На ўсе пытанні Міндоўг цвёрда адказаў згодаю, акрамя змены сваёй веры. Тут ён настойваў, каб яго не сілавалі, не змушалі, бо пасля смерці любімай жонкі княгіні Ганны-Паяты душа ягоная павінна развітвацца з ёй цэлы сонцаварот. Для такога развітання павінен быць запас спакою ў душы, а змена дзедаўскай веры — гэта заўсёды душаломства. «Мінецца сонцаварот — і я са сваімі баярамі прыму вашу праваслаўную веру», — паабяцаў кунігас.
Усе новагараджане з радасцю згадзіліся, акрамя іерэя Анісіма і баярына Тугажыла. Гэтыя двое з усёй рашучасцю і цвёрдасцю пачалі патрабаваць, каб Міндоўг неадкладна стаў праваслаўным, бо як можна трымаць у руках хрысціянскі меч, калі ў цябе душа паганца.
— Вычэкваеш, хітруеш, — пачаў выгаворваць кунігасу Анісім. — Патушы свае мярзотныя вогнішчы. Аддавай плоць нябожчыкаў зямлі, а не агню. Помні, што праз пакуты ўсе мы ідзём па жыцці.
— Чаго ты хочаш? — спакойна сказаў Міндоўг. — З дапамогай Хрыста і Пяркунаса мы сумесна заб'ём тэўтонскую свінню, якая хоча пажэрці нашы жалуды. Хіба гэта не галоўнае?
— Хрысціянская вера вучыць людзей жыць і вучыць паміраць, — з гневам гаварыў яму Анісім. — Адчуеш перад смерцю смагу духоўную і прыйдзеш у царкву, як конь да камягі43, але ўжо будзе позна.
— Душалом! — крыкнуў Міндоўг і разам са сваімі баярамі пакінуў княскую святліцу, паехаў у свой стан.
— Не тыя кветкі абразаеш, святы ойча, — сказаў Анісіму незадаволены князь Ізяслаў.— Абразай калючкі, абразай гніль, але не тое, што расце і пладаносіць.
— Богаў сад адзіны, — цвёрда выгукнуў Анісім. — І адно над гэтым вечным садам сонца — Хрыстос.
Прамовіўшы такія словы, пакрыўджаны іерэй пайшоў у царкву, стаў на калені, маліўся і пранікліва глядзеў на выявы князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба, што былі выкладзены каляровай смальтай на сцяне. З вялікім узрушэннем душы і светлай слязой на вачах думалася іерэю, што хуткацечны час не патушыць фарбу фрэсак.
Калі пачаўся такі закалот44 з Міндоўгам, кінуўся князю Ізяславу Васількавічу ў ногі дружыннік Вель і расказаў, што ёсць між купцоў і некаторых баяр людзі-браталюбы, якія хочуць кунігаса Міндоўга зрабіць адзіным уладаром усёй Новагародскай зямлі і Літвы.
— А мяне куды? — адваліў ад абурэння ніжнюю губу Ізяслаў.
— Цябе, князь-бацюхна, у Свіслач, — простасардэчна адказаў Вель.
А потым пайшло-закруцілася, як і заўсёды бывае ў такіх выпадках. Даносчыку быў першы бізун. Вель пляваўся крывавай слінай, крычаў, што да скону верны князю Ізяславу. Тысяцкага Раданегу знайшлі ў цёплым ложку ў абдымках прыгожай чалядніцы. Як быку, прасвідравалі яму ў носе дзірку, прасадзілі ў яе жалезнае кольца і павялі на ланцугу, падганяючы бізунамі, у церам. Браталюбаў не ўсіх удалося схапіць. У купцоў ногі лёгкія, жвавыя, і шмат хто паспеў уцячы Ў Галіч, Рыгу або ў Нальшаны да кунігаса Доўманта. Алхім надумаў схавацца дома. Залез у вялізную стовядзёрную дзежку, у якой былі зроблены два днішчы. Зверху наліта вада, і, забі, не здагадаешся, што пад гэтай вадою, між двума днішчамі, сядзіць, скруціўшыся ў клубок, Алхім. Але чмыхнуў купец У сваёй хітрай схованцы, бо пыл у нос трапіў. Рассеклі, разбілі дзежку і ўзялі Алхіма за каршэнь. Алехну, галоўнага звадыяша і крыкуна, таксама схапілі. Біць яго бізуном або прыпякаць агнём Ізяслаў забараніў.
Алехну проста не давалі спаць. Ноччу і днём бясконца дапытваюць, выведваюць, пагражаюць, сядзіць Алехна ўжо, як у тумане, вочы самі зліпаюцца, хоць ты іх абцугамі раздзірай, а толькі задрэмле, звесіць галаву на грудзі, як княжы чалавек дубовай лёгкай палачкай клюк яму па носе, і — адляцеў сон. На трэція ці чацвёртыя суткі такога гвалтоўнага бяссоння ў купца пачаліся відзежы. Бачыліся яму чырвоныя мухі на тварах у дапытнікаў, шматгаловыя чорныя павукі на сценах. Дзіка закрычаў Алехна і страціў прытомнасць. Агнём яго пячы — не міргне вокам.
