Выбрать главу

III

Раніцаю Далібор, успомніўшы запрашэнне вешчуна Валасача, вырашыў з'ездзіць да яго на Цёмную гару. Але перад гэтым агледзеў увесь двор, схадзіў на стайню, пакруціўся каля бацькавай святліцы, ды нідзе не было следу ні начнога незнаёмца, ні ягонага каня. Можна было падумаць, што Далібору прысніўся навальнічны, заліты маланкаю і дажджом, двор і бацька з таямнічым незнаёмцам. Княжыч пачаў асцярожна выпытваць у брата — можа, той, што ведае. Але Някрас шчыра здзівіўся: «Хіба ноччу навальніца была?»

Ускочыўшы на каня, Далібор у суправаджэнні надворнага халопа Найдзёна, які на коніку-карузліку пачціва трымаўся ззаду, выехаў праз браму з дзядзінца. Пасля начнога дажджу лясы і палі сохлі пад сонцам. Густой парай была заслана зямля. Дажджавыя чарвякі-рабакі выпаўзлі з норак на белы свет. У суседніх з Новагародкам весях Гарадзілаўцы, Чарэшлі, Рудзе, Суляцічах, радуючыся добраму сонцу, спорна працавалі смерды. Над Рудай тапырыліся ў неба слупы бруднажоўтага дыму. У ямах і ў гліняных домніцах там выплаўлялі руду. Чуўся ляскат малаткоў. Бэкалі авечкі. Брахалі сабакі. У драўляныя вёдры лілося духмянае цёплае малако. Жанчыны, павязаўшы галовы белымі хусткамі, неслі вёдры з малаком на каромыслах дадому. Разамлелыя ад спёкі каровы, зайшоўшы па вымя ў сакаўную траву, глядзелі ім услед. Сустрэўся хударлявы светлавалосы смерд з абвараным на сонцы белым тварам. Убачыўшы княжыча на кані, хуценька схаваўся за куст. Даўно абжытая чалавекам, багатая зямля была наўкол.

Уехалі ў лес, і згубілася ў зялёных вяршынях сонца. Дрэвы стаялі яшчэ мокрыя. Добра тут хвастаў начны дождж, шмат назбіваў лісця. Нават былі абламаны некаторыя танчэйшыя галіны. У ручаях, што шыліся праз траву і мох, плылі мёртвыя лясныя мышы.

Спусціліся на конях у сырую лагчыну. Лес тут перарваўся вялікім прагалам-палянаю. Леваруч ад сцежкі ўбачылі агромністы таўсматы дуб. Начны ветравал вывернуў яго з зямлі, паклаў набок. Шырокія лісты падсвечвала сонца. Дужа шмат жалудоў было на дубе, шмат іх было рассыпана ў траве. На бугорыстай, пасечанай сякерамі гадоў, кары пырхалі бліскучыя стракозы. Даўжэзныя карані, што яшчэ зусім нядаўна жылі пад зямлёю, бездапаможна тапырыліся ў неба, высушваліся сонцам і ветрам і ўвідавочкі бялелі.

— Як жа ты так? — спытаў у дуба халоп Найдзён, калі пад'ехалі да абрушанага дрэва. — Хіба можна было Ў гэтым месцы сяліцца? Тут жа балота, зямля мяккая. На сушняку трэба было караніцца, дубе. Слабая тут зямля, не ўтрымала цябе. Твае браты вунь дзе жывуць.

Ен паказаў на заліты сонцам узгорак, дзе стаяла светлая дуброва.

Далібор злез з каня, пагладзіў рукою дубовую кару. Упершыню ў сваім жыцці бачыў ён пераможаны дуб. Часта сустракаліся яму разбітыя, абсмаленыя маланкай, з разарванай карой-грудзінай, з чорнымі ямінамі дуплаў. Як шкілеты стаялі яны. Але стаялі! Гэты ж дуб ляжаў, як мёртвы чалавек. Страшна было бачыць ягонае бяссілле. «Слабая тут зямля, не ўтрымала цябе», — успомніліся княжычу словы халопа. Значыць, на моцнай зямлі трэба сяліцца. Толькі дзе яна, моцная зямля? Зноў прыгадаўся Далібору начны навальнічны двор дзядзінца, бацька, што, хаваючыся ад усіх, сустракаў незнаёмца. Ці на моцнай зямлі жывеш, бацька?

