Выбрать главу

— Як мне пабачыць князя Глеба Ваўкавыйскага? — спытаў ён у Анісіма.

— Для гэтага трэба паехаць у Ваўкавыйск, — адказаў іерэй. — Але цяпер ты не праедзеш, лацінянін, бо зноў з вайною ідзе на нас князь Даніла Галіцкі з братам Васількам і з сынамі Шварнам і Раманам.

— Мне здаецца, што я трапіў на зямлю бясконцых войнаў,— уздыхнуў Сіверт.

Ён загадаў Морыцу варыць заечыну з бобам. Трэба было цярпліва чакаць той дзень, калі князь Войшалк пакліча на дзядзінец. У тым, што яго паклічуць, дамініканец не сумняваўся. Над Новагародскай зямлёю навісла бяда, і Войшалк, хоча ці не хоча, абавязкова пойдзе на замірэнне з кунігасам Міндоўгам. Ен, Сіверт, пасланец Міндоўга, і таму горды праваслаўны князь Новагародка вымушаны будзе даць яму аўдыенцыю. Чакаючы гэты шчаслівы час, манах са смакам еў заечыну і назіраў спешныя рыхтаванні новагараджан да нялёгкай вайны. З сем'ямі і жывёлаю збягаліся ў горад смерды. Дзень і ноч умацоўваўся вал. Дзень і ноч гарэлі на пасадзе вялікія дымныя вогнішчы. Адтуль чуўся грукат жалеза, конскае ржанне.

— Бяжым адсюль, святы айцец, у Варуту, — калоцячыся ад страху, папрасіў аднойчы Морыц.

«Паслаў жа мне бог палахлівага слугу», — са скрухай падумаў Сіверт, а сам сказаў:

— Князь Даніла дагоніць нас і пад Варутай. Такое прадбачанне дабіла Морыца. Твар пабраўся чырвонымі плямамі, ніжняя губа агідна затраслася. Манаху чамусьці падалося, што зараз Морыц укусіць яго.

— Пайшоў прэч, — строга і злосна загадаў ен. Калі слуга знік, Сіверт сеў у крэсла, выцягнуў ногі

і заплюшчыў вочы. Як брудная вясновая вада, скочвалася з душы стома, каб даць месца блакітнаму, нагрэтаму сонцам, струменю. Дзве зоркі заззялі ў змроку, і былі тыя зоркі філосафамі-прапаведнікамі Альбертам Вялікім і Фамой Аквінскім. Бачыліся спічастыя вокны храмаў, чырвона-сіня-жоўтыя вітражы, гранітныя гарэльефы, лес востраканцовых веж. Бачыўся Ланскі сабор, у якім калісьці так шчыра і натхнёна, праз слёзы, маліўся ён яшчэ юнаком. На шаснаццаці вежах стаіць там шаснаццаць быкоў. Калі ўзводзілі пад неба сабор, калі ў будаўнікоў выцеклі з пякучым салёным потам апошнія сілы, паявіўся аднекуль цудоўны белы бык і дапамог дабудаваць святы будынак. Вось чаму яго сабрацці ўзнесены пад самыя воблакі.

Час у маладосці быў гусцейшы, цвярдзейшы, даводзілася прабівацца праз дні, як праз каменныя сцены. Час хапаў за рукі, звабліва шаптаў на самае вуха: «Паглядзі, якая прыгожая белая шыйка схавана пад змрокам капюшона, якія агністыя чорныя вочы палаюць у зяленіве вінаградніку, паслухай, як пяшчотна спявае тамбурын у смуглых руках. Маленне і пост выдумалі старыя, высушаныя жыццём жанчыны. Зірні на гэтых агідніц з тоўстымі нагамі і жыватамі, з ручаямі маршчын на азызлых чырвоных тварах, з мясістымі бародаўкамі на шчоках і губах. Як яны моляцца, з якой страсцю цалуюць крыж і глядзяць на неба! А некалі ж, чорнавалосыя і чарнавокія, тонкія, як сцяблінкі, з шаўковай пяшчотнай скураю, млелі яны ў абдымках маладых прыгожых рыцараў, пілі пацалункі і віно. Некалі з кветкамі ў пышных прычосках, лянівыя і п'янаватыя, раскошна ляжалі яны ў беламармуровых лазнях, а цемнаскурыя рабы-прыгажуны, сціпла апусціўшы гарачыя вочы, расціралі іх наймякчэйшымі ручнікамі, абпырсквалі духмянымі пахкімі сокамі, абвявалі апахаламі з яркіх птушыных пёраў. Але знясілела, разбурылася плоць, і адразу яны ўспомнілі пра душу, пра Хрыста і ягоную нябесную дзяржаву. Зараз яны аб'яўляюць святатацтвам, смяротным грэхам нават самы сціплы пацалунак. Хрысціянства — рэлігія старых брыдкіх жанчын, якія калісьці былі няўтрымнымі распусніцамі».

