Выбрать главу

Ізяслаў тройчы пляснуў у ладкі, і ў святліцу адразу ж увайшоў перапалоханы рудабароды чаляднік.

— Прынясі мапу7,— загадаў князь.

Чаляднік пакланіўся і як вокам міргнуць разам са сваім напарнікам прынёс у святліцу вялікую мапу, намаляваную яркімі фарбамі на шчыльнютка збітых белых дубовых дошках. Мапу паклалі на стол. Рэкі на ёй былі адзначаны бліскучым срэбным дротам, азёры і Варажскае мора выкладзены сінім шклом. Далібор з Някрасам уперылі прагныя позіркі на мапу, як галодныя на ежу. Рэдка, дужа рэдка паказваў каму-небудзь князь Ізяслаў Новагародскі сваю прыгажуню, змайстраваную купцамі і зал атарамі з вакольнага горада.

— Вось наш Новагародак! — захоплена ўсклікнуў Далібор. — А вось Нёман!

— Каб бог пажадаў зрабіць вас птушкамі, сыны мае, — паважна, усміхаючыся ў вусы, сказаў Ізяслаў,— і каб вы маглі ўзляцець над цвердзю зямною, з-пад воблакаў, зверху, вы б убачылі такое. Вось наша Новагародская зямля. Бачыце? Як круглы войскі шчыт, абпалены ў сечах, ляжыць яна між суседніх земляў і народаў. Вось Нальшанская зямля. Вось Дзятлава. А вось край жамойтаў — Каршува, Княтува…

Доўгім смуглым пальцам, на якім ззяў залаты пярсцёнак з густа-зялёным каменьчыкам-гарошынкай, ён паказаў сынам землі жамойтаў.

— А вось тут літва Міндоўгава сядзіць. Як клін, уразаецца яна між намі і Менскім княствам. Даўным-даўно, калі нашы прыснапамятныя прадзеды, крывічы з дрыгавічамі, прыйшлі сюды, каб закласці Новагародак, яны сустрэліся з літвою, пасуседзіліся з ёй, рассяліліся тут. Потым частка іх пайшла далей, на Рубон, які цяпер завецца Дзвіною, абцякаючы з усіх бакоў Літву. Так вясновая вада абцякае камень, абцякае востраў. Я сам не бачыў, але ваявода Хвал расказваў мне, што, калі ён з нашым пасольствам ездзіў да ўладзіміра-суздальскіх князёў, сустрэўся ім народ голядзь, што такім самым востравам ці клінам сядзіць на рацэ Паротве, якая ўпадае ў Маскву-раку. Голядзь і літва з аднаго кораня выраслі.

Князь Ізяслаў уважліва паглядзеў на сыноў. Яны слухалі не дыхаючы.

— А на захад сонца ад Новагародка ляжаць нашы гарады: Услонім, Ваўкавыйск, Здзітаў… Далей за імі ў пушчах жывуць яцвягі, за яцвягамі — прусы, шматлікі і ваяўнічы народ. Прускія землі, Памязанія, Вармія, Самбія раскінуліся да Варажскага мора і да Віслы. Шмат у іх сваіх багоў. А адным з самых магутных багоў яны лічаць лес. Яны кажуць: «Лес — гэта калыска народа».

— Добра кажуць, — не стрымаўся Далібор.

— Добра, — згадзіўся Ізяслаў.— А вось тут, на адным з рукавоў Віслы, які завецца Нагат, стаіць Марыенбург, горад святой дзевы Марыі, сталіца тэўтонскіх рыцараў.

Далібор з Някрасам нізка нахіліліся над мапаю, каб лепш разгледзець тую дзяржаву і той горад, пра якія апошнім часам столькі розных чутак даходзіла. Яны ўбачылі чырвоны кружок, што прыляпіўся да срэбнага дроціка ракі.

— Рыцары-тэўтоны нядаўна аб'ядналіся з мечаносцамі, якія сядзяць у Рызе і на землях эстаў і ліваў,— гаварыў Ізяслаў.— Пра мечаносцаў вы, вядома ж, чулі, і чулі не раз. У сечы з імі, як бясстрашны леў, загінуў князь полацкага роду Вячка.

— Хто не ведае Вячку! — адначасна ўсклікнулі княжычы.

