«Здаецца, я пачынаю разумець, — думаў Далібор, неадчэпна пазіраючы на Сіверта. — У Варуце ён ужо стаяў на вогнішчы, ужо развітаўся з белым светам, і раптам — яму вярнулі, як падарунак, жыццё. Ен не хацеў паміраць, заўсёды лічыў, што заслугоўвае доўгага жыцця і прыгожай ганаровай смерці, і вельмі-вельмі быў рады свайму нечаканаму выратаванню. Ен як бы нанова ступіў на гэту зямлю. І вось ён даведаўся, што тутэйшы святар, няхай сабе паганец, таксама павінен згарэць, але згарэць добраахвотна, па ўласнай волі. І яму захацелася глянуць у вочы гэтаму святару і абавязкова ўбачыць у іх страх, свой страх, які перажыў ён ў Варуце, стоячы на вогнішчы. Але страху ён не ўбачыў, і гэта вельмі бянтэжыць яго».
Далібор нібы падслухаў думкі Сіверта ці (быццам мелася акенца ў чалавечую душу) падгледзеў іх. Сапраўды, невыпадкова апынуўся манах на Цёмнай гары. Тыя некалькі сонцаваротаў, што пражыў ён між тубыльцаў, прымусілі дамініканца глянуць на гэты край новымі вачамі. Не дзікунства і не крываўства ўбачыў ён. Хоць, вядома, крыві хапала. Але старадаўнія храмы готаў і свеваў, як добра памятаў манах, называлі «дамамі крыві», бо ў іх прыносілі чалавечыя ахвяры. Так што літоўцы з русінамі пралівалі крыві не больш і не менш, чым вымагаў час, і былі божымі людзьмі падобна пілігрымам, якія пашыралі ў Прусіі і Лівоніі вертаград гасподні. Раней дамініканец лічыў тубыльцаў амаль за звяроў, бо не ведаў іх. Страла ж, аб якой ведаюць загадзя, не так раніць.
Яшчэ ў Ліёне Сіверт наслухаўся аб тым, што тутэйшыя людзі дужа распусныя, што савакупляцца з жанчынаю могуць яны ўсюды, нават у агні і ў мярзотным балоце, а калі не хапае жанчын, займаюцца скаталожніцтвам, балазе, коз і свіней у іхніх пушчах ніхто не злічыць. Ды толькі і гэтага не знайшоў дамініканец. Так, жанчыну яны не абыходзілі, але хто і дзе, апрача, вядома, еўнуха, абыходзіць яе? Плоцкія ўцехі былі тут, як ні дзіўна, чысцейшыя, чым у самім святым Рыме. Гэта ж не ў Новагародку і не ў Літве, а ў Рыме пры панціфікаце74 папы Грыгорыя Вялікага адкрыўся хрысціянскаму воку найвялікшы сорам і грэх, калі пачалі рамантаваць велізарны басейн галоўнага манастыра. Работнікі спусцілі ваду і анямелі — на дне вадаёма ляжала некалькі тысяч мёртвых дзіцянят, народжаных у свой час, вядома ж, не святым духам, а манахінямі-малітоўніцамі. Сапраўдныя падводныя могілкі задушаных маленькіх чалавечкаў!
Паназіраўшы за ахвярным самагубствам вешчуна, якое той зрабіў у імя сваёй зямлі, сваёй дзяржавы, Сіверт лішні раз пераканаўся ў надзвычайнай духоўнай цвёрдасці тутэйшага народу. І зноў жа — гэта не фанатыкі-флагеланты75. Калі манах ехаў у Прусію, яму давялося ў дарозе на свае вочы пабачыць флагелантаў. Яны ішлі, а дакладней, беглі велізарным натоўпам, жанчыны, мужчыны, дзеці, усе голыя, хоць была лютая халадэча, і няшчадна хвасталі самі сябе плёткамі. Яны самабічаваліся да таго часу, пакуль не вывальвалася з рук плётка. Скрываўленыя, раздзёртыя да касцей целы, шалёныя, нібы сляпыя, вочы… Жах! Але людзі любяць, калі ёсць няшчасныя побач з імі. Сёстры патаемна хочуць, каб хоць адна з іхніх сясцёр была непрыгожая, няўдалая, каб слязамі кожны дзень змочваўся ў яе твар. Вось чаму простанароддзе любіць флагелантаў, даруе вытаптаныя нівы і забруджаныя дарогі. Ды тут, на гэтай незразумелай зямлі, усё нібы становіцца ўверх нагамі. Флагелантаў тутэйшы народ ненавідзеў бы, кроў, якую яны праліваюць, назваў бы дарэмнай крывёю. Сіверт усё больш пачынаў разумець, што ніколі не ўдасца нікому мячом зваяваць Новагародак або Літву. Калі перапыніш, перасіліш у адным месцы, яны, як вада, пракладуць сабе новыя шляхі. Толькі саюзам, толькі добраахвотнай уніяй могуць злучыцца з Рымам гэтыя людзі. «Усё, што ў маіх сілах, зраблю я, каб так і адбылося», — думаў манах, пазіраючы, як вугалі на месцы зруба пакрываюцца налётам шэрага лёгкага, быццам пух, попелу.
