Выбрать главу

Адразу стала зразумелая Сіверту ўчарашняя перамова Казлейкі з Міндоўгам. Стала зразумелым і тое, што Казлейка не выпіў ні кроплі вады. Пэўна, у ваду ўсыпалі соннага зелля. Ен, Сіверт, выжлукціў увесь кубак і заснуў, а ў гэты час у камору прывялі ілжэ-Казлейку.

— Хачу бачыць Міндоўга! Паклічце вялікага кунігаса! — прарэзліва закрычаў Сіверт, адчуваючы, як залівае душу мярзотны халодны страх. А некалі ж ён казаў сваім вучням і ўсім, хто хацеў яго слухаць: «Трэба выгадаваць народ, які не баіцца смерці». І яшчэ ён казаў: «Мы на зямлі толькі госці. Лепш смутак, чым радасць, бо сэрца смуткуе і ў радасці». Усё гэта імгненна вылецела з памяці, бо за некалькі дзесяткаў крокаў ужо бачыліся сцірты дроў, дзе неўзабаве закіпяць, забушуюць іскрыстым гарачым полымем два вялікія вогнішчы — адно для ілжэ-Казлейкі, другое для яго, Сіверта.

— Паклічце сюды Міндоўга! — крычаў, умольваў манах, але ніхто яго не слухаў.

Радасныя варутчане гатовы былі танцаваць і спяваць, загадзя смакуючы тыя пакуты, якімі пакарае Пяркунас лютых ворагаў святога Зніча. Асабліва здзекаваліся над Казлейкам, над тым няшчасным, хто лічыўся Казлейкам.

— Табе ўкоціцца ў вуха гарачы вугольчык, — паказваючы яму языкі, смяяліся падшыванцы-малалеткі.

— Ты зашыпіш на агні, быццам рыбіна, — пагрозна сказала бяззубая старая. — Памятаеш, як плакаў пад рукамі тваіх катаў мой сын Пірагас?

Набліжаўся канец зямнога шляху. Іх паставілі каля ўкапаных у зямлю слупоў, прывязалі, па самы пояс пачалі старанна абкладваць дрывамі, шышкамі, мохам і сухой бяростай. Сіверт ужо змірыўся са смерцю.

— Падобна авечцы, што доўга па пустыні блукала і знайшла нарэшце сваю аўчарню, вяртаюся я, о непагаслы Хрыстосе, з грэшнай зямлі на тваё святое неба, — шаптаў манах.

Побач, за некалькі крокаў ад яго, нешта бубніў, біўся галавою аб слуп ілжэ-Казлейка.

— Язык ад страху адкусіў,— кпілі варутчане.

І тут Сіверт убачыў апошнюю сваю надзею на гэтым свеце — саксонскага графа Уда. Рудавалосая галава графа круглелася ў натоўпе між цёмнавалосых і белавалосых літоўскіх галоў, як сонца між хмар.

— Граф Уда! Хрысціяннейшы рыцар! — закрычаў манах. — На цябе — усё маё маленне! Вызвалі з д'ябальскіх рук! Папрасі кунігаса, каб дараваў мне маю неразумнасць! Як суайчынніка і як хрысціяніна імем чысцейшай дзевы Марыі заклінаю цябе!

Уда нешта крыкнуў у адказ, падняў руку ў пальчатцы. І ў гэты міг падпалілі сцірту дроў, якой быў абкладзены ілжэ-Казлейка. Бедалага завыў ад болю, затрашчалі ягоныя валасы. Гарачыня ад вогнішча была такая моцная, што пачало прыпякаць і Сіверту.

— Гэта — не Казлейка! — узвысіў голас манах. — Нявіннага губіце!

— Пачакай, зараз мы і цябе паказычам, — весела паабяцалі яму.

Дамініканец зразумеў, што яго лічаць за вар'ята, бо хто ж, апроч Казлейкі, ненавіснага ўсім, курчыцца на вогнішчы, а лацінянін крычыць, што гэта не Казлейка.

— Адпусці ім, божа, грахі іхнія, — прачула сказаў Сіверт, рыхтуючыся памерці.

Раптам непадалёку ад сябе ён убачыў Морыца. Той з жахам глядзеў на яго і плакаў. Гэта расчуліла манаха. Знайшлася ўсё-ткі ў паганскім вэрхале жывая душа, якая шчыра спачувае яму. Сіверт куточкамі сухіх вуснаў усміхнуўся свайму служку.