— Вячку ўсе ведаюць, — згадзіўся Ізяслаў.— Такія людзі жывуць вечна, як багі. Вучыцеся ў яго, дзеці мае, вернасці і мужнасці. Будзеце такія, як ён, ніколі вораг не ўзыдзе на новагародскі дзядзінец, на нашы курганы, у якіх ляжаць косці прадзедаў. Але я вам яшчэ колькі слоў скажу пра рыцараў. У бітве каля Шаўляя амаль дашчэнту высеклі мечаносцаў войскі мясцовых тубыльцаў. Ад страху закалола рыцарам у пяты, і пабеглі яны прасіць рымскага папу, каб выратаваў іх, далучыўшы да Тэўтонскага ордэна. Папа выратаваў мечаносцаў, загадаў ім усюды і заўсёды насіць белыя плашчы з чорным крыжам. Ідуць гэтыя крыжаносцы вайною вялікай на прусаў, бо прусы, як і родзічы іхнія жамойты і літоўцы, паганцы. А зараз гляньце сюды. На поўдзень ад прусаў жывуць мазуры з ляхамі, пладавіты моцны народ. Вераць яны Хрысту, плацяць дзесяціну і святапетрык, срэбра з кожнай душы на ўтрыманне лампады, якая дзённа і ношчна гарыць у царкве святога Пятра ў Рыме. За Берасцейскай зямлёю месціцца дзяржава валынян і галічан, адзінаверцаў нашых. А яшчэ далей — угры, чэхі… Колькі размаітых народаў жыве побач з намі і далёка ад нас! Народ сінь8, які валодае стэпамі і горамі там, дзе ўзыходзіць сонца, кажа: «Няма большага няшчасця, чым няведанне меж сваёй краіны». Вось для гэтага я і загадаў прынесці мапу. Глядзіце, сыны, запамінайце.

Ен змоўк, пацёр лоб смуглымі пальцамі, рашуча хітануў галавой.

— У кожнага чалавека свой крыж. Мой крыж — Новагародак, зямля Новагародская. Славы і сілы хачу Новагародку. Хай чэрві завядуцца ў вачах у таго, хто хоча ўбачыць пагібель і няславу Новагародка, хто дзясніцу ўздыме на нашу дзедзіну. Даверымся ж ва ўсім богу, бо гасподзь наш вышэй галоў нашых і Зямля на водах і на нябёсах пакладзена яго промыслам.

Князь перахрысціўся. Разам з ім перахрысціліся сыны. З шыракагорлай рамейскай амфары, што стаяла ў куце святліцы, князь дастаў пажоўклы, скручаны ў трубку, пергамен, разгарнуў яго, знайшоўшы патрэбнае месца, сказаў Някрасу:

— Гэта пісанне мудраца Яфрэма Сірына. Чытай адсюль.

Някрас, злёгку пачырванеўшы, пачаў чытаць:

— Мінае дзень, следам за ім ідзе другі, і калі не гадаеш — смерць ужо стаіць над галавою тваёй. Дзе мудрацы, якія напісалі кнігі і пісаннямі сваімі напоўнілі свет? Дзе тыя, каторыя дзівілі свет сваім словам і тварамі, чаравалі сваімі думамі? Дзе тыя, каторыя пышыліся дарагімі шатамі, спачывалі на пурпуровых ложах? Дзе рукі, якія аздабляліся перламі? Дзе тыя, перад загадамі якіх трухлелі і якія панявольвалі зямлю страхам сваёй улады? Скажы зямлі, і яна пакажа табе, дзе яны: спытай магіл, і яны табе пакажуць, куды яны паложаны. Во ўсе яны разам ляжаць у зямлі, усе абярнуліся ў прысак, і не разрозніш, дзе астанкі багатага і дзе парахно ўбогага. Бачыў я, як прагная магіла пажырае і заўсёды не сыта: чым больш нябожчыкаў у яе ўходзіць, тым шырэй разяўляецца яе пашча. Незлічоныя тысячы ляжаць там і багатых, і бедных, незлічоныя соймы бачыў я ляжачых там. Ціха ляжаць яны ў дамоўках.

— Годзе, — сказаў Ізяслаў, і Някрас адразу ж замоўк. Далібор як скамянеў ад пачутага. Жахотнасць і холад былі на сэрцы. Колькі пакаленняў пайшло ў змрок, а ён, Далібор, які яшчэ ні добрай сечы не бачыў, ні жанчыны не аблагодзіў, хоча нечага дамагчыся, хоча нешта зразумець у зямным малачасным жыцці. Навошта бацька загадаў Някрасу чытаць гэтага Сірына? З непаразуменнем глядзеў княжыч на князя і бачыў суровы твар, строгія прыжмураныя вочы, якія, як яму зараз падумалася, амаль ніколі не ўсміхаюцца. Цёмныя няўсмешлівыя бацькавы вочы помняцца з самага зялёнага малалецтва. Нейкае бясконцае чаканне і нейкі одум у іх.

