Выбрать главу

Побач з Курылам Валуном ехаў меднік Бачыла. Шчокі ў медніка былі ружовыя. Яго аж распірала ад ганарлівасці — гэта ж ён, а не хто іншы, знайшоў і прывёў у княжую дружыну славутага асілка. У паходзе меднік як бы апекаваў Курылу Валуна. Калі надараўся прывал, борзда скочваўся з каня, бег у бліжэйшы лес, валачыў адтуль сушняк і распальваў вогнішча.

— Ты, Валунок, сядзі. Я сам, — лагодна казаў ён, дастаючы з-за пазухі крэсіва і выбіваючы іскру.

Крэсіва ў медніка было важнецкае, з фігурнай бронзавай ручкай у выглядзе дзвюх кіпцюрастых драпежных птушак, якія клявалі чалавечую галаву.

— Сам зрабіў,— хваліўся кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму меднік.

Так і ехала гэта тройца: паперадзе маўклівы заклапочаны князь, ззаду Курыла Валун і Бачыла.

Вельмі розныя, непадобныя былі яны знешне, але той, каму б удалося хоць на міг пранікнуць у іхнія думкі, здзівіўся б, бо думалі яны пра адно і тое ж — пра жанчыну, вядома, кожны пра сваю. Бачыла ўспамінаў жонку, якая з дзецьмі засталася ў Новагародку. «Птушаняткі вы мае шэранькія», — звычайна казаў ён жонцы і дзецям. Далібор пакутліва думаў пра Рамуне. З таго самага часу, калі жаніўся ён на ваўкавыйскай князёўне, калі нарадзіла яна яму сына, не аднойчы спрабаваў Далібор забыць светлавалосую літоўку, дзікаватыя чорна-зялёныя вочы, гнуткую звабную паставу, ды нічога не атрымлівалася. Як прырасла яна да душы. Ен разумеў, што грэх яму, сямейніку, нават у думках трымаць чыстую, не аблагоджаную мужчынам дзяўчыну, але зноў і зноў трызнілася Рамуне. Нездарма гавораць людзі: «Каюся, ды за тое ж хапаюся». Курыла Валун, незварушна седзячы на кані, прыгадваў дужа прыгожую незнаёмку, якую напаткаў учора на дзядзінцы Новагародка. У яе былі вельмі сумныя вочы і заплаканы аж сіняваты твар. Поруч з ёю ішоў княжы дружыннік, таксама надзіва прыгожы, час ад часу нахіляўся да вузкага дзявочага пляча, нешта шаптаў, прыжмурваючы бліскучыя прагныя вочы, у маленькае ружовае ад халоднага ветру вушка. Курыла Валун, сам не разумеючы чаму, адразу ж неўзлюбіў дружынніка. Захацелася неяк зачапіць яго, паджучыць, раззлаваць, каб потым можна было ляснуць цераз увесь лоб жалезным кіем. Ды ўсмешлівы дружыннік нават не зірнуў на Курылу Валуна.

— Хто гэта? — спытаў, уколаты такой няўвагаю, Курыла ў захутанай ва ўсё чорнае бабулькі, адной з тых бабулек, якія ведаюць і помняць усё.

— Вель, княжы дружыннік, — прашамкала тая пустым сухім ротам. — А з ім залатарова дачка Лукера.

— А чаму Лукера такая невясёлая?

— Сам у яе спытай, — з нечаканай злосцю адказала старая, але адразу памякчэла, згледзеўшы разгубленасць і пакору на твары ў маладога асілка. — Брата яе ў княжай вязніцы71 трымаюць.

І, пэўна, знайшоўшы свежыя вушы, якія маглі цярпліва і бясконца слухаць, расказала Курылу Валуну пра залатара Івана, пра Алехну і браталюбаў, пра пакуты, што цярпелі і церпяць яны з-за нечай чорнай здрады. Курыла ўважліва лавіў кожнае слова. Як вогненныя зярняты, падалі словы ў душу і прарасталі вялікай шкадобай да прыгажуні-дзяўчыны, для якой лепшыя сокі лепшых пладоў горкія, бо ўжо не першы сонцаварот не бачыць у цямніцы сонца родны брат.

— Я дапамагу ёй! — узрушана выгукнуў Курыла Валун.

— У яе ўжо ёсць памагаты, — унікліва сказала старая, цыўкнуўшы вачамі на дружынніка Веля.

Успомніўшы гэтыя словы, Курыла Валун цяжка ўздыхнуў і крутнуўся ў сядле.

— Што з табою? — адразу ж запытаў Бачыла.

Ен ужо ўсіх і самога сябе прызвычаіў да думкі, што з'яўляецца апекуном маладога асілка. Варта было Курылу кашлянуць, ад'ехаць трохі ўбок ад княжай раці, як Бачыла, нібы трохвокі змей, быў побач, пільна пазіраў у твар. Такая залішняя клапатлівасць пачала раздражняць, і Курыла Валун суха адказаў:

— Са мной усё добра, катляр.

Ен наўмысна назваў Бачылу не меднікам, а катляром, хоць ведаў, што таму не падабаецца такі назоў. Не раз разгарачаны Бачыла тлумачыў усім жадаючым: «Я — меднік. І бацька мой, і дзед з прадзедам адвеку былі меднікі. Я не толькі катлы ўмею кляпаць, я магу самую дробную птушачку нябесную з медзі выкаваць».

