Да Рыгі даехалі без асаблівых прыгод. Толькі аднойчы, спыніўшыся начаваць на беразе невядомай ракі, раніцою ўбачылі ў абшыўцы фуры, у якой сядзеў Сіверт, жалезны дроцік. Пэўна, магутная рука кідала яго, бо так упіўся, што насілу выцягнулі. Ды яшчэ захварэў Ніхто. Пачаў кашляць і дзіка скрыгатаць зубамі. Манах адагнаў ад фуры капейшчыкаў і разам з Морыцам, які ведаў таямніцу Ніхто, уліваў яму ў рот гарачы адвар з высушаных траў і карэнняў. Ніхто, які неўзабаве павінен быў здзівіць усіх чысцейшай латынню, супакоіўся, заціх.
Сіверт быў расчулены, што выздаравеў Ніхто, што варожы дроцік, пушчаны д'ябальскай рукою, патрапіў толькі ў абшыўку, а мог упіцца яму, хрысціяніну Сіверту, у скронь. Ен доўга і горача маліўся, дзякаваў усявышняму і, перад тым як зноў крануцца ў дарогу, выступіў з казанню перад капейшчыкамі і Морыцам. Казань ён закончыў так:
— Хрысціянства — другое жыццё пасля смерці. Рай для добрых, пекла для злых.
Рыгу Сіверт бачыў упершыню, і гэта цвярдыня апостальскай веры на яшчэ ўчора дзікім паганскім беразе ашаламіла яго сваёй веліччу і прыгажосцю. Горда ўзнімаліся пад воблакі хрысціянскія храмы, ад аднаго выгляду якіх соладка замірала сэрца і ўдзячная сляза накочвалася на вочы. Безліч ветразяў — чырвоных, сініх, пярэстых — надзімаў свежы вецер. Як было не ўспомніць епіскапа Альберта фон Буксвагена? Гэта ягонай воляй і цярпеннем, ягоным розумам і гартам былі створаны Рыга і Лівонія. Ды даўно спіць у мармуровай труне неўтаймоўнік-епіскап, а ў доме, які пабудавалі па яго чарцяжу муляры з Готланда, жыве новы рыжскі епіскап Мікалай. Гэты, як даносілі Сіверту дасведчаныя людзі, толькі слабая цень Альберта. «Шуму ад мяне будзе не болей, чым ад мышы», — быццам бы сказаў ён бліжэйшым сваім сябрам, уздымаючы разам з імі кубак з віном. Адзіная ў яго мара — стаць з цягам часу архіепіскапам, атрымаць ад рымскага папы паліум, як сімвал поўнага свяшчэнства. Кажуць, што Мікалай спіць і нават ува сне бачыць паліум — белы ваўняны каўнер, які ўпрыгожваецца шасцю чорнымі крыжамі і надзяецца на святарскую рызу толькі ў час асабліва ўрачыстай царкоўнай службы і толькі ў сваёй епархіі. Робяць яго з воўны свяшчэннай авечкі. Паліум асвячае і ўручае сам папа як знак узвядзення ў высокі сан архіепіскапаў.
Мікалай сустрэў Сіверта з прыязнай усмешкай і з халоднымі вачамі. Але гэта не збянтэжыла манаха. За яго спіною як бы нябачна прысутнічаў папа
Інакенцій IV, што ўжо ўрачыста пераехаў з Ліёна ў Рым. Усе свяціцелі былі за Сіверта, і ён рэзкім голасам абвясціў волю апостальскага прастола. З гэтага часу на першы план у Лівоніі выходзілі дамініканцы. У Мікалая быў кіслы твар.
— Ваша каталіцкая правялебнасць епіскап рыжскі, што мне перадаць святой рымскай курыі? — строга і рашуча, як і належыць пасланцу вышэйшай улады, спытаў Сіверт.
— Мы ў Рызе выканаем волю курыі,— збялеў епіскап. — Ды славіцца гасподзь наш Ісус Хрыстос і прасвятая дзева Марыя.
Трэба было не мець вачэй, каб не ўбачыць варожасці паміж епіскапам Мікалаем і рыжскім ратам53 і магістрам Лівонскага ордэна Андрэем Стырландам. Яны ніяк не маглі падзяліць захопленую і яшчэ не захопленую зямлю, прыбыткі з гэтай зямлі. Вялікае і нікчэмнае сплялося тут, як заўважыў Сіверт, у адзін вузел.
Замест таго каб сакрушаць паганцаў жалезным бічом, хрысціяне грызлі адзін аднаму горла.
Пра ўсё гэта ў прысутнасці мясцовых клірыкаў і ратманаў Сіверт сказаў епіскапу Мікалаю. А потым паехаў з Рыгі ў Вэндэн, сталіцу лівонскіх рыцараў, і тое ж самае паўтарыў магістру Андрэю Стырланду. У магістра ён сустрэў чалавека, якога тры дні назад бачыў у пакоях епіскапа.
— Хто гэта? — пацікавіўся манах.
— Нальшанскі кунігас Суксе, — адказаў Стырланд. — Просіць нашай апекі. Кунігас Міндоўг адабраў у яго замак, зямлю, а самога з сямейцамі выгнаў у чыстае поле.
