Выбрать главу

Так думаў дамініканскі манах Сіверт, закінуты лёсам у суровыя прасторы Прусіі, дзе то ўсчыналася вайна, то наступаў крохкі мір, дзе згаралі адны гарады і з неймавернай хуткасцю будаваліся другія, дзе папскі легат архіепіскап Якаў з Люціха ў час аднаго вельмі жорсткага нападу паганцаў, калі жыццё браццяў-рыцараў вісела на павуцінцы, загадаў зламаць усе помнікі на хрысціянскім могільніку і ўмацаваць імі крапасную сцяну. Барацьба вялася найлюцейшая. Ордэн, губляючы лепшых сваіх рыцараў, захапіў прускія крэпасці Рогаў, Пестэлін, Бальгу, знішчыў іхнія гарнізоны. На захопленай зямлі рыцары ўзвялі замкі Кульн, Торн, Марыенвердэр. Усе разумелі, што мір, падпісаны ў Кірсбургу (гэты горад неўзабаве ўрачыста назвалі Хрыстбургам), часовы, што прусы ўзялі перадышку. Праўда, Сіверту паказалі прускага старэйшыну Матэ, які разам са сваімі сямейцамі і дружынай, з усім сваім дабром перабег у Хрыстбург. Яму хрыстбургскі комтур уручыў за гэта даравальную грамату, дзе было напісана, што Матэ за бязмежную вернасць хрысціянству атрымлівае навечна ад Ордэна дваццаць гакенаў51 зямлі і дзесяць сялянскіх сем'яў. Былі і яшчэ такія перабежчыкі. Яны вызваляліся ад абавязку хадзіць за сахой, але павінны былі несці Ордэну неабмежаваную ваенную службу. «Ці не ўдараць такія саюзнікі ў час бітвы рыцарам у спіну, як зрабілі гэта земгалы пад Шаўляем?» — думаў Сіверт.

Ен працаваў пісцом хрыстбургскага комтура і адчуваў сябе анахарэтам52 у гэтым шумным і крывавым свеце. У 1250 годзе прыйшла вестка пра смерць ягонага былога сябра і апекуна імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Усе наўкол, даведаўшыся пра такое, аж захлынуліся ад радасці, бо былі, як і папа, лютымі ворагамі нябожчыка. Сіверт адчуў халадок на сэрцы, лёгкае трымценне ў пальцах, пайшоў да сябе і амаль цэлы дзень ляжаў, не распранаючыся, на ложку. Трэба было тэрмінова пісаць чарговую даравальную грамату, у дзверы да Сіверта разы са два спалохана зазіраў Морыц, які стаў ягоным памочнікам, але манах ляжаў нібы камень. «Ці не памёр ён?» — думаў Морыц.

Ды сіплае дыханне манаха паказвала, што душа ягоная яшчэ на гэтым свеце.

«Я здрадзіў Фрыдрыху, — як на вуголлях успамінаў, курчыўся Сіверт, — і хоць кажуць, што старое на сем замкоў замкнута, ад гэтага не лягчэй. Хіба я хрысціянін, калі змог стаць Іудам?» З вострай нянавісцю ён адчуваў сваё цела, цяжкое, атлусцелае, хоць ён і стараўся сушыць яго пастом. Якія лятункі можа мець душа ў такім целе? Гэта турма для душы, і сцены ў ёй запоўнены тлушчам. У міг найбольшай духоўнай пакуты ў яго ўзнікала неадольнае адчуванне, што душа хоча стрэсці, скінуць з сябе цялесную абалону, вызваліцца з яе, як вызваляецца нявіннае птушанё са шкарлупіны яйка. Манах аж курчыўся на ложку.

Да яго, даведаўшыся пра хваробу, завітаў сам легат Якаў. Асяніў святым крыжам, прысеў на крэсельца, якое пачціва падсунуў Морыц. Сіверт з незразумелай для сябе ўпартасцю і з нейкім нахабствам глядзеў не ў твар архіепіскапу, не ў вочы, а на ягоныя чырвоныя (аж вока рве!) чаравікі. Успомнілася манаху спрэчка паміж святарамі — католікам рымлянінам і праваслаўным грэкам. Рымлянін пахваляўся: «Мы, дзеці рымскай царквы, пераемніцы апостала Пятра, атрымалі ў спадчыну паводле дарунку імператара Канстанціна не толькі пурпуровыя рызы і адзенне, што з сівой даўніны з'яўляецца знакам імператарскай вартасці, але і чырвоныя імператарскія чаравікі». Грэк зняў тады з правай нагі чаравік, паказаў усім прысутным ягоны ўнутраны бок, абцягнуты чырвонай скурай, і сказаў: «Калі ты фанабэрышся сваімі чаравікамі і толькі з-за іх уяўляеш сябе вялікім і роўным імператарам, дык ты бачыш, што і мы далучаны да такой усемагутнасці. Толькі носім мы гэты знак — чырвоную скуру не напаказ, на знешнім баку чаравіка, бо грэбуем свецкім высакамер'ем, а пакорліва і ціхмяна, падобна Хрысту, валодаючы сілай духоўнай, хаваем знакі нашай свецкай улады, як штосьці забабоннае, унутр чаравіка». — «Грахоўныя думкі» — ушчуваў сам сябе Сіверт, але думкі гэтыя лезлі і лезлі, нібы жоўта-шэрыя пякучыя восы з разбуранага гнязда.

