранзалет, і закруціўся каля ног, пакуль ціхмяна не лёг на пясок. Вель і княжыч, разявіўшы раты, глядзелі на яго.

— Што гэта? — спытаў нарэшце Далібор.

— Гэта?

Вель паціснуў плячыма.

— Здаецца, бранзалет.

— Дык ты ж яго аддаў Рамуне.

— Аддаў?

Вель на міг задумаўся, потым пляснуў рукамі.

— Вот галава! Я ж яго нясу аддаваць.

І ён, паставіўшы на зямлю карчагу з мёдам, хацеў падняць бранзалет.

— Не ўжо, брат. Я сам, — наступіў яму нагою на руку Далібор.

Але Вель борзда схапіў бранзалет, не забыўся схапіць карчагу і, сказаўшы: «Будзь здароў, княжыч, дзякуй, што з душой мяне пусціў, бранзалет я сам аддам», — прыпусціў па вуліцы. Далібор разгублена глядзеў услед. Толькі паспеў падумаць: «Ну і блудзень».

Вель проста ад княжыча накіраваўся да сядзібы баярына Сарокі, дзе, як ён выведаў, прыпынілася княгіня Ганна-Паята разам з Рамуне і малалеткамі Руклюсам і Рупінасам. Войшалк жа трымаўся Міндоўга. Кунігас пакуль што стаяў у шатрах каля новагародскага тыну. Ен ведаў вырак39 князя Ізяслава і думцаў: толькі дасць згоду асяніць сябе хрысціянскім крыжам і служыць Новагародку, адразу ўпусцяць яго з дружынаю на дзядзінец.

вернуться

35

Сто — купецкія арганізацыі, якія існавалі ў старадаўніх Усходнеславянскіх гарадах.

вернуться

36

Фуртавіна — непагадзь, бура.

вернуться

37

Рад — дагавор, умова.

вернуться

38

Місцюк — ілгун, хітрэц.

вернуться

39

Вырак — рашэнне, прысуд.