Магістр бачыў, як напругся твар у Сіверта.
— І рыцары засталіся жывыя? — не вытрымаў ён.
— Жывыя. Толькі Інгрыд быў ужо падсмалены, як печаная рыба, а ў Ротмара не было левай нагі, быццам ён яе ў тым праклятым балоце згубіў. Адшукалі ж мы гэту нагу высока на дрэве. Думалі спачатку, што вароняе гняздо.
— Хрыстос таксама пакутаваў,— пабляднеўшы, прамовіў манах.
Пачыналася вайна. Кружылася вараннё над Жамойцю і Літвою. «Вайна — бацька ўсяго!» — пісаў калісьці мудрэц Геракліт. Але што гэта за бацька, які забівае і калечыць сваіх дзяцей?
Зачэпкаю для вайны быў паход жамойцкіх князёў Выканта, Эдзівіда і Таўцівіла ў бок Смаленска. Гэтыя князі, па сутнасці, зрабіліся ізгоямі, бо Міндоўг выгнаў іх спачатку з Літвы, а потым дабраўся да іх і ў Жамойці, дзе яны мелі велізарныя зямельныя ўладанні. Сціснуўшы зубы, не па сваёй волі, а падпарадкоўваючыся Міндоўгу, пайшлі князі ў паход і пад горадам Зубцовам былі ўшчэнт разбіты аб'яднанай суздальскай, маскоўскай і цверскай раццю. Выратаваўся той, каму багі далі лягчэйшыя ногі. На пераправе цераз Днепр жамойцкіх князёў ужо чакаў Казлейка з людзьмі, і тыя людзі падрыхтавалі тры доўгія шчыльныя мяшкі, каб кінуць уцекачоў у раку. Але хітры Выкант выратаваў сябе і пляменнікаў. Тры вайдэлоты апранулі багатае княскае адзенне і добраахвотна здаліся ў рукі Казлейку. Калі аказалася, што гэта несапраўдныя князі, Выкант, Эдзівід і Таўцівіл былі ўжо далёка. Разлютаваны Казлейка загадаў кінуць у раку вайдэлотаў, якія перад смерцю заспявалі святую песню, а таксама аднаго са сваіх людзей.
Уцалелыя дзядзька і пляменнікі пабеглі да князя Данілы Раманавіча. Там яны ўсім сустрэчным-папярэчным нарасказвалі столькі жахаў пра літоўскага кунігаса, што галіцкія і валынскія мацеркі пачалі палохаць ім дзяцей: «Кладзіся спаць, заплюшчвай вочы, а не заснеш — Міндоўг возьме». Нечаканыя госці ўзрадавалі князя Данілу. Калі да яго неўзабаве прымчаліся на замыленых конях Міндоўгавы паслы, ён іх вельмі шчодра частаваў. Але паслы адмаўляліся ад пачастункаў. Старшы над імі, па імені Парнус, дзёрзка сказаў Данілу:
— Праз трох жамойцкіх князёў, якіх ты корміш і поіш, увесь наш край зрабіўся зямлёй ратнай. Не чыні ім міласці. Аддай іх у мае рукі, а я завязу іх да кунігаса.
— Навошта кунігасу збіваць племя сваё? — спакойна спытаў Даніла.
Ен мог бы, як князь, разгневацца на дзёрскага пасла, закаваць яго ў жалезы, але добра памятаў, што разважлівае мудрае слова часта ідзе паперадзе мяча і болей за меч карысці прыносіць.
Абцёрся Парнус рукавом і ні з чым паехаў у Новагародак. Выкант жа з пляменнікамі ў час гэтай размовы сядзелі за полагам у святліцы, усё чулі, кожнае слова, і папераменна абліваліся то халодным, то гарачым потам.
— Дзякуй табе, князь-міласнік, ад усіх нас, — у пояс пакланіўся Данілу Выкант. — За тое, што не аддаў у рукі крывапіўцу, мы твае верныя слугі да скону веку.
