Выбрать главу

— Вера як шчыт, — адказаў Астафій Канстанцінавіч. — Калі адчуваеш, што стары шчыт знасіўся, што ён у дзірках, заказвай бронніку новы.

Кунігасу спадабаліся такія словы. Ен падумаў, што, калі ўдасца адбіцца ад ворагаў, калі вернецца спакой у Літву, патрэбна будзе прыблізіць да сябе галавістага Разанца.

З вялікай урачыстасцю паехала пасольства з Варуты да лівонскага магістра Стырланда. Узначальваў яго Міндоўгаў любімчык Парнус, які ведаў нямецкую мову і латынь і ўжо не раз бываў у суседніх дзяржавах. З Парнусам ехаў Лінгевін. З дазволу кунігаса хацеў ён угаварыць магістра выдаць назад у Літву трох сваіх братоў, што ўцяклі ад яго, Лінгевіна, і ўсе землі і багацці надумалі завяшчаць Ордэну.

— Набытак нашага бацькі, усяго нашага роду яны хочуць аддаць немцам, — не знаходзіў сабе месца Лінгевін. — Не ўдасца ўгаварыць Стырланда — кожны з іх атрымае ад мяне нож у спіну.

Міндоўгу так і не ўдалося сабраць у Новагародку баярскую раду. Войшалк, ягоны союзнік Глеб Ваўкавыйскі, іерэй Анісім і большасць баяр не сабраліся ў назначаны дзень на дзядзінцы. Кунігас скрозь пальцы паглядзеў на такое непаслушэнства. Вядома, каб не падпірала вайна, каб не гарэлі па ўсім небасхіле пажары, ён бы на вяроўках іх прыцягнуў туды, куды яму хацелася. Але зараз ён адчуваў сваю слабасць і рашыў не дражніць праваслаўнае новагародскае баярства. Ускладзе яму на галаву папа каралеўскую карону, вось тады і будзе час для размоў з імі. Галоўным жа на сённяшні дзень заставалася прабіць дзірку ў варожай сцяне — вывесці з вайны Лівонскі ордэн. Ды гэта аказалася не так проста. Андрэй Стырланд пасольства прыняў, але даў зразумець Парнусу, што вельмі пажаданы візіт у Вендэн самога кунігаса і з больш багацейшымі дарамі. Як вымачаны ў халоднай вадзе шчанюк, вярнуўся ў Варуту Парнус, баяўся глядзець у вочы Міндоўгу. Ды той сустрэў яго ласкава, шчодра ўзнагародзіў, з нейкай загадкавасцю ў голасе сказаў:

— Хвалі лёд, калі па ім пройдзеш.

І, доўга не збіраючыся, паехаў сам, узяўшы з сабой Казлейку, Лінгевіна, малалетніх сыноў і Парнуса, загадаўшы нагрузіць поўны воз срэбных і залатых сасудаў. Следам гналі табун выгадаваных у пушчы хутканогіх коней, везлі мёд і воск, футры, новагародскія лукі і літоўскія мячы. Не шкадаваў багацця кунігас, бо ведаў: аддасі сёння — возьмеш заўтра.

Лівонскі магістр сустрэў гасцей надзвычай урачыста. Сцяной стаялі абапал дарогі рыцары ў багата прыбраных даспехах, віталі радаснымі крыкамі грознага Міндоўга. Яшчэ ўчора кожны з іх меў бы за шчасце прывалачы яго на вяроўцы ў Вендэн, і калі не атрымалася такое, то рыцары вінавацілі не сябе, не свой баявы спрыт, а літоўскіх лясных раган57, што ахоўваюць кунігаса.

— Брат мой, вось мы і сустрэліся, — усхвалявана сказаў Стырланд Міндоўгу і моцна яго абняў. Дугастыя жаўтлявыя бровы ў магістра ўздрыгвалі. Сам ён быў цёмны воласам, і гэта нечаканая жаўтлявасць у бровах навяла кунігаса на нядобрую думку. «Пэўна, знішчаючы нашы замкі і вёскі, бровы абпаліў», — падумаў Міндоўг. Успыхнула агіда і нянавісць да магістра. Але тое, што прывяло кунігаса ў Вендэн, перасіліла, і ён, шырока ўсміхаючыся, абняў і пацалаваў Стырланда.

— Пад ахову твайго крыжа хачу аддаць усю сваю дзяржаву, — узнёсла прамовіў Міндоўг.

— Святы крыж у руках гасподніх, а я, як і ўсе брацці-рыцары, толькі нікчэмны раб Хрыста, — сціпла адказаў магістр. У вачах быў радасны яркі бляск.

— З малалецтва жыў я там, дзе жывуць вецер і лес, — пранікнёна загаварыў кунігас. — Як і мой народ, жыў я пад аховай граманосных нябёс. Вера дзядоў-прадзедаў давала нам сілу.

— Паганская вера як бясплодная смакоўніца, — рэзка перарваў яго Стырланд.

Рэдка хто асмельваўся ставіць сваё слова поперак Міндоўгаваму слову. Кунігас нібы спатыкнуўся, нібы ўдарыўся нагой на поўнай хадзе аб цвёрды дубовы корань. Нейкі час ашаломлена глядзеў на магістра. З глыбіні чорна-зялёных вачэй выплывалі вострыя белыя зорачкі гневу. Здавалася, зараз Міндоўг крыкне лютым голасам, тупне нагой. Лівонскі магістр, светла ўсміхаючыся, стаяў насупраць.