Легат пасядзеў, паглядзеў на апушчаныя долу вочы манаха і, падумаўшы, што ў таго няма сіл, каб іх падняць, устаў. На адыходзе сказаў:

— Няхай скрышацца колы калясніц нашых ворагаў.

Але зацягнуліся духоўныя раны ў манаха, як на прускіх соснах зацягваюцца, заліваюцца цвёрдай жоўта-залацістай смалою рассечыны ад сякеры. Узняўшыся з ложка, першым чынам падышоў ён да сваёй запаветнай фуры, якую пільна ахоўваў Морыц, прыпаў да яе вухам. Гугнеў, соп носам і чвякаў губамі Ніхто, пэўна, спаў. Гэта супакоіла Сіверта. Ен даўно ўжо адчуваў, што звязаны з Ніхто моцным вузельчыкам. Жыве Ніхто, значыць, жыве і Сіверт. Хутка, вельмі хутка наступіць той час, ужо засталося менш года да таго дня, калі Ніхто будзе паказаны святарам і багасловам і загаворыць на боскай латыні.

Працуючы пісцом, Сіверт кожны дзень сустракаўся з самымі рознымі людзьмі: рыцарамі, свяшчэннікамі, манахамі, купцамі, рамеснікамі, якія ехалі ў Прусію і Лівонію з усёй Еўропы. Ен гутарыў з немцамі і датчанамі, палякамі і французамі, прусамі і самбамі, літоўцамі і яцвягамі. Часта бываў ён у крэпасцях і замках, у марскіх портах і на рысталішчах, у сядзібах багатых тубыльцаў, якія прысягнулі Ордэну, у турмах і катавальнях, дзе аднародцы гэтых самых тубыльцаў абліваліся крывёю і слязамі. Аднаго разу ў ордэнскай турме Сіверт сустрэўся з чалавекам, які назваўся новагараджанінам, і імя ў якога было Панкрат. Гэты Панкрат ужо канаў. Так як нідзе не было праваслаўнага святара, прадсмяротную споведзь прымаў у яго Сіверт. З глухіх слоў новагараджаніна манах даведаўся, што ён былы купец з вельмі багатага горада Новагародка, што былы правіцель горада князь Ізяслаў жорстка пакараў яго і ягоных аднамыснікаў, якія называлі сябе браталюбамі. Панкрату ўдалося ўцячы, шмат блукаў ён па свеце, начаваў у попеле вогнішчаў. Спачатку распальваў вялікае вогнішча, а потым, калі яно астывала, з галавою закопваўся ў мяккі, яшчэ гарачы попел.

— Хіба ты не мог змайстраваць сабе будан? — здзівіўся Сіверт.

— Каб я начаваў у будане, я даўно б памёр, і ты, святы ойча, не спавядаў бы мяне, — з дзіцячай непасрэднасцю сказаў Панкрат. — У будане мяне даўно б злавілі.

— А хто цяпер правіцель Новагародка? — спытаў манах.

— Чуў я, што новагародскае баярства, выгнаўшы Ізяслава, запрасіла на свой сталец літоўскага князя Міндоўга. Жывуць яны, як і жылі, па свайму прадзедаўскаму пакону. Міндоўг ім сказаў: «Мы старыны не рухаем, а навіны не ўводзім». Разам з гэтым князем баяры ў паходы на суседнія землі ходзяць.

Панкрат пачаў задыхацца.

— Я ў лесе з латрункуламі сустрэўся… Шмат мы нямецкіх рыцараў на той свет адправілі… А потым нас акружылі, злавілі…

Сіверт ужо чуў пра латрункулаў. Гэта былі дробныя атрады літоўцаў, жамойтаў і русінаў па дзесяць — дваццаць чалавек, якія, хаваючыся ў лясах, пранікалі ажно да сцен Хрыстбурга і нападалі, дзе толькі маглі, на браццяў-рыцараў. Яны былі вёрткія і хітрыя, як лісы.

— Новагародак больш не ўбачу, — шаптаў Панкрат, і слёзы стаялі ў вачах.

Потым пачалося трызненне. Ен зноў гаварыў пра браталюбаў, пра нейкага Алехну, пра нейкія жалезныя жалуды.

— Жалезныя дубы вырастуць, сцяной устануць, — хрыпеў ён, і смяротны пот заліваў шчокі. Панкрат ужо не бачыў Сіверта. Апошняе, што губляе чалавек пры смерці, гэта слых. Ен яшчэ чуе жыццё, але ўжо не бачыць яго.

Манах, як і належыць у такіх выпадках, з усім стараннем тварыў святую малітву, падрыхтоўваў душу нябожчыка да вечнага жыцця ў нябеснай дзяржаве. Шкада яму было гэту душу, бо не пастукаецца яна ў дзверы раю. Той, хто ў зямным жыцці ўзняў руку на Хрыстовага абранніка крыжаносца, будзе гарэць у смале і ў серы. Але шкадаваць усё роўна патрэбна ўсіх.

Пры апошнім уздыханні, ужо цалуючы крыж, які паднёс да вуснаў манах, Панкрат аслабелай рукою рвануў у сябе на шыі нейкі шнурок, у жмені працягнуў Сіверту цёмны круглячок.

вернуться

51

Гакен — нямецкая мера зямлі, 11,2 гектара.

вернуться

52

Анахарэт (грэч.) — пустэльнік, самотнік.