— Якія ж вы мне слугі? — весела ўсклікнуў хлебасольны Даніла, які быў родзічам жамойцкіх князёў.— Вы — князі, і я — князь. А князі толькі богу служаць.
Ен пляснуў у ладкі, загадаў прынесці віна, арэхаў, ігруш. Паднімаючы срэбны цяжкі кубак, сказаў:
— Самы час абкласці гэтага ненаеднага мядзведзя з усіх бакоў. Адзінаўладцам хоча стаць Міндоўг, манархам, забываючы пра астатніх княжат. Ты, брат мой Выкант, неадкладна збірайся ў дарогу, едзь да яцвягаў, у Жамойць і ў Рыгу. Яцвяжскія князі-кобнікі54 павінны зразумець, што, калі яны не падтрымаюць нас, прыйдзе Міндоўг, прывядзе літоўцаў з новагараджанамі і растопча іх. Вязі срэбра, іншыя дарункі, нічога не шкадуй, але Яцвягія павінна ўзняць свае вострыя суліцы і кінуць іх у твар Міндоўгу. Вы ж, Таўцівіл і Эдзівід, едзьце следам за Выкантам, за дзядзькам вашым, у Жамойць, і калі ён будзе весці з лівонцамі перамовы ў Рызе, як найхутчэй збірайце войска. Выб'ем атрутны зуб у вурдалака!
— Выб'ем! — яшчэ раз пакланіліся яму кунігасы. Пачалася вайна. Яшчэ ні разу не ішло пад аднымі сцягамі такое войска, як гэта. Сонцаварот назад кожны разумны чалавек пачаў бы плявацца, махаць рукамі і, хоць забі яго, не паверыў бы, што можа быць валынска-жамойцка-нямецкае войска, падмацаванае палавецкай конніцай. На нейкі час забыліся старыя крыўды, і хоць не паспелі загаіцца старыя раны, на іх стараліся не глядзець. Ва ўсіх на вуснах было адно: «Міндоўг».
Валынскія раці ўдарылі па Ваўкавыйску, Услоніму, Здзітаву, кіруючыся ў бок Новагародка. Жамойцкія князі павялі дружыны, палавецкіх вершнікаў і яцвяжскіх пешцаў, узброеных суліцамі, у глыб Літвы. Магістр Лівонскага ордэна Андрэй Стырланд, спальваючы па дарозе крэпасці земгалаў, якія былі саюзнікамі Міндоўга, наваліўся з поўначы на Аўкштайту. Усё было аддадзена на паток55. Забіралі хлеб, авёс, мёд, хмель, сена, дровы.
— Брацці, мы стаім на парозе святла. Не шкадуйце ж сыноў цемры і сыноў жаху, — натхнёна казаў Сіверт у паходнай малітоўні-капэле, што памяшчалася ў невялікім шатры, абгароджаным вяроўкамі.
На дапамогу лівонцам Тэўтонскі ордэн прыслаў рыцарскі атрад Марціна Голіна, які праславіўся ў вайне супроць прусаў. Вось у гэтым атрадзе і быў Сіверт капеланам.
Голін, суровы сівавусы воін, закаваны ў нарманскі панцыр, сказаў перад паходам:
— Гнілое мяса трэба вырваць. Без шкадавання знішчайце паганцаў. Але памятайце — для хрысціянскага рыцара лепш памерці на баявым кані і з мячом у руцэ, чым трапіць у палон да дзікіх тубыльцаў. Будуць мучыць, будуць на агні пячы. А каго адразу не заб'юць, то ў адным хляве са свіннямі трымаць будуць, кормячы са свінячага карыта.
Гэта страшэнна ўразіла рыцараў, асабліва маладых. Са слязамі на вачах яны маліліся ў капэле, цалавалі мячы і сваіх коней, абдымаліся адзін з адным і кляліся, што, нават паміраючы, не кінуць сябра ў бядзе. Сіверт, каб ускрыліць хрысціянскія душы, загадаў вернаму Морыцу падагнаць фуру, у якой сядзеў Ніхто.