— Так, яна бясплодная, — глуха сказаў кунігас. — І вось таму я прыйшоў да цябе і прашу, каб ты дазволіў мне зрабіцца тваім хрышчонікам.

Ен схіліў галаву.

— Хрыстос усё бачыць з нябёс — выгукнуў Стырланд, — і яшчэ ў гэтым жыцці ён шчодра ўзнагародзіць цябе, вялікі кароль. А зараз пойдзем у трапезную, каб разам пакаштаваць хлеба, што паслала неба, разам апусціць руку ў сольніцу.

Назаўтра на рысталішчы ў гонар кунігаса вендэнскія рыцары правялі турнір. Каб уразіць літоўцаў, біліся баявой зброяй да першай крыві. Рэзка звінела жалеза, храплі коні. Светлавалосы юнак-гарольд натхнёна трубіў у срэбны рог.

Міндоўг любіў добрую зброю, любіў хвацкае рукапашша і не адрываючыся назіраў за паядынкам. У асабліва гарачых момантах ён сціскаў кулакі, стукаў адзін аб адзін, кусаў губы. Нарэшце не вытрымаў, усхвалявана сказаў Стырланду:

— Хачу свайго байца выставіць.

— Як вялікі кароль пажадае, — пачціва ўсміхнуўся магістр і махнуў пальчаткай, каб рыцары спынілі коней і апусцілі мячы.

Міндоўг, узбуджана дыхаючы, азірнуўся наўкол. Праваруч ад яго сядзеў Казлейка, шчуплы і белатвары. Усе ўбачылі, як раптоўна чырвань пакрыла Казлейкавы шчокі, быццам нехта неасцярожна разліў віно. Міндоўг сярдзіта хмыкнуў, тыцнуў пальцам у грудзі Лінгевіну, што, не міргаючы, пазіраў на кунігаса:

— Ты!

Вернападданы Лінгевін адразу ж апрануў баявыя даспехі, узяў шчыт, кап'ё і сякеру, ускочыў на каня, што падвялі ордэнскія пахолкі58. Звонка затрубіў гарольдаў рог, і перапынены турнір усчаўся з новай сілай. Біліся групамі — тройка рыцараў на тройку. Міндоўг, ды і ўсе астатнія, глядзелі толькі на Лінгевіна. Як пакажа сябе гэты пушчанскі мядзведзь у сутычцы з праслаўленымі еўрапейскімі рыцарамі? Магістр Андрэй Стырланд, седзячы побач з кунігасам, суха ўсміхаўся. Ен быў упэўнены, што любы баец з Літвы і Самагіціі59 доўга не ўтрымаецца ў сядле, сустрэўшыся на рысталішчы лоб у лоб з лівонскім байцом. Літоўцы і жамойты перамагаюць таму, што нападаюць велізарнымі масамі і што апошнім часам у саюзе з імі выступаюць новагараджане, услонімцы і ваўкавыйсцы, вядомыя цвёрдасцю сваёй пяхоты і сваімі цудоўнымі лучнікамі.

— Андрых, я выб'ю літоўца з сядла, як курапатку! — падняўшы забрала, крыкнуў магістру ягоны любімчык граф Інгрыд. Нядаўна графа былі захапілі ў палон жамойты і добра-ткі падсмажылі на вогнішчы, пакуль ўдалося яго адбіць. Паміж сабою рыцары і асабліва ландскнехты завуць графа Інгрыда Печаная Шчака. Магістр весела ўсміхнуўся Інгрыду, перахрысціў яго.

Міндоўг бачыў перад сабой толькі Лінгевіна. Здавалася, уся Літва з Новагародкам, уся Яцвягія і Жамойць сабраліся зараз у чалавеку, імя якога было Лінгевін. «Стань тысячарукім і тысячавокім!» — крычала ўсё ў душы ў кунігаса.

Андрэй Стырланд вельмі тонка адчуваў хваляванне кунігаса. «Гэты чалавек народжаны так, што любіць ставіць на карту ўсё да апошняй ніткі,— думаў магістр. Яму ўспомнілася, як незадоўга перад гэтым днём прыязджалі Міндоўгавы паслы з надзвычай каштоўнымі дарункамі. Тады ж перадалі яны вусна просьбу кунігаса: «Калі заб'еш або выганіш з усіх вакольных земляў Таўцівіла, атрымаеш яшчэ больш».

Між тым Лінгевін біўся зусім няблага. Можна было падумаць, што гэта лівонскі рыцар — так умела закрываўся ён шчытом, так спрытна манеўраваў канём, то паслабляючы, то нацягваючы повад. Нарэшце, на здзіўленне ўсіх лівонцаў і ў першую чаргу магістра, граф Інгрыд атрымаў магутнейшы ўдар сякерай, захістаўся ў сядле і ўпаў на свежаўскапаны пясок рысталішча. «Бедны Інгрыд, — аж скалатнуўся магістр. — Гэты варвар, пэўна ж, раструшчыў яму галаву, як арэх». Усе гледачы як знямелі. Пахолкі хуценька выбеглі на арэну, за рукі і ногі панеслі Інгрыда. Печаная Шчака цяжка стагнаў.

— Лінгевін! — закрычаў, радасна залямантаваў Міндоўг, у адзін скок апынуўся перад сваім баярынам, ссадзіў яго з каня і прылюдна пачаў цалаваць.

вернуться

57

Рагана — чараўніца, ведзьма.

вернуться

58

Пахолак — слуга, ландскнехт.

вернуться

59

Самагіція — Жамойць.