— Вялікі кунігас Міндоўг даруе жыццё лаціняніну! — калі ўжо ішлі да Сіверта з галавешкаю, раскаціўся над людскімі галовамі зычны голас Лінгевіна.

Амаль усе прысутныя сустрэлі такую навіну крыкамі абурэння і гневу.

«Няўжо я буду жыць?» — падумалася манаху, і ён страціў прытомнасць.

VI

Варута, як і ўся Новагародска-Літоўская зямля, адбілася ад нападу. У сваю чаргу Міндоўг, сабраўшы вялікую сілу, разам з Войшалкам і Даліборам, разам з Ізяславам Свіслацкім, які прызнаў нарэшце верхавенства кунігаса, уварваўся ў Жамойту і асадзіў галоўны горад свайго ворага Выканта Цвірамець. Але з наскоку ўзяць горад не ўдалося. Акрамя народнага апалчэння жамойтаў Цвірамець баранілі палавецкія і прускія атрады, якія былі падручнымі ў князя Данілы Галіцкага. Полаўцы, што некалі трымалі ў страху Русь і лічыліся ўладарамі паўднёвага стэпу, уцяклі, як суркі і дрофы, ад грознай татарскай конніцы, развеяліся па свеце. Частка пайшла на паклон да ўгорскага караля Бэлы, частка прыбегла да князя Данілы.

Сядміцу стаяла войска Літвы і Новагародка пад сценамі Цвірамеця. Некалькі разоў, то ўдзень, то ўначы, хадзілі на прыступ, але агонь, камяні і кіпецень ляцелі на галовы. Пад Міндоўгам забіла каня буйным амаль пудовым каменем-галышом. Самога ж кунігаса дзеўбанула ў левую руку палавецкая страла. Выпаліўшы ўсё наваколле, сагнаўшы ў гурты палонных і жывёлу, адступілі ад Цвірамеця, хоць кунігас у найвялікшым гневе скрыгатаў зубамі.

Пад Цвірамецем, як, зрэшты, і пад Варутаю, асабліва вызначыўся Курыла Валун. У час першай сечы, калі вываліліся з брамы Цвірамеця густыя натоўпы жамойтаў-пешцаў, Курыла адважна ўрэзаўся ў іх і адразу праламаў, прабіў дарогу ў чалавечай сцяне. Затрашчалі, пакаціліся ва ўсе бакі жамойцкія павескі72. Пешцы, ратуючыся ад Курылавага молата і каня, пачалі скакаць у роў. Шмат хто захлынуўся ў смярдзючай гнілой вадзе.

Меднік Бачыла стараўся быць усюды побач з маладым асілкам. Паступова ён зрабіўся як бы Курылавым збраяносцам, але нядобразычліўцы смяяліся, што ў час бою палахлівы меднік проста хаваецца за ягонымі шырокімі плячамі. «Прыляпіўся да Курылы, як муха да вала», — кпілі яны, ды ганарысты Бачыла пускаў міма вушэй такія кпіны.

— Вось і скончылася вайна, — сказаў Бачыла Курылу Валуну, калі новагародска-літоўскія раці адыходзілі ад Цвірамеця. — Што цяпер будзеш рабіць, Курыла? Ты ж хваліўся, што ў законнікі73 хочаш падацца.

— Хваліўся, ды перахваліўся, — весела прамовіў Курыла. — Есць у Новагародку адна дужа прыгожая залатарова дачка. Хачу на яе глянуць і нешта ёй шапнуць на вушка.

— А як дзеткі запішчаць, што будзеш рабіць? — не адставаў Бачыла.

— Пасаджу ў рэшата і панясу на торжышча прадаваць.

Жарты жартамі, а Курыла Валун, якому амаль кожную ноч пачала сніцца Лукера, цвёрда вырашыў адшукаць яе, спадабацца ёй і, вядома ж, добра накухталяць княскаму дружынніку, каб не валачыўся, як хвост, за дзяўчынай. Аб усім гэтым Курыла чыстасардэчна расказаў медніку.