— Брацці, зараз вы пабачыце цуд, — адчуваючы, як горача пабегла па ўсіх жылах кроў, усхвалявана выгукнуў манах. — Вось гэта чалавечае дзіця, якое ніколі не ведала ні сваіх бацькоў, ні родных нябёс, якое з самага нараджэння чула толькі шум ветру, удары грому і шчабятанне птушак, прамовіць сваё першае слова. Я не сумняваюся, што зараз прагучыць імя нябеснага Усетрымацеля і Збавіцеля, бязмежная падзяка яму, і сказана ўсё гэта будзе на мове моў, на святой латыні.
Ен даў знак Морыцу. Той адшмаргнуў скураны полаг фуры, узяў на рукі Ніхто, высока ўзняў яго над натоўпам. Рыцары і збраяносцы ўбачылі бледны бясколерны твар, на якім не было ніводнай крывінкі. Такая бывае белая, як смерць, трава, калі ў самую летнюю спёку яе прываляць валуном, хаваючы ад сонечных промняў.
Сіверт прачытаў-праспяваў малітву, узняў угору, раскрыліў рукі, крыкнуў:
— Гавары!
Усе перасталі дыхаць. Але вялікі сорам чакаў дамініканскага манаха. Ніхто разгублена лыпаў вачамі, жмурыўся ад яркага святла і маўчаў.
— Гавары! — яшчэ больш строга і патрабавальна крыкнуў Сіверт, і шчокі ягоныя паружавелі.
Толькі булькатанне, толькі нейкі змяіны свіст вырваўся з горла ў Ніхто. Ен круціў галавою, кусаў пальцы і нават не ўмеў заплакаць. Разгублены Морыц злосна ціскаў яго, гопнуў яму рукою па мяккім месцы. І ў гэты час над галовамі ва ўсіх траскуча каркнула вялізная чорная варона. Рыцары і збраяносцы як адзін узвялі на яе позіркі, і Морыц, карыстаючыся гэтым, схаваў Ніхто назад у фуру, шчыльна зашмаргнуў полаг.
Вялікая злосць успыхнула ў душы ў манаха. Якая нечуваная ганьба! Сам Марцін Голін бачыў гэту ганьбу.
— Паганская зямля адбірае мову ў дзяцей! — раз'юшана закрычаў манах і пачаў з найвялікшай лютасцю таптаць зямлю, на якой стаяў. Рыцары і збраяносцы таксама следам за капеланам білі гэту зямлю нагамі, плявалі на яе.
Потым, калі рыцары са сваімі збраяносцамі разышліся, нейкае здранцвенне скавала рукі і ногі Сіверту. Ен не мог паварушыць ні пальцам, сядзеў каменем, і горкія думкі адна цяжэй другой не давалі ўздыхнуць. Было жахлівае адчуванне, што нехта прабіў яму чэрап і хоча распаленай на агні лыжкай вычарпаць мозг. Манах палахліва абмацаў потнымі далонямі галаву. Гэта ўжо суседнічала з вар'яцтвам. «Прыснадзева Марыя, не дай мне страціць розум», — страсна маліў ён. Апошнім часам дрэнна паварочваліся справы ў Сіверта. Ягонага апекуна легата Якава адклікалі ў Рым, і хадзілі ўпартыя чуткі, што папа вельмі незадаволены легатам. Замест Якава прыехаў Альберт Суербер, які праславіўся ў Ірландыі і Францыі. Для Суербера дамініканскі манах Сіверт быў звычайнай варонай, што выпадкова заляцела на седала для паўлінаў. Такіх манахаў тысячы і тысячы, а папскі легат Альберт Суербер адзін. Магістр Лівоніі Стырланд таксама страціў цікавасць да Сіверта і не ўзяў яго ў паход з сабою, а падсунуў гарлапану Марціну Голіну. А зараз яшчэ вось гэта няўдача з Ніхто.