Выбрать главу

— Калі б я пачынаў будаваць наш горад, я абавязкова паставіў бы яго на Нёмане. Чаму новагараджане вырашылі сяліцца ўдалечыні ад ракі? — у глыбокім одуме прамовіў Далібор. — Тавары з Варажскага мора і з Русі да нас трэба цягнуць на калёсах і санях па сухапутку. Які гэта горкі пот, я сам зведаў, калі ішоў з бацькавым абозам з Менска.

Някрас, пазіраючы ўдалячынь, прыкрываючы далонню вочы ад сонца, няўпэўнена сказаў:

— Можа, яны баяліся ракі.

— Баяліся ракі? — здзівіўся Далібор. — Хіба можна баяцца ракі, вады, баяцца Нёмана? Хоць рака — дарога, а на дарозе сустракаюцца не толькі сябры. Пойдзем, Някрас, на вал. Там я ўчора шмат спелых суніц бачыў.

Браты хуценька спусціліся з вежы, подбегам прыпусцілі да вала. Далібор, як заўсёды, бег наперадзе. Някрас — следам за ім. Па вяровачнай лесвіцы, якую скінуў зверху вой-ахоўнік, яны ўзабраліся на вал, на дубовую сцяну, потым, абдзіраючы жываты, саслізгнулі са сцяны на знешні бок вала. Там укленчылі ў траву, кідалі ў рот буйныя падпечаныя сонцам ягады. У самай сіле быў звонкі летні дзень. Распрамянёнае сонца плыло над Новагародкам, над дзядзінцам і вакольным горадам, над пушчамі і лугамі, над курганамі, у якіх вечным сном спяць прадзеды. Вой на сцяне заплюшчваў вочы і ўсё роўна бачыў сонца — нязгасны залаты круг. Пчолы вылётвалі з глыбіні лясоў, пілі, аж захлынаючыся, гарачую духмянасць кветак, цяжка вярталіся дадому, да бортных дрэў, з дуплаў якіх, напоўненых па самы край, выліваўся, цёк шырокімі бліскучымі ручаямі іскрыста-жоўты мёд. Мурашкі і мухі прагна лезлі з усіх бакоў і тапіліся ў мёдзе.

— Ягада забівае кветку, — сказаў раптам Далібор, уважліва пазіраючы на прыгожы, абліты сонцам, сунічны кусток, дзе побач красаваліся чырвоныя ягады і пяшчотна-белыя, падобныя на зорачкі кветкі. Някрас, нічога яшчэ не разумеючы з братавых слоў, сеў на кукішкі поруч з ім, плячо ў плячо.

— Бачыш? Ягада забівае кветку, — зноў паўтарыў Далібор, не адрываючы позірку ад сунічнага кустка. І як бы нейкая заслона адкрылася братам, як бы ўпаў змрок з вачэй і яны на кароткае імгненне глянулі ў самы корань усяго існага. Нараджэнне ягады было смерцю кветкі. І гэтак — усюды, гэтак — заўсёды. Радасць і боль жыцця былі зліты ў адно цэлае.

— Княжычы, што вы там знайшлі? — гукнуў са сцяны русабароды вой.

Пот цёк па ягоных маладых шчоках. Далібор з Някрасам, быццам пабуджаныя гэтым голасам, зірнулі адзін на аднаго, засмяяліся. Потым прутка ўскочылі на ногі, каб бегчы ў церам да настаўніка-ляха, і тут заўважылі на лугавіне, што была побач з валам, вешчуна Валасача. Ен сядзеў на траве, падставіўшы змарнелы твар сонцу, і шчасліва ўсміхаўся. Ды зусім не вешчуну здзівіліся яны. Побач з ім сядзела маладзенькая прыгожая дзяўчына ў скураным вяночку са шклянымі падвескамі і карміла Валасача суніцамі, дастаючы іх з невялікага лубянога кубарыка. Дзяўчына, пэўна, даўно ўжо бачыла княжычаў, бачыла, як шукалі яны ягады, але вось яны зірнулі на яе, і яна сарамліва апусціла вочы з доўгімі светлаватымі вейкамі.

— Арол і арліца, — гучна сказаў Валасач княжычам, маючы на ўвазе сябе і дзяўчыну.

— Я яе ведаю, — шапнуў Далібор Някрасу. — Гэта дачка залатара Івана з вакольнага горада. Я толькі не ведаю, як яе завуць.

Яны смела, як і належыць княжычам, падышлі да вешчуна і незнаёмай дзяўчыны, спыніліся супраць іх.

— Як цябе завуць? — спытаў у дзяўчыны Далібор.

Яна спалохана ўзнялася з травы, хуценька абцягнула, прыгладзіла адной рукою прыпол вышытай чырвонымі і чорнымі ніткамі белай ільняной кашулі, а ў другой руцэ моцна трымала кубарык, на самым сподзе якога яшчэ віднеліся ягады. У яе былі надзіва чыстыя праменна-блакітныя вочы, роўны маленькі носік і пухлыя пунсовыя губы. І не ад суніц была свежая пунсовасць, а прыродная, дадзеная ад самага з'яўлення на белы свет. Калі яна ўзнімалася з травы, Далібору кінуліся ў вочы далонькі яе загарэлых рук, схаваных У доўгія рукавы. На запясцях рукавы былі сцягнуты Ў зборкі, якія прытрымліваліся абручамі-бранзалетамі. У выразе кашулі княжыч убачыў пяшчотны пачатак Цвёрдых смуглаватых грудзей.