Нарэшце дабраліся да Цёмнай гары. На лясным лужку кінулі коней, спутаўшы іх, а самі па вузкай сцежцы пайшлі на сіні слуп дыму, які нерухома стаяў над шчэццю дрэў. Тут, як адразу прыкмеціў Далібор, было вельмі шмат яшчарак. Яны няспынна мільгалі ў траве, грэліся на камянях і каменьчыках. Іхнія маленькія бліскучыя вочкі-кропелькі як бы танцавалі нейкі танец.

На сухім схіле, трывала ўчапіўшыся каранямі ў зямлю, рос каржакаваты кучомісты дуб, абвешаны ручнікамі. Выявы сонца і маланак, невядомых звяроў і птушак былі вышыты на ручніках. У дубовую кару былі ўбіты дзіковыя і ваўчыныя іклы. Падножжа дуба апаясваў драўляны памост сажняў на дваццаць удоўж і ўшыркі, засыпаны лісцем. Якраз усярэдзіне памост праломваўся велізарным сіне-зялёным валуном. Побач з валуном з невялікіх камянёў быў выкладзены круглы, як чаша, падмурак для агню, на якім гарэў касцёр. Вяшчун Валасач сядзеў пад паветкай, што ляпілася да дубовага камля. Дробныя лясныя птушачкі мітусіліся каля яго. Вяшчун быў ва ўсім белым, з заплюшчанымі вачыма. Пачуўшы крокі, варухнуў вейкамі. Павольна, неахвотна адкрыліся вузкія, нібы прарэзаныя асакой, палоскі вачэй.

— Прыйшоў? — спытаў, ніколькі не здзівіўшыся, у Далібора.

— Прыйшоў,— сказаў княжыч. — Бедна ты жывеш.

— А навошта жыць багата? Думаеш, багаты і сыты шчаслівы? Бывае дзень, калі сытаму хочацца голаду. Але адашлі халопа. Не для яго вушэй наша з табой гаворка.

— Ідзі да коней, — загадаў Найдзёну княжыч.

— Не для сытасці жыве чалавек, а для любові,— прамовіў Валасач, калі халоп бясшумна знік. — Трэба сказаць сабе: «Я люблю няшчасных, люблю калекаў, люблю выкінутых у мора за борт карабля, непрыгожых і дужа прыгожых, слабых і дужа моцных».

— А які я? Слабы ці моцны? — перапыніў яго Далібор.

— Ты слабы, але будзеш моцны.

— Калі я буду моцны? — схапіў вешчуна за плячо Далібор.

Ды Валасач не спяшаўся з адказам. Кінуў у вогнішча сухую галінку, сказаў:

— За кожны жолуд з гэтага дуба мне жанкі з навакольных весяў курынае яйка даюць. Вантробы ахвярных жывёл я спальваю ў агні, а мяса ем. Тым і жыву.

— Не тое кажаш, — раззлаваўся Далібор, — навошта зваў мяне сюды?

Ад гневу ў яго пабеглі жаўлакі па шчоках. Чорныя вочы, здавалася, прабівалі вешчуна навылёт.

— Ну што ж, — урачыста ўзняўся Валасач са свайго сядалішча. — Чуй, святы зялёны дуб. Чуй, святы агонь. Чуй, неба. І чуй ты, княжыч Далібор. Наваградскі князь Ізяслаў Васількавіч не твой бацька, а ты не яго сын.

Сказаў ён гэта моцным голасам, рашуча, адчайна-смела, нібы паляцеў з гары. І зноў сеў, уталопіў вочы ў чырвоныя пялёсткі, што круціліся на чорных абгарэлых камянях. Далібор, аглушаны пачутым, таксама глядзеў на агонь. І чамусьці ўспаміналася яму, што нямчын, які мінулым летам прыязджаў з Рыгі, казаў, быццам у агні, у самым полымі, жывуць саламандры, жахлівыя чырванавокія стварэнні. Ні ў вадзе яны не могуць жыць, ні ў зямлі, ні ў зялёнай лістоце дрэў, а толькі ў агні. Вось і зараз пачварна крыўляецца, шчэрыць зубы з агню агідная саламандра. Вось яна паказала Далібору доўгі раздвоены язык. На тым языку ляжыць, перакочваецца гарачы іскрысты вугаль.