Вядома ж, у юначыя гады такое мог нашэптваць на вуха толькі спакуснік-д'ябал. Нездарма Фама Аквінскі ў сваёй тэалогіі адводзіў яму, вярхоўніку дэманскага каралеўства, асобае месца, бо д'ябал валодаў сілаю псаваць надвор'е, чыніць людзям усялякае зло, перашкаджаць тым, што жывуць у шлюбе, выконваць іхнія сямейныя абавязкі. Фама казаў, што памылкова і нават злачынна адмаўляць веру ва ўсёмагутнасць д'ябла. Вера ў д'ябла такая ж свяшчэнная, як і ўсё, чаму навучае каталіцкая царква. Тады, адганяючы прэч агіднае шаптанне, юны Сіверт да поўнай знямогі чытаў малітвы, стаяў на каленях і адбіваў паклоны, пакуль не з'яўлялася перад ім Багародзіца, нібы куст чырвоных ружаў у залатым паўзмроку.

Час у маладосці быў, вядома, гусцейшы. Цяперашні час, як спакойнае халоднае неба з дужа рэдкімі воблакамі. Хапае месца крылу, ляці куды хочаш, але крыло слабое, няўпэўненае, баішся далёкай цвёрдай зямлі, і толькі вера ў Хрыста трымае ў паветры.

Без дазволу ўбег Морыц. Выгукнуў спалохана і радасна:

— Святы айцец, цябе кліча на дзядзінец кароль Войшалк.

— Нарэшце, — рэзка, аж зашумела доўгая чорная сутана, узняўся Сіверт. Ен узяў у рукі святую кніжыцу, апусціў, як і належыць, вочы і нетаропка пайшоў у княжы церам.

— А што мне рабіць? — залямантаваў ззаду Морыц.

— Ідзі за мной, — не азіраючыся, сказаў манах. Войшалк спадабаўся Сіверту і адначасова напалохаў яго. Меў мудры дамініканец вока на людзей, дадзена яму было з першага позірку вызначаць, чым напоўнена душа чалавечая. Калісьці ў навальнічных летніх лясах, у густых ляшчынніках між мноства буйных падружоўленых гарачым сонцам арэхаў ён, яшчэ хлапчук, беспамылкова знаходзіў арэхі з прапалінкаю ад маланкі. Не возьме ў пальцы, а ўжо ведае: гэта гнілюк. І амаль не памыляўся. Людзей ён вымяраў прагаю ўлады, прагаю распусты і жорсткасці. Кожны рыцар, кожны мужчына, калі ён толькі не змярцвелы еўнух, нястомна дамагаецца плоцкай уцехі, жаночага кахання, а значыць, і ўлады, бо самы нікчэмны з мужчын пачувае сябе, абдымаючы паслухмяную каханку, уладаром. Рабства, як лічыў Сіверт, пачалося з таго самага часу, калі Ева, уздыхнуўшы, згадзілася аддацца Адаму.

Цвёрдасць адчуў і ўбачыў у новагародскім князю манах. Гэты, калі трэба, не збаіцца крыві. А напалохала тое, што не змог адразу ж, як прывык, ухапіць глыбінную сутнасць ягонай душы. Як бы з мноства сотаў, напоўненых і салодкім, і горкім мёдам, складалася яго душа.

Войшалк сядзеў на княскім троне — вялікім, аздобленым залатымі і срэбнымі пласцінамі, крэсле. На сцяне над ім з кавалачкаў смальты, з бліскучага дроту, з птушыных пёраў і звярыных шкур быў прыгожа выштукаваны кляйнот66 Новагародска-Літоўскай дзяржавы — збройны муж на белым кані ў чырвоным полі аголены меч над галавой уздымаў.

вернуться

66

Кляйнот — герб.