— Прыліпнеш ты, братка, да бабы і згубіш усю сваю сілу, — уздыхнуў Бачыла. — Але гэта — збожная справа. Калі пачалі дзеўкі сніцца, трэба лавіць і мацаць гэтых дзевак. Я, праўда, як маладзёнам быў, не бегаў за сваёй будучай жонкаю. Яна сама за мной бегала.

— Ды ну? — навастрыў вушы Курыла.

— Бегала. І нават след мой выкапала.

— След? А навошта?

— Каб укахаць мяне ў сябе. Падпільнавала, як ішоў я па дарозе пасля дажджу, і выкапала мой след. А потым след гэты — у гаршчок і кветкі там пасадзіла. Шмат кветак было. І сінія, і ружовыя, і чырвоныя… Кожны дзянёк палівала кветкі нёманскай вадою, пра мяне думала і святыя малітвы тварыла.

— Ну, і ўкахаўся ты ў яе? — аж кончык языка прыкусіў ад цікаўнасці Курыла Валун.

— А як жа, — зноў уздыхнуў Бачыла, прычым уздыхнуў яшчэ глыбей. — Непаглядная, скажу я табе, была яна дзеўка. Такіх у мяне было — хоць ад Новагародка да Нёмна пад кожнаю хвойкай кладзі. Але чамусьці толькі яе пачаў бачыць… Гляну на луг або на рэчку ці на воблака, што над галавой плыве, і, вер не вер, адну яе бачу.

Курыла Валун, пачуўшы такое, весела, на ўсе шырокія грудзі засмяяўся. Разам з ім засмяяўся і Бачыла.

Ды нядоўгая была іхняя весялосць, бо князь Далібор з ваяводам Хвалам, не дазволіўшы дружыне перадыхнуць, павялі яе на Новагародак, а адтуль на Ваўкавыйск. Дзіўныя весткі прыносілі з Новагародка надзейныя людзі Далібору. Калі верыць ім, то кунігас Войшалк, пэўна ж, звар'яцеў — аддае Новагародскую зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману. У глыбіні душы Далібор разумеў, што гэта не вар'яцтва. Спачатку Войшалк аддаў за Шварна Данілавіча сваю сястру Рамуне, зараз хоча аддаць Раману Данілавічу ўвесь свой набытак. Аслабела дзяржава пасля крывавых войнаў, вось і трэба яе ратаваць, каб не вытапталі да апошняй травінкі татарскія коні. Так, калі знянацку налятае на чалавека ў глухім месцы воўк, чалавек, баронячы жыццё, усоўвае лютаму зверу ў разяўленую пашчу сваю руку. Галоўнае — захаваць душу. Першай рукою, як раздумваў Далібор, была Рамуне, другой — уся дзяржава. «Але навошта жыццё бязрукаму? Ні меч не ўзяць, ні лыжку», — няспынна клекатала злосць у Даліборавым сэрцы. Ен біў, падганяў каня, каб хутчэй глянуць у вочы Войшалку. На варуцкім капішчы Пяркунаса ў час апошняга спаткання з Рамуне Далібор, разлютаваўшыся, крычаў, што ненавідзіць Войшалка, хітрага святара, які хоча ўвапхнуць сабе ў кішэню Новагародак, Літву і Жамойць. Але ці ненавідзіць ён Войшалка? Пэўна ж, не, бо Войшалк, прысягнуўшы на вернасць Новагародскай зямлі, абраны яе князем, яшчэ ні разу не адступіў ад клятвы-роты. Прыйшоўшы на новагародскі сталец збоку, з іншага народу, ён, не ў прыклад многім мясцовым князям і баярам, дбаў не пра пагібель, а пра росквіт дзяржавы, не срэбрам вочы песціў, а старымі славянскімі пісьмёнамі, захоўваў, як уласную зрэнку, мову і звычаі крывіцка-дрыгавіцкай зямлі. «Ен не Жэрнас, — падганяючы каня, думаў Далібор. — Жэрнасы дзеля жалудоў з-пад святога дуба, дзеля бясконцай і тлустай жратвы прададуць усё, прададуць родную маці. А калі ад рукі ворага рухне на зямлю брат, жэрнасы, уволю набіўшы, напхаўшы чэрава, будуць нюхаць і нават лізаць ягоную цёплую кроў. Усё зло на свеце — ад жэрнасаў».

вернуться

72

Павеска — вялікі драўляны шчыт, абцягнуты скурай.

вернуться

73

Законнік — манах.