Выбрать главу

Адважна шыбаваў Вель да літоўскай княгіні, дзе меркаваў, улучыўшы міг, аддаць Рамуне бранзалет. Але дарогу перагарадзіў высокі светлавалосы ахоўнік у лісінай шапцы і накідцы з мядзведжай шкуры, якая не зашпільвалася ні фібуламі, ні гузікамі, а мацавалася да скуранога раменьчыка, што ахопліваў моцную загарэлую шыю. Гэта быў Гінтас, той самы, які яшчэ нядаўна «зязюляю» сядзеў на дрэвах і папярэджваў горад Варуту аб небяспецы. У руцэ ён трымаў сякеру.

— Куды і да каго ідзеш? — паклаў Гінтас цяжкую далонь на плячо Велю.

— Іду да княгіні Ганны-Паяты, — весела адказаў дружыннік.

— Хто ты, каб ісці да княгіні?

— Я? — здзівіўся Вель. — Як бачыш, новагараджанін. Дружыннік княжыча Далібора.

— Навошта ідзеш да княгіні?

— Лекі ёй нясу, — рашуча схлусіў Вель. — Вось у гэтай карчазе знаходзяцца лекі, якія дадуць палёгку княгініным нагам. У тваёй княгіні ногі дужа баляць. Хіба ты не ведаеш пра такое?

Гінтас узяў карчагу, пакруціў у руках, панюхаў.

— Дык гэта ж мёд. П'яны мёд, — сказаў ён нарэшце, падазрона азіраючы Веля, і пачаў гнаць дружынніка з двара. Але той заўпарціўся, выхапіў меч, і скрыжаваліся літоўская сякера з новагародскім мячом. На валтузню і шум выглянула з баярскай сядзібы Рамуне. Вель пазнаў яе, закрычаў:

— Князёўна! Што робяць твае людзі? Я прыйшоў да цябе з вітаннем ад наваградскага княжыча Далібора, а мяне не пускаюць і ў дадатак хочуць выпусціць з мяне кроў.

— Ты прыйшоў ад княжыча? — уся ўспыхнула Рамуне. — Гінтас, прапусці яго.

— Але ён толькі што казаў, быццам прынёс лекі для княгіні Ганны-Паяты, — у нерашучасці зморшчыў лоб, замуляўся Гінтас.

— Прапусці! — тупнула ножкай князёўна.

— Павесь сякеру на крук, — лагодна паляпаў літоўскага асілка па плячы Вель і, пакланіўшыся Рамуне, дастаў з-за пазухі прыгожы бранзалет.

— Гэта табе, князёўна, ад нашага княжыча. Упадабаў ён цябе і шле свой дарунак. Казаў, каб прыняла з чыстым сэрцам. І яшчэ казаў і прасіў, каб не хавалася ад яго, бо агнявіца-ліхаманка навалілася на маладое цела ад кахання вялікага.

Калі б княжыч Далібор пачуў гэтыя словы, асабліва пра агнявіцу, ён бы дужа здзівіўся, а магчыма б, і даў языкаватаму дружынніку добрага кухталя. Але такі быў Вель. Там, дзе казалі адно слова, ён казаў два, а там, дзе зрывалі дзве кветкі, зрываў тры.

— На тваім месцы, светлая князёўна, я загадаў бы зарэзаць бычка, варыць юху і гарохавае сочыва. А таксама нацадзіць піва і паставіць на стол добрыя чаркі.

— Гэты бранзалет ад княжыча? — любуючыся прыгожай аздобаю, прымерваючы яе да светласкурай рукі, перапытала Рамуне. — Але чаму ж сам княжыч не прынёс яго?

І ўважліва паглядзела на Веля.

— Княжыч прынясе срэбны і залаты бранзалет, — лоўка вывернуўся той. — Шкляны ж ён загадаў занесці мне, свайму вернаму дружынніку.

— Не вазьму, — уздыхнула Рамуне.

— Без грому нябеснага заб'еш княжыча, — нібы змахваючы слязу з вока, зажалобіўся Вель, а сам ужо хаваў бранзалет запазуху.

— Перадай княжычу, хай заўтра ўвечары сам сюды прыйдзе, — шапнула Рамуне, шмыгнуўшы назад ў святліцу.

Вель бадзёра кашлянуў у кулак, падміргнуў Гінтасу і пайшоў у адным яму вядомым кірунку. Якраз пачаўся халодны хвосткі дождж. Ужо не адзін раз клаўся на Новагародак снег, але яму пакуль не хапала сілы, каб утрымацца на зямлі, бо налятаў з Варажскага мора вецер, ператвараючы яго ў кісель. Над сядзібамі, багатымі і беднымі, заструменіліся пахкія сінія дымкі. Для сугрэву запальвалі ў печах-каменках новагараджане, а яшчэ для таго, каб, наскробшы з сусекаў мукі, дастаўшы з халодных схоўных ям мяса, нарыхтаваць сабе і сваім сямейцам вячэру.