— Хай паспіць, — сказаў князь Ізяслаў Васількавіч і сам таксама пайшоў спаць.
А назаўтра раніцай яны зноў сустрэліся.
— Дык што хацелі зрабіць са мной і маёй сям'ёй ты і твае браталюбы? — лагодна спытаў новагародскі князь. — Адказвай, купец. Адказвай, пакуль не позна, сам, бо хутка за цябе загаворыць і закрычыць бізун. Тысяцкі Раданег, нашто ўжо здаравіла, а пішчаў у катавальні, як парася.
— А я і не думаю маўчаць, князь, — сказаў, трохі бляднеючы, Алехна. — Бываў я на Гоцкім беразе, у Рызе, у Марыенбурзе, у Мемелі45. Купецкая доля такая — заўжды ў дарозе, заўжды на людзях. Вялікую сілу бачыў я там і чуў адно: Vae maledictis et infidelibus!»46 І самае страшнае, князь, тое, што праклятымі і нявернымі там лічаць не толькі паганцаў ліваў, эстаў, жамойтаў, літоўцаў, а і нас, новагараджан, палачан, пінян і ўсіх жывых русінаў, якім яшчэ ў пракаветны час прынёс хрысціянскі крыж апостал Андрэй. Два чорныя крылы драпежнага каршуна бачыў я там. Адно крыло — Лівонскі ордэн. Другое крыло — ордэн Тэўтонскі. Рымскі папа іх ужо з'яднаў у адно цэлае, але з'ядноўваюць землі ў адну дзяржаву мячом, а не словам. І вось ідуць крыжакі на Мемель з двух бакоў, каб узвесці сцяну між намі і астатнім хрысціянскім светам. Усе нашы сілы нам трэба сабраць у адзіны кулак, іначай — загінем…
— І ты, нікчэмны купец, думаеш, што такі кулак можа сабраць толькі Міндоўг? — пранізліва паглядзеў на Алехну Ізяслаў.
— Не гневайся, князь, але так думаю не толькі я, — зноў пабляднеўшы, сказаў Алехна. — Пасля Крутагор'я на Міндоўга народ глядзіць як на збаўцу ад татарскага рабства. Народ перакананы, што першародныя князі літоўскія, гэтак жа сама, як князі полацкія, новагародскія або кіеўскія, нашчадкі святога князя Уладзіміра. Нездарма ж Міндоўг быў жанаты на цверскай праваслаўнай князёўне.
Ізяслаў уважліва слухаў купца.
— Я веру, — гаварыў Алехна, — што вялікая моцная дзяржава Новагародка і Літвы створыцца, народзіцца не крывавымі набегамі, а мірным радам, згодай, дагаворам, шлюбамі літоўскіх і нашых княжат, а калі і будзе цячы кроў, то кроў адступнікаў, пярэваратняў. Такая дзяржава створыцца цярпімасцю да чужых багоў, да Пяркунаса і Хрыста, бо мы не жыдавіны, гэты рассыпаны ў свеце народ, які кажа, што яго бог самы лепшы і самы мудрэйшы за іншых.
Алехна раптам упаў перад Ізяславам на калені.
— Князь, аддай уладу Міндоўгу.
Ізяслаў з нянавісцю глядзеў на купца. Потым устаў, сурова сказаў:
— Пакуль я новагародскі князь, датуль ты будзеш сядзець у цямніцы. Цябе не будуць катаваць, як іншых. Разумных людзей я не катую. Ты будзеш сядзець у цямніцы сонцаварот, другі, трэці, і надыдзе міг, калі ты сам пачнеш катаваць самога сябе. Я шкадую цябе, купец, як чалавек, як хрысціянін, але як новагародскі князь, як нашчадак Глебавічаў і Усяславічаў я закоўваю цябе ў вечныя жалезы.
Ад Веля Ізяслаў даведаўся, што княжыч Далібор таксама чуў пра браталюбаў. Адразу ж княжыча паставілі перад светлымі бацькавымі вачыма.
— Мой гнюсны раб Вель клянецца на крыжы, што табе, сын, было вядома імя хрыстапрадаўцы Алехны. Так ці не? — ва ўпор гледзячы на Далібора, спытаў князь.
— Так, — адказаў Далібор.
— Вель клянецца, што табе было вядома не толькі імя Алехны, але і што ты ведаў пра чорныя справы псоў, якія назвалі сябе браталюбамі. Так ці не?
Пасля гэтага пытання Далібор на нейкі міг разгубіўся.