— Я Лукера з вакольнага горада, — сказала дзяўчына.

— Ты дачка залатара?

— Усё княжыч Далібор ведае, — усміхнулася Лукера і ўжо смялей зірнула на яго.

Далібора ўразіла іскрыстасць яе вачэй. «Як вада ў Нёмане», — падумаў княжыч.

— Навошта з вешчуном водзішся? — строга спытаў ён у Лукеры.

— Папрасіў я, каб яна мяне пазёмкамі накарміла, — адказаў за дзяўчыну Валасач. — Дачка майго сынаўца4.

— Залатар Іван твой сынавец? — здзівіўся Далібор.

— А чый жа? Мой. Я, княжыч, з вялікага і багатага роду. У Наваградку адвеку мой род адным з першых быў. А стары я, як вунь той дуб, што ў полі стаіць. Але жыву. Перунова страла яшчэ не паслана па маю душу. Зараз Іван прыгоніць з вакольнага горада коніка і паеду я на Цёмную гару. Ідзі, Лукера, — мяккім голасам сказаў ён дзяўчыне. — А праз сядміцу прыходзь а сяброўкамі сваімі да мяне на гару.

Лукера пакланілася Валасачу, пакланілася княжычам, паставіла каля Валасача кубарык з ягадамі і шпарка пайшла ў вакольны горад.

— Прыгожая яна, — задуменна прамовіў Далібор, праводзячы Лукеру позіркам.

— Прыгожая, — згадзіўся Валасач. — А ведаеш, калі чалавек прыгожы бывае? Калі душа ў яго спакойная, калі болькі на душы не сядзяць. Шмат пабачыў я людзей. Я малым хлапчанём бегаў тут яшчэ тады, калі пушча засявала поле вакол Наваградка дзікім насеннем. Колькі князёў бачыў я! Я быў у самога Крыва-Крывейты, пакуль не выгналі яго крыжакі з-пад святога дуба. Я сядзеў на Цёмнай гары, паліў агонь Перуну, і мне ўсе так верылі, што жанчыны з'ядалі адбіткі маіх слядоў на снезе. Вялікая зборня людзей жыве на зямлі, і мала між імі прыгожых таму, што неспакойныя душы маюць, таму што смерці баяцца. Не гневайся дужатка на мяне, княжыч Далібор, але я скажу, што і ты непрыгожы.

Пры гэтых словах вешчуна Далібор злосна бліснуў вачамі. Ягоны ж малодшы брат нават сціснуў кулакі. Моцна сябравалі княжычы, хадзілі заўсёды разам, быццам злыганыя, і калі крыўдзілі аднаго, соль крыўды раз'ядала сэрца другому.

— Маўчы, дупло дубовае, — грозна сказаў Някрас, упрытык падступаючы да вешчуна. Такімі словамі хрысціяне заўсёды абражалі паганцаў, дзяцей Перуна. Але вяшчун спакойна глядзеў на княжычаў, спакойна сядзеў на траве і нават паспяваў лавіць у свой загарэлы кулак мух, што нястомна кружыліся над ім.

— Ад мух не адцерабіцца, — нібы пажаліўся ён. — А ты, княжыч, не сярдуй. Кажу табе так, бо моцную душу ў табе бачу, крамянёвую, жалезную. Вялікі лёс табе наканаваны. Праз усё ты пройдзеш, усяго паспытаеш. І радасць напаткаеш, і боль, і здраду. Памятай, што жыццё — пастаянная здрада. Вечар здраджвае раніцы, стары чалавек здраджвае самому сабе, які калісьці быў маленькім. Такую мудрасць я ад Крыва-Крывейты пачуў. І ты яе запомні.

— Бог забраў у яго розум, — сцішэлым голасам сказаў Някрас Далібору. Але Далібор прагна слухаў словы вешчуна.

— Скажы, а што мне наканавана? — спытаў ён, пранізліва гледзячы на Валасача.

— Галаву тваю ў княжай шапцы бачу, — цвёрда адказаў вяшчун. — Наваградак у вялікай сіле і ў вялікай славе бачу. Дзяржаву магутную бачу, якую з попелу і крыві ўзнімеш, выпестуеш ты і твае аднадушнікі.

Вочы ў вешчуна натхнёна заблішчалі, шчокі запунсавелі. Ен свідраваў княжычаў сваім позіркам, палохаў і адначасна прыцягваў да сябе, як бы накідваючы на іх нябачнае сіло.

У гэты час пачулася парыпванне колаў, і ўсе трое ўбачылі вазок з лубяным верхам. Невялікі, але моцнаногі конік, махаючы хвастом, жвава бег па зялёнай лугавіне. Мухі дапякалі коніку, сонца смаліла з вышыні. Возчык, пад'ехаўшы да княжычаў і Валасача, зняў з галавы сплеценую з чароту і сасновых карэньчыкаў круглую шапку, пакланіўся.

— А дзе Іван? — строга запытаў у яго Валасач.

— Іван загадаў перадаць, што хапае яму таўкоты і без цябе, — не міргнуўшы вокам, адказаў возчык, які аказаўся светлавалосым хлапчуком з вясёлымі вачамі.— Іван загадаў завезці цябе на Цёмную гару. Я дапамагу табе сесці.

вернуться

4

Сынавец — пляменнік.