Пачуўшы слова «катляр», Бачыла пакрыўджана адкапыліў губу і ўжо да самай Варуты ехаў моўчкі. Гэта каштавала яму вялікай крыві. Так ужо быў зачаты ён бацькам і мацеркай — хоць выкінь з рота язык, не мог доўга маўчаць.

Варута шумела, як устрывожаная борць. Кунігасы і баяры з Летувы, а таксама з Дзялтувы, Дайнавы, Нальшы збегліся разам са сваімі людзьмі пад ахову яе сцен. Кажухі і сярмягі запоўнілі ўвесь горад. Людзей было так шмат, што толькі кунігасы і самыя мнагаімныя баяры начавалі ў цёплых будовах. Астатнія клаліся спаць на вуліцы пад адкрытым небам. Вазы стаялі ўпрытык адзін да аднаго.

Міндоўг з вялікай радасцю сустрэў Далібора і ваяводу Хвала з дружынай. У знак асаблівай прыязнасці ваўкавыйскаму князю паслалі спаць у кунігасавым нумасе. Цьмяна гарэла свечка. Начныя мятлушкі бязладна мітусіліся над полымем. Далібор, падклаўшы рукі пад галаву, ляжаў на звярыных шкурах, а ў вачах быў пярэсты кругабег чалавечых твараў. Колькі людзей убачыў ён сёння! Зрушаныя з месца бядой, з усіх канцоў новай дзяржавы прыйшлі, прыехалі, прыбеглі яны ў Варуту, каб стаць пад Міндоўгаў сцяг. Можа, ужо заўтра ўдараць у катлы і ў сурмы, абвяшчаючы бой, і пальецца кроў на халодную зямлю. І ён, Далібор, і ягоныя дружыннікі, і Курыла Валун з меднікам Бачылам, і ваявода Хвал з новагараджанамі падставяць грудзі пад варожае смяротнае жалеза. У гэтае чалавечае мора ўліліся ўсе яны шырокай бурлівай ракой. «Хто ж мы? — узіраючыся ў густую цемру, думаў Далібор. — Новагараджане? Русіны? Русічы? Руснакі? Ліцвіны? Хто мы? Які назоў дадуць нам нашчадкі? Наша зямля не стойбішча здзічэлых вятроў і не прытулак восеньскіх нудотных хмар. Наша зямля — гарады і весі над Нёмнам, Ясельдай і Шчарай. Для чаго нарадзіліся мы і народзяцца нашы ўнукі? Сваёй жывой крывёй харчаваць іншыя народы ці, шануючы плуг і меч, жыць па прадзедаўскіх законах на прадзедаўскай зямлі?»

Такія думкі не ўпершыню прыходзілі да ваўкавыйскага князя. Усё часцей неадчэпна ўспамінаўся яму вяшчун Валасач, хітры і надзвычай разумны калека. Дзе ён зараз? Ляжыць чорным прысакам у зямлі або сядзіць, як і сядзеў, пад святым дубам? Даўно хочацца з'едзіць да яго, ды ніяк не выпадае ў гэтай штодзённай мітульзе. Пякуча ўрэзаліся ў памяць вешчуновы словы: «Памятай, што жыццё — пастаянная здрада. Вечар здраджвае раніцы, стары чалавек здраджвае самому сабе, таму, які калісьці быў маленькім». Жыццё — пастаянная здрада… Есць праўда ў гэтых словах, хоць спачатку і цяжка змірыцца з ёю. Але ці здрадзіў ён, Далібор, сваёй зямлі, калі разам з дружынай, разам з новагародскім і ваўкавыйскім баярствам падтрымаў варуцкага кунігаса Міндоўга, а потым аддаў веліка-княскі трон яму і ягонаму сыну Войшалку? Ці здрадзіў ён сваёй зямлі, калі змоўчаў, калі не крануў мяча, бачачы, як роднага бацьку выпраўляюць з Новагародка ўдзельным князем у глухую Свіслач? Ці здрадзіў ён сваёй зямлі, калі сам, хоць некаторыя і падбухторвалі, не ўсчаў крывавую грызню за новагародскі трон? Нялёгкія, балючыя думкі…

Важна тое, што сёння ён — ваўкавыйскі князь, правая рука князя Войшалка. Вельмі важна тое, што з Нёмна, прадзедаўскай ракі, не напіўся вады татарскі конь, абпырсканы крывёю растаптаных і пасечаных кіеўскіх вояў. Новагародак і Літва, моцна ўзяўшыся за рукі, спынілі дзікага каня. На Галіцка-Валынскай Русі па загаду напышлівых татарскіх баскакаў пачынаюць ужо сваімі рукамі бурыць у сваіх гарадах брамы і скопваць абарончыя валы. Валы ж Новагародка, Ваўкавыйска і іншых прынёманскіх гарадоў стаяць непарушна.

Не спалася. Далібор выйшаў з нумаса пад халоднае начное неба. Дзьмуў парывісты вецер. З густой цемры ляпіла махрыстым белым снегам. Варута, не зважаючы на глыбокую ноч, не патушыла вогнішчаў. Каля аднаго з іх ваўкавыйскі князь між іншых галасоў пачуў галасы сваіх людзей. Гэта былі Курыла Валун і Бачыла.

вернуться

71

Вязніца — турма, цямніца.