Выбрать главу

— Будзь сціплы, — перапыніў манаха Алехна. — Вока не бачыць само сябе.

— Але гэта і сапраўды так, бо Панкрат не мог хлусіць на парозе смерці. Толькі вось што дужа мяне здзіўляе, купец. Ты і твае аднамыснікі хацелі, каб у Новагародку пачаў княжыць Міндоўг. Прыйшоў у Новагародак Міндоўг, зараз на стальцы сядзіць сын яго Войшалк, а ты як гніў у падзямеллі пры Ізяславе, так і сёння гніеш.

— Не хлусіш, нямчын? — Алехна аж ускочыў на ногі.

— Клянуся Хрыстом, — пранікнёна пазіраючы яму ў вочы, прамовіў Сіверт.

З глухім стогнам браталюб рухнуў на падлогу.

— Міндоўг і Войшалк забыліся пра мяне! Яны ў Новагародку, а я — у падзямеллі!

У вялікім адчаі ён укусіў сябе за руку.

— А мы ж для іх узаралі першую баразну. Мы ўсё рабілі для таго, каб іхняе зерне ўзышло на новагародскай зямлі. І вось якая плата.

Алехна, угнуўшы галаву ў плечы, пачаў біць па каменнай сцяне кулакамі. Рукі разбіваліся ў кроў, а ён не адчуваў болю. Ледзь здолеў Сіверт утаймаваць браталюба. Часам дамініканцу здавалася, што той звар'яцеў.

— Не трэба было мне гаварыць табе пра такое, — гарачліва ўпікнуў сябе Сіверт, калі Алехна, стаміўшыся, лёг каля сцяны, нібы куль саломы. — Але ж я думаў, што ты ўсё ведаеш. Клянуся табе — як толькі выйду з цямніцы, выйдзеш і ты, бо князь Войшалк будзе ведаць аб усім. Сядзець жа мне тут два-тры дні, не болей. Астыне князь і адразу загадае выпусціць мяне. Пачынаецца вайна, і як Войшалк ні дзярэ нос, не абысціся яму без Міндоўга, а я Міндоўгаў пасол.

Усё адбылося так, як меркаваў манах. Праз дзень яго выпусцілі з падзямелля. Войшалк і Глеб Ваўкавыйскі, седзячы на войскіх конях, чакалі Сіверта каля ўвахода ў цямніцу. Калі ён выйшаў нарэшце на сонечнае святло і стаў, заплюшчыўшы вочы, новагародскі і ваўкавыйскі князі борзда саскочылі з шытых золатам чырвоных сёдлаў, падхапілі яго пад рукі. Гэта быў нечуваны гонар для простага манаха. Але спрактыкаваны ў жыццёвых бурах калугер67 выдатна разумеў, што не яго так прывячаюць-велічаюць гордыя князі. «Значыць, Даніла і Васілька Раманавічы недалёка ад Новагародка», — адразу падумаў ён і ўсклікнуў з найвялікшым хваляваннем:

— Шчасце будзе вам, князі! Толькі што бачыў я ў небе два сонцы і якраз над вашымі галовамі. Як німбы залатыя былі тыя сонцы. Ведайце — усміхнецца вам Хрыстос.

Войшалк і Далібор перазірнуліся між сабою. А Сіверт натхнёна блішчаў вачамі. Успомнілася яму, як цяжка і няпроста заваёўваў ён любоў імператара Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Суровы быў спачатку Фрыдрых, не дапускаў манаха не толькі да сваёй душы, але і да рукі сваёй. І вось, ідучы ў замак да свайго ўладара, Сіверт узяў двух легканогіх і дужа лютых хартоў. А якраз у полі мышкавала бесклапотная ліса.

Сіверт непрыкметна спусціў хартоў са шворкі, яны з усіх ног памчаліся за лісой, схапілі яе. Манах пабег за імі, вызваліў з іхніх зубоў і кіпцюроў лісу і ўрачыста панёс, жывую і непашкоджаную, да імператара. «Глядзі, уладар, які падарунак я табе падрыхтаваў», — ціхмяна і пакорліва сказаў Фрыдрыху. «Як жа ты змог яе злавіць?» — здзівіўся Фрыдрых, сам заўзяты паляўнічы. Сіверт схіліў галаву і, пакляўшыся здароўем свайго сеньёра, пачаў расказваць: «Я ехаў да цябе верхам на кані, убачыў гэту лісу і адразу падумаў, як цудоўна ўпрыгожыць яна твой паходны плашч. Ударыўшы каня шпорамі, я панёсся за ёй. Але дзе там! Яна ляцела як вецер, і мой конь пачаў адставаць. Тады я ўзняў рукі да неба і стаў заклінаць: «У імя ўладара майго імператара Фрыдрыха спыніся і не паварушыся!» І яна ў той жа міг застыла як укопаная. Я злез з каня, узваліў лісу на плячо, нібы авечку, і прынёс да цябе ў замак». З таго дня Сіверт зрабіўся ўлюбёнцам славутага імператара, сядзеў з ім за адным сталом, піў віно з аднаго посуду. Галоўнае ў малачасным зямным жыцці — заваяваць любоў моцных.

Вось і зараз манах, малітоўна склаўшы рукі, глядзеў паверх княжых галоў, і яму бачыліся два яркія сонцы. Можа, таму, што з цемры выйшаў, замільгацела, запярэсціла ўваччу, можа, страсна хацеў убачыць, але сонцы былі налітыя агнём і чырванню, іскрыстыя, звонкагарачыя.