— Вось што такое жыццё, сыны, — прамовіў Ізяслаў.— А ты, Далібор, пачынай збірацца ў дарогу. Праз тры дні да Міндоўга едзеш.

Ноччу над Новагародкам пачало цяжка грымець у небе, а потым абложны лівень рынуўся на зямлю. Далібора пабудзіла маланка. Жоўтым трывожным святлом пырснула ў вузкае акно апачывальні. Далібор усхапіўся, працёр кулакамі вочы. Падалося, што нехта запаліў свечку ля самага твару. Глуха шумела за акном, за сцяной. Шыпела, захліпвалася, булькатала, аж екатала вада. Княжыч узняўся з ваўчыных шкур, на якіх любіў спаць, хоць маці строга забараняла, падышоў да акна, прыпаў ілбом да халоднага шкла. Дажджавыя бізуны шлёгалі па шкле. Чорная цемра, напоўненая жоўтым святлом маланкі, зеўрала за акном. Удары грому былі такія моцныя, такія ляскотныя, раскацістыя, аж звінела ўвушшу. Калі шырока ўсхоплівалася маланка, княжыч на кароткае імгненне паспяваў убачыць то аблітыя вадой, усклычаныя ветрам галіны бярозы, то крыты дорам дах малой грыдніцы, у якой жылі надворныя халопы, то бліскучыя камяні недабудаванай вежы. Усё гэта ярка, дужа выразна выступала з цемры, потым зноў знікала, быццам змывалася, сціралася чорнай рукой навальнічнай ночы. З вялікай аблёгкаю думаў Далібор аб тым, што княжы церам і ўсе пабудовы дзядзінца не можа ўзяць нябесны лятучы агонь, бо на вільчыках і на сценах, на дзвярах і на вокнах ахоўваюць людзей і іхняе багіно ад злыбяды грамнічныя знакі, кругі, перакрыжаваныя стрэламі. Як бы ні гневаліся Ілля-прарок і Пярун, але, убачыўшы гэтыя святыя знакі, адвядуць удар ад Новагародка, і агністы серп маланкі ўвап'ецца ў зямную цвердзь недзе ў пушчах і балотах. Княжыч хацеў быў ужо зноў І класціся спаць, як раптам у вока яму кінулася такое, ад чаго перахапіла дыханне. Узмахнула крыллямі маланка, асвяцілася чорнае як бы металёвае неба, і на двары дзядзінца Далібор, ледзь не крыкнуўшы ад здзіўлення, убачыў свайго бацьку, князя Ізяслава. Пад дзікаю навальніцаю бацька стаяў без шапкі, у незашпіленым карзне і трымаў за аброць каня, з якога злазіў нейкі незнаёмец у доўгім плашчы з капюшонам. Бацька нават падставіў плячо, і незнаёмец, пэўна, вельмі змучаны, здарожаны, абапёрся аб яго рукою, цяжка саскочыў з сядла ў гразь. Толькі гэта ўдалося разгледзець Далібору, бо ўсё праглынула чорная прорва віхурыстай дажджыстай ночы. Потым, калі зноў жыхнула маланка, нікога нідзе не было. Толькі тлуста блішчала гразь ды сцёбаў па лужынах шыпучы густы дождж. Але Далібор не мог памыліцца — некалькі імгненняў назад ён бачыў на начным двары свайго бацьку. Каго сустракаў бацька? Чаму сустрэча гэта адбылася ноччу, а не ўдзень? Гэта выпадковасць ці загадзя было дамоўлена, што незнаёмец прыедзе ў Новагародак пад покрывам ночы? Няўжо бацька, князь, род якога вядзецца з Глябовічаў і Рагвалодавічаў і якога некаторыя лісліўцы ўсё часцей пачынаюць велічаць вялікім князем, некага баіцца на сваім дзядзінцы, у сваім горадзе, так баіцца, што сустракае сваіх гасцей, хаваючыся, як начны таць? Далібор павольна адышоў ад акна, сеў на ложак, абшчаперыў галаву рукамі. Сум, нечаканы і востры, упіўся ў сэрца, хоць ты крычма крычы. Княжыч ведаў, што не засне ўжо да самага сонца.

вернуться

7

Мапа — геаграфічная карта.

вернуться

8

Сінь — кітайцы.