Стырланд быў высокага росту, з цёмнымі густымі валасамі і маленькім ротам-шчылінай.
— Шмат кунігасаў і баяр бягуць з Літвы, — ахвотна тлумачыў магістр. — Да твайго прыезду, святы айцец, былі ў мяне тры браты-баярыны: Тушэ, Мілгерын і Гінгейка. Іхні старэйшы брат Лінгевін, падвучаны тым жа Міндоўгам, таксама выгнаў іх. І не проста выгнаў, а падбіў мясцовую абшчыну, і тая праз свой копны суд вырашыла правесці гон па следу. Есць у літоўцаў такі звычай. Як за ваўкамі гналіся за баярамі.
— Няўжо Міндоўг такі ўсясільны? — спытаў Сіверт.
— Ен, вядома, не бог, — усміхнуўся Стырланд, — але, калі трэба, можа паставіць пад сваю руку трыццацітысячнае войска. У яго дружынах б'юцца плячо ў плячо літоўцы і русіны. А Русь умее ваяваць. Табе, спадзяюся, вядома, святы айцец, як князь Аляксандр, празваны Неўскім, загнаў пад лёд нашых лепшых рыцараў на Чудскім возеры?
— Вядома, — уздыхнуў Сіверт.
— І ўсё ж надыходзіць час, калі і Міндоўгу давядзецца пакруціцца, як рыбе, кінутай на патэльню. Вялікая кааліцыя дзяржаў і народаў рыхтуецца супраць Новагародка і Літвы. Дужа не падабаецца суседзям, што яны так узмацніліся і пачынаюць бліжнія і далёкія землі браць пад сваю ўладу. Асабліва незадаволены галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька. Адбіліся яны ад венгерскага караля Бэлы і ад палякаў, адчулі сілу і рвуцца ў бой. Не могуць князі дараваць Новагародку, што ён уступіў у саюз з паганскай Літвою, з іх сапернікам Міндоўгам.
— А што будуць рабіць брацці-рыцары? — асцярожна выпытваў манах.
— Справа рыцара — несці святы крыж туды, дзе яшчэ буяе агіднае паганства, — цвёрда сказаў магістр. — Мы будзем ваяваць на баку галіцка-валынскіх князёў, бо нядаўна адзін з іх, Даніла, прыняў каталіцтва. Мы не можам дапусціць, каб пад самым носам у Ордэна набухала гнойная паганская скула.
Сіверт згодна ківаў галавой, слухаючы Андрэя Стырланда, і ўвесь час перабіраў доўгімі белымі пальцамі ружанец.
— Кунігасы з Жамойці Таўцівіл, Эдзівід і іхні дзядзька па матчынай лініі Выкант ужо стаяць з войскам на паўночных межах Новагародскай зямлі,— гаварыў далей магістр. — Галіцка-валынскія князі ўдараць з поўдня і прывядуць з сабой полаўцаў. З захаду падступяць яцвяжскія раці. Нам застанецца сваім адважным рыцарскім мячом давяршыць справу. Гнайнік будзе раздушаны.
— У Новагародку жывуць хрысціяне, — вырвалася ў Сіверта. — І Міндоўг, як я чуў, прыняў хрысціянства ад Усходу.
— У Канстанцінопалі таксама жылі хрысціяне, — суха ўсміхнуўся магістр. — Але якія? Схізматыкі.
Толькі рымская ружа, нятленны сімвал крыві, якую праліў за нас Хрыстос, павінна цвісці пад сонцам.
— Ісцінна так, — засвяціліся вочы ў манаха. Ен парывіста схапіў Стырланда за руку і раптам папрасіў, і нешта дзіцячае было ў просьбе:
— Дастаслаўны рыцар, вазьмі мяне з сабой.
— Куды? — не зразумеў магістр.
— У паход на Новагародскую зямлю.
— Але не заўтра ж будзе гэты паход.
— Я пачакаю. Я гатоў чакаць год, два, абы ўбачыць, як Хрыстова воінства панясе святы крыж у непраходныя пушчы.
— У літоўцаў мячы вострыя, — пазмрачнеў магістр. — А новагародскія стралкі з лука раўняюцца з англійскімі. Я сам гэта сведчу.
— Я пайду капеланам браццяў-рыцараў або тваім збраяносцам, — не адставаў манах.
Андрэй Стырланд са здзіўленнем пазіраў на яго. Не чакаў ён такога спрыту ад гэтага таўстуна. «Сядзець бы табе ў манастыры, — думаў магістр, — патаемна піць віно і жэрці мяса ды грэць чэрава каля цёплай печы. Паходаў захацелася? А ў паходах жа трэба хадзіць, нагамі дрыгаць, трэба камароў сваёй чырвоненькай крывёю паіць. Дурны тлусты каплун». Але Стырланд, вядома ж, не сказаў усяго гэтага. Ен усміхнуўся і сказаў вось што:
— Мінулай восенню хадзілі мы на жамойтаў. Гарадкі іхнія балотныя папалілі, шмат жывёлы прыгналі. Але дваіх нашых, Ротмара і Інгрыда, паганцам удалося захапіць у палон. Коні іхнія ў балотнай твані загрузлі. Усяго паўдня былі яны ў руках у жамойтаў, а потым мы іх адбілі, вызвалілі.