Вель, паставіўшы на галаву карчагу, так, як робяць гэта людзі-эфіопы, і хоць трошкі прыкрыўшыся ёю ад дажджу, борздка ішоў па бліскучых лужынах. Буйнаватым носам ён уцягваў апетытныя пахі, якія з двух бакоў вуліцы ляцелі на яго, прымушаючы ўздрыгваць галодны страўнік. «Хто жыве, а хто пажывае», — думаў дружыннік, але вялікая карчага, дзе яшчэ амаль з краямі было хмельнага цёплага мёду, развейвала ягоную змрочнасць. Ды і не такі ён быў чалавек, каб дужа доўга сумаваць. Ен ішоў і мурлыкаў сабе пад нос песеньку, якую ўпершыню пачуў ад нябожчыка бацькі:

Бяруць мяне думкі-гадкі, Што чужыя жонкі гладкі.

Неўзабаве ён быў у самай багатай частцы вакольнага горада, дзе жылі купцы-золатакавалі, якія ўваходзілі ў Нёманскае сто. Яны самі рабілі са срэбра, золата і каштоўных каменняў найдзівосныя рэчы і самі ж вазілі іх прадаваць. Іх ведалі Кіеў, Галіч, Полацк, Гародня40, Рыга. Іхнюю гаворку чулі ў Рыме і Майнцы, на Дунаі і на няблізкіх Ангельскіх астравах. Пудамі важылі яны срэбра корнае41. Сядзібы ў іх былі выштукаваны так, што Вель толькі языком шчоўкаў. Каля адной з такіх сядзіб, двух'яруснай, прасторнай, ён і прыпыніўся. Ніжні ярус сядзібы быў каменны, верхні — драўляны, абмазаны чырвонай і сіняй глінай.

Вель зняў з галавы карчагу, глынуў з яе, потым, схаваўшыся за дубовым вастраколлем, якім абкружаўся двор, прысеў на кукішкі і кугукнуў савою. Ен так лоўка падрабіў крык дзікай лясной птушкі, што не ў адной з новагараджанак пайшло ўніз, абарвалася сэрца, бо чуць саву насупраць ночы — нядобры знак для жанчыны. Крыху счакаўшы, дружыннік пракукарэкаў, а напаследак зацёхкаў салаў'ём.

Дзверы ніжняга яруса адчыніліся, і на двор выйшла Лукера, у белай ільняной кашулі, у скураным вяночку са шклянымі падвескамі. Дзяўчына асцярожна прыслухалася. Ні гуку, ні зыку не было навокал. Яна сумна ўздыхнула і толькі паставіла маленькую нагу на ганак, як зусім побач рэзка і звонка пракукавала зязюля.

— Вель, не хавайся, я цябе бачу, — вясёлым, але ціхім голасам сказала Лукера, хоць бачыла толькі воблакі на небе, толькі лужынкі-сподачкі каля плота.

Дружыннік, усміхаючыся, выйшаў са свайго сховішча, прыгарнуў да сябе дзяўчыну. Потым дастаў бранзалет, той самы, што насіў ад княжыча да Рамуне, сказаў:

— Вазьмі, Лукера! Гэта я для цябе ажно з Менска прывёз.

Лукера хуценька ўзяла падарунак, надзела яго на запясце, потым зняла і пяшчотна пацалавала.

— Чаму ты цалуеш бранзалет, а не мяне? — хітравата спытаў Вель.

— Цябе я ўжо ўчора цалавала, — адказала дзяўчына.

Дружыннік, не гаворачы ні слова, моцна пацалаваў Лукеру ў свежыя пунсовыя вусны. Яна спалохана азірнулася, але нікога нідзе не было. Тады яна дазволіла яшчэ раз пацалаваць сябе.

У гэты час прагучалі цвёрдыя ўпэўненыя крокі, і на двор зусім нечакана для Лукеры і Веля ўвайшоў чалавек. Так рэзкі пук святла ўрываецца ў цемру. Дружыннік, хоць ніколі і нідзе не трасліся ў яго калені, адчуў лёгкую млявасць. Нават самы празорца з людзей не ведае, дзе ўпадзе на галаву камень.

— Алехна! Брат! — шчасліва ўскрыкнула Лукера і павісла ў таго, хто прыйшоў, на шыі.

Тут і Вель з палёгкай уздыхнуў, бо даўно ведаў Алехну, старэйшага сына залатара Івана.

— Адкуль ты? — адразу забыўшыся пра Веля, чым страшэнна пакрыўдзіла яго, спытала Лукера.

— У Рыгу да лівонцаў абоз вадзіў,— адказаў Алехна.

Быў ён у чорным дарожным плашчы, падбітым на каўняры і на крыссі прыгожым сабаліным футрам. На галаве, не зважаючы на халадэчу, сядзела лёгкая сіняя шапачка з доўгім жураўліным пяром. Кроплі дажджу блішчалі на мяккіх светла-русых вусах.

— І ты, Вель, тут, — сказаў Алехна, зрабіўшы выгляд, што толькі зараз убачыў дружынніка.

— Ды хацеў ужо ісці, а твая сястра не адпускае, — нібы пажартаваў Вель, але вочы былі халодныя.

Пры гэтых словах Лукера зачырванелася, прыкрыла рукамі твар. Алехна ж уважліва і выпрабавальна паглядзеў на дружынніка. Не падабалася яму тая ўлада, якую, мяркуючы па ўсім, займеў над сестрыной душой гэты прыгожы гаваркі нахабнік.

Вель спакойна вытрымаў ягоны пагляд, спытаў:

вернуться

40

Гародня — так у той час называлі Гродна.

вернуться

41

Срэбра корнае — срэбра ў злітках.