Нарэшце позіркі Сіверта і Далібора сустрэліся. Дамініканец пакланіўся ваўкавыйскаму князю. На чорнай сутане сціпла блішчаў крыж.
— Гэта ж той нямчынскі поп, якога мы злавілі! — радасна ўскрыкнуў Бачыла, таксама прыкмеціўшы дамініканца. — Што ён тут вынюхвае?
— У святых айцоў не знайсці канцоў,— адказаў медніку Курыла Валун і зусім не на Сіверта глядзеў, а на Лукеру, што набліжалася да яго з купкаю дзяўчат.
— Дабрыдзень, красуня, — ласкава прамовіў асілак. Лукера здзіўлена ўскінула бровы, пазнала Валуна, хоць бачыла ўсяго другі раз, і пачырванела.
— Хочаш, пасаджу на сядло і давязу да Наваградка, — не адставаў Курыла Валун.
Ен быў упэўнены і вясёлы. Амаль усё сваё яшчэ нядоўгае жыццё правёў ён у выправах76, двубоях і залечванні атрыманых ранаў, бо хоць ворагаў лупцаваў хвацка, але і яму перападала. Купецкі сын, не меў Курыла ні бочкі зямлі77, ды ў марах сваіх сягаў у той дзень, калі за геройства і мужнасць вялікі князь зробіць яго шляхетным чалавекам.
— Сама дайду, — сагнаўшы з твару чырвань, рашуча адказала Лукера.
Яна адразу ўспомніла, дзе ўпершыню сустрэла прыгожага асілка, успомніла і тое, як ён закахана пазіраў на яе. Салодка абмерла сэрца, захацелася, каб гэты гаварун паклаў цяжкую, але пяшчотную руку на плячо ці нават (даруй божа!) падхапіў і пасадзіў у сядло. У яго такія сінія вочы! «Азёрныя», — падумала яна. Цяпер тутэйшы люд пайшоў больш цемнавокі або зусім чарнавокі. Ад чаго такое? Можа, чорны дым ад бясконцых пажараў у людскія вочы ўеўся ці полаўцы і татары прынеслі са стэпаў пякотную чарнату? Раней жа, кажуць старыя людзі, усё русінства было сінявокае і светлачубае. Ды тут Лукерын позірк спыніўся на тужлівым папялішчы, усім тым, што засталося ад зруба і ад Валасача. Аж дрыготка па целе пайшла. Ці час думаць пра ўцехі-любошчы, калі ад такога добрага чалавека толькі гарачы прысак застаўся? Але адразу ж яна ўспомніла вешчуновы словы: «Кахайцеся, дзеўкі».
Раптам Курыла Валун мякка абхапіў Лукерын стан і, не паспела яна войкнуць, пасадзіў, нібы пушынку, паперадзе сябе на каня.
— Пусці,— закрыла твар далонямі, папрасіла дзяўчына. Але голас быў радасны.
— Не пушчу. Табе белыя ножкі шанаваць трэба. Мацней трымайся за грыву.
І Курыла Валун ударыў каня.
— Куды ты?! — заверашчаў услед Бачыла. — Князь гневацца будзе!
Ды наравісты свавольнік, нават не зірнуўшы на разгубленага медніка, пад'ехаў да ваўкавыйскага князя, пакланіўся яму ў пояс, гучным голасам сказаў:
— Князь Глеб, дазволь адлучыцца. Спраўна служыў я табе і яшчэ служыць буду, але сёння ёсць у мяне адна задума.
Далібор у гэты час размаўляў з манахам Сівертам. Дамініканец падышоў сам, пачаў гаварыць пра мясцовых багоў і мясцовыя звычаі. Даводзілася толькі дзівіцца, як хутка нямчын навучыўся тутэйшай мове. І вось тут, як мядзведзь у чарот, уламаўся ў іхнюю гаворку Курыла Валун. Далібор сярдзіта хмыкнуў, пагрозна звёў бровы.
— Хто тут князь?
— Ты — князь, — яшчэ раз пакланіўся Курыла. — Але дазволь мне паехаць зараз у Новагародак. А праз ноч я ў Ваўкавыйску буду.
77
Бочка зямлі — участак зямлі, на засяванне якога патрэбна была бочка зерня. Бочка (вялікая) раўнялася 4 чвэрцям, або 8 асьмінам. Такім чынам, гэта ўчастак зямлі, для засявання якога неабходна выдаткаваць 150 кілаграмаў зерня.