— Хрыстос усміхнецца вам, — натхнёна паўтарыў Сіверт.

Яго ўрачыста павялі ў церам. На дзядзінцы і ў вакольным горадзе Новагародка збіраліся, між тым, гуртаваліся вялікія войскія сілы. Манах бачыў тысячы моцных плячыстых рыцараў, якіх тут называюць воямі. Яны былі ў вастраверхіх шлемах і бліскучых кальчугах, з чырвонымі шчытамі, з дзідамі, сякерамі і мячамі.

Увесь час падыходзілі новыя атрады з Ваўкавыйска, Здзітава, Услоніма, Вавярэска, з іншых блізкіх і далёкіх гарадоў і весяў.

— Піняне прыйшлі! — раптам узрадавана крыкнуў Войшалк. — Князі Фёдар, Дзямід і Юрый!

Ен, забыўшыся пра Сіверта, кінуўся да пінскіх князёў, кожнага абняў і пацалаваў. Далібор таксама пацалаваўся з пінянамі. Былі яны ўсе чорнавалосыя, з надзіва сінімі на загарэлых тварах вачамі. Старэйшы між іх Дзямід сказаў, разгладзіўшы тонкія чорныя вусы:

— Хацеў нас князь Даніла Галіцкі забраць пад сваю руку, але мы не даліся, павялі дружыны сюды, бо заўжды верныя Новагародку.

Быў Дзямід Пінскі драбнаваты з выгляду, з маленькімі рукамі і нагамі. Зламыснікі казалі, што нарадзіцца б яму дзяўчынаю, але ў той самы час, калі з'яўляўся ён на белы свет, закукарэкаў певень. Ды ў гэтага драбнюка былі нібы жалезныя пальцы. Хапаў ён на ловах дзіка за тлусты валасаты хіб і вырываў ладны шмат гарачага сала.

— Дзякуй, дзякуй вам, князі,— свяціўся радасцю Войшалк.

Сіверт зразумеў, што радасць у Міндоўгавага сына была шчырая. Не з Варуты прыйшла дапамога, не ад бацькі, якога Войшалк (усе ведалі гэта) не любіў, а з лясной і балоцістай Пінскай зямлі. Жыхары гэтай зямлі спрадвеку цягнуцца да дрыгавічоў і крывічоў Новагародка. Апошнім часам, калі пад татарскімі парокамі рухнулі сцены Кіева, ідзе нястомная барацьба паміж Галіцка-Валынскім княствам і Новагародска-Літоўскай дзяржавай за першынство ў землях, што ляжаць на захад і на поўнач ад стольнага Кіева. Кожны хоча прыбраць гэтыя парушаныя татарскай навалай землі, гэтыя асколкі магутнай Кіеўскай Русі да сваіх рук. Піняне і тураўцы аддаюць перавагу Новагародку і ўсё часцей, пераймаючы завядзёнку новагараджан, услонімцаў і ваўкавыйсцаў, называюць сябе літоўцамі або ліцвінамі, у адрозненне ад летувісаў, жыхароў Жамойты і Аўкштайты. «Ліцвіны — новы народ, — думаў манах. — Трэба запісаць гэта для памяці ў свой пергамен». Ен цвёрда рашыў, як толькі наступіць спакой, як толькі надарыцца вольная часіна, пісаць хроніку. Ды дзе той спакой?! Згодна «Вечнаму евангеллю» францысканца Джэрардзіна з Борга-Сан-Даніна ў той дзень, калі Хрысту будзе тысяча, і дзвесце, і шэсцьдзесят гадоў, наступіць усюды мярзотнасць запусцення. Ужо зараз бягуць хрысціяне ў лясы і пустыні або самазабіваюцца разам са сваімі дзецьмі.

— Вяртайся ў Варуту да вялікага кунігаса і перадай, што, адбіўшыся ад галічан, пойдзем на дапамогу, — сказаў Войшалк Сіверту. — А за цямніцу не крыўдуй.

— Там, у цямніцы, сядзіць чалавек, — прамовіў Сіверт, пільна пазіраючы ў вочы новагародскаму князю.

— Ну і што? Шмат на свеце цямніц і дужа шмат у іх вязняў, каб кожнага шкадаваць і пра кожнага помніць.

— Але чалавек, які сядзіць у тваёй, новагародскі кароль, цямніцы, на шыі побач з хрысціянскім крыжам носіць вось такое.

Манах паказаў Войшалку жалезны жолуд. Князі, новагародскі і ваўкавыйскі, з вялікай цікавасцю і ўзрушэннем разглядвалі жолуд, круцілі яго ў руках.

— Гэта — купец Алехна, — сказаў нарэшце Далібор.

— Ен яшчэ жывы? — спытаў Войшалк.

— Пэўна ж, яшчэ жывы, калі нямчын пра яго гаворыць.

— Купца Алехну толькі што я бачыў у цямніцы, — пацвердзіў Сіверт.

— Алехна, — задумліва круцячы ў пальцах жолуд, прамовіў Войшалк. — Гэта той самы, што больш за ўсіх хацеў мець новагародскім князем Міндоўга. Той, што не вельмі любіў мяне і цябе, князь Глеб. Так?

— Так, — адказаў Далібор.

— Хіба мы павінны любіць таго, хто не любіў нас? Няхай сядзіць купец у цямніцы. Я толькі загадаю, каб яго лепш кармілі і паілі. А жалезны жолуд аддадзім вернаму саюзніку Новагародка князю Дзяміду Пінскаму.

вернуться

